Аркадзь Жураўлёў не перастае здзіўляць: яшчэ не паспела «абветрыцца» друкарская фарба зборніка выбраных казак «Чароўныя словы» (дарэчы, намінаванай на Нацыянальную літаратурную прэмію Беларусі 2022 года), як зноў сюрпрыз ад аўтара.
У новы зборнік (першы «Апалонік для дырэктара» выйшаў у 2006 годзе) пад адной вокладкай пісьменнік сабраў свае лепшыя гумарыстычныя творы, што друкаваліся на старонках сатырычнага часопіса «Вожык», іншых выданняў Беларусі і Расіі. Многія творы «свежыя», напісаныя ў апошнія гады — камедыйныя ў адну дзею сцэнкі «Здзелка», дзе галоўнымі героямі выступаюць былыя калегі аўтара. Не менш сучасныя захапляльна-дынамічныя сцэнкі «Сюрпрыз», «Жыць на радасць», дзе галоўныя героі — хцівы кіраўнік прадпрыемства, руплівая жанчына-развядзёнка, што прыняла прымака-выпівоху, але дзякуючы сваёй жаночай кемлівасці перавыхавала небараку ў прыстойнага чалавека, і рыбак-паляўнічы, які цураўся хатняй гаспадаркі дзеля сваіх мужчынскіх забаў. Гэтыя творы, ды і многія іншыя могуць быць запатрабаваныя народнымі тэатрамі. У свой час багата прыемных водгукаў атрымліваў як часопіс «Вожык», так і аўтар сатырычнага «Роздуму пра жыццё», які ў перакладзе В. Гардзея зараз уключыў у свой зборнік. Цікавымі падаюцца апавяданні «Адзін забыўся, другі не панюхаў», «Пальчыкі абліжаш», «Юзік», «Палюбоўнік у заложніках» і іншыя. Павучальнай для некаторых сучасных мужчын будзе казка для дарослых «Як Заяц заляцаўся».
Творы, змешчаныя ў зборніку, прыемна здзіўляюць свежасцю, нечаканасцю, а часам і гарэзлівасцю аўтарскага погляду на наша паўсядзённае жыццё. І кожны твор — нагода для ўсмешкі.
Аркадзь Жураўлёў у каторы раз выступае ў ролі перакладчыка. На гэты раз вы зможаце пазнаёміцца з апавяданнем на беларускай мове рускага сатырыка М. Зошчанкі «Шчасце». У кнізе прадстаўлены таксама творы, якія ажылі на сцэнах народных тэатраў краіны.
Гумар Аркадзя Жураўлёва з асаблівым стылем, з алегарычным намёкам і загадкавым паўсмехам у падтэксце, з «гаранскім» (маецца на ўвазе родная вёска Гарані на Смаргоншчыне) каларытам, дзе заўжды былі і байкі, і жарты. Нездарма ў 1998 годзе рэдактар В. Болтач запрашаў аўтара ў штат часопіса «Вожык», — пісаў ва ўступным слове да кнігі заўчасна пакінуўшы гэты свет сябар аўтара, цудоўны паэт і гумарыст, кіраўнік секцыі сатыры і гумару ў Саюзе пісьменнікаў Мікола Шабовіч.
Анатолій Фядулаў.