01.08.2022 10:16

Доктар гістарычных навук прафесар Веньямін Космач: «Матэрыялы пра свае родныя Талуі я збіраў дваццаць пяць гадоў»

Нядаўна ў выдавецтве Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П.М. Машэрава выйшла кніга нашага земляка Веньяміна Космача «Талуі: гісторыя вёскі, яе жыхароў і наваколля».

Веньямін Космач з жонкай Наталляй, дачкой Нінай і ўнучкай Карынай. Веньямін Космач з жонкай Наталляй, дачкой Нінай і ўнучкай Карынай.

Гэта грунтоўнае, больш чым на 300 старонак выданне будзе карысным для ўсіх, хто цікавіцца гісторыяй роднага краю, Беларусі ў цэлым. Гісторыя і адметнасці Талуёў і навакольных вёсак, іх навучальных устаноў і храмаў, знакамітыя землякі і простыя вяскоўцы, трагічныя старонкі Першай сусветнай і Вялікай Айчыннай войнаў, уласныя ўспаміны, расповед пра прадстаўнікоў вялікага роду Космачаў-Васютаў – пра гэта і многае іншае расказваецца ў выданні.

Аўтар перадаў ужо сваю кнігу ў Маладзечанскую цэнтральную раённую бібліятэку імя Максіма Багдановіча, а таксама ў Маркаўскую сельскую бібліятэку.

Першае пісьмовае ўпамінанне – у 1616 годзе

— Матэрыялы пра Талуі, у якіх я нарадзіўся і вырас, пачаў збіраць гадоў дваццаць пяць таму. Гэта, можна сказаць, маё хобі, мая аддушына. У архівах Беларусі, Расіі, Польшчы, Літвы працаваў над доктарскай дысертацыяй, манаграфіямі і паралельна стараўся адшукаць новыя звесткі, факты, звязаныя з гісторыяй маёй малой радзімы, — адзначае Веньямін Аркадзьевіч. – Найкаштоўнейшай знаходкай стала для мяне знойдзенае ў бібліятэцы Варшаўскага ўніверсітэта рукапіснае апісанне сяла Маркава і яго наваколля пад назвай «Пабудова двара Маркаўскага», датаванае 1616 годам. Унікальнасць дакумента ў тым, што гэта першая пісьмовая крыніца, дзе названа «сяло Талуі», прыводзяцца імёны і прозвішчы яго жыхароў, указваюцца іх зямельныя ўладанні, павіннасці, якія яны плацілі дзяржаве.

Аўтар прыводзіць гэты дакумент у кнізе. Згодна з ім самым багатым у сяле быў Абрам Пятровіч, які меў больш за 22 гектары зямлі, за імі ішлі Клім Дзядковіч, Грышка Лукашэвіч. Сярод жыхароў большасць была сялян-«сераднякоў», якія валодалі 12-цю і больш гектарамі ворыўнай зямлі, беднякоў ці «гультаёў» было нямнога.

Веньямін Космач.

Цікава даведацца і аб тым, што жыхары павінны былі кожны год заплаціць павіннасць дзяржаве: 28 грошай і 5 пенёндзаў, дзве бочкі аўса, адзін воз сена, аднаго гусака, дзвюх курыц, 20 яек.

Як дзед Максім выратаваў вёску ад знішчэння

У кнізе сабраныя шматлікія звесткі пра род Космачаў-Васютаў, змешчаны здымкі сваякоў, суседзяў, аднавяскоўцаў. Прыводзіцца шмат шчымлівых гісторый, успамінаў, якія ажыўляюць, «ачалавечваюць» сур’ёзнае выданне, у чарговы раз даказваюць, што гісторыя – гэта найперш за ўсё людзі…

Адзін з трагічных выпадкаў, апісаны ў кнізе, звязаны з Вялікай Айчыннай вайной, калі ў іх партызанскую вёску з Маладзечна прыбыў нямецкі каральны атрад. Жыхароў сагналі ў гумно, паставілі кулямёты.

— Усіх выратаваў дзед Максім – Максім Раманавіч Космач, родны брат майго дзеда Сцяпана, які ў Першую сусветную вайну быў у палоне ў Германіі і крыху размаўляў па-нямецку. Ён змог пераканаць нямецкага афіцэра, што партызан у вёсцы і лесе паблізу няма, што яны мірныя жыхары. Афіцэр спытаў у дзеда, адкуль ён ведае нямецкую мову. І такое супадзенне: аказалася, што дзед Максім сядзеў у палоне ў той мясцовасці, адкуль родам гэты афіцэр. Ён паверыў дзеду, усе засталіся жывымі, — расказвае Веньямін Аркадзьевіч.

У адной сям’і два прафесары

Сваё выданне аўтар прысвяціў бацькам Ніне Рыгораўне (у дзявоцтве Васюта) і Аркадзію Сцяпанавічу Космачам, сціплым сельскім працаўнікам, якія першымі заўважылі здольнасці ў сваіх сыноў, дапамаглі ім атрымаць адукацыю.

Ніна Рыгораўна і Аркадзій Сцяпанавіч Космачы са старэйшым сынам Генам.

 Іх старэйшы сын Генадзій – доктар гістарычных навук прафесар, які стаяў ля вытокаў заснавання школы беларускай германістыкі. Ён аддаў гістарычнай навуцы 40 гадоў жыцця, працаваў загадчыкам кафедры новай і найноўшай гісторыі Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя М. Танка ў Мінску. На вялікі жаль, ён пайшоў з жыцця шэсць гадоў таму.

Генадзій Космач.

Веньямін Аркадзьевіч адзначае, што на іх з братам захапленне гісторыяй найперш паўплываў бацька, які, маючы чатырохкласную адукацыю, шмат чытаў гістарычнай мастацкай літаратуры, асабліва калі працаваў качагарам у Маркаўскай школе, куды яго на зімовы перыяд накіроўвалі з калгаса. Самастойна ён асвоіў прафесію кушняра, вырабляў скуры ўсяму наваколлю. Маці будучых прафесараў працавала паляводам, добра шыла. Прыемна, што ў сваёй кнізе аўтар поўнасцю прыводзіць матэрыял з нашай газеты за 7 сакавіка 2006 года, у якім Ніна Космач расказвае пра сыноў, дзеліцца сваімі поглядамі на выхаванне. Галоўны яе прынцып: не толькі даць сваім дзецям добрую адукацыю, але і выхаваць іх прыстойнымі людзьмі, навучыць цаніць працу. На жаль, Ніны Рыгораўны і Аркадзія Сцяпанавіча няма ўжо на гэтым свеце…

«Быць табе гісторыкам!»

Веньямін Космач прыгадвае ў кнізе свайго суседа дзеда Бурака, які першым разгледзеў у ім будучага гісторыка: «У нашым доме быў камплект з 30-40 каляровых паштовак з партрэтамі герояў Грамадзянскай вайны 1918-1922 гадоў, подпісамі і кароткімі біяграфічнымі звесткамі. Дзед Бурак падзываў мяне да сябе, паказваў паштоўку і пытаўся: «Хто гэта?». Я, будучы дашкольнікам, беспамылкова ўсіх называў. І тады дзед сказаў: «Ну, быць яму гісторыкам!» Не памыліўся».

Шчырыя словы ўдзячнасці адрасуе аўтар кнігі настаўнікам Маркаўскай сярэдняй школы: гісторыку ад бога франтавіку Леаніду Афанасьевічу Скачынскаму, дырэктару школы, таксама гісторыку і франтавіку Канстанціну Конанавічу Дораху, настаўніцы рускай мовы і літаратуры Веры Мікітаўне Дорах і многім іншым таленавітым педагогам, на якіх яму шанцавала і ва ўніверсітэце.

Веньямін Аркадзьевіч пераняў іх лепшыя традыцыі, шмат гадоў працаваў дэканам гістарычнага факультэта Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П.М. Машэрава. Цяпер ён прафесар кафедры псіхалогіі. Яго жонка Наталля Фёдараўна таксама гісторык, доўгі час працавала навуковым супрацоўнікам у Дзяржаўным архіве Віцебскай вобласці. Працягвае сямейную дынастыю гісторыкаў дачка Ніна Вялічка – кандыдат гістарычных навук дацэнт кафедры гісторыі і культурнай спадчыны Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П.М. Машэрава. У гэтай навучальнай установе працуе і сын Фёдар Космач, які закончыў біялагічны факультэт ВДУ імя П.М. Машэрава і Акадэмію кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь у Мінску. Радуе бабулю і дзядулю ўнучка Карына, якая вучыцца ў 4 класе.

Разам з сям’ёй Веньямін Аркадзьевіч прыязджае ў родныя Талуі, праводзіць тут водпуск, не страчвае сувязі з аднавяскоўцамі, пра многіх з якіх расказвае ў сваёй кнізе. Карэнных жыхароў тут засталося толькі двое: Іван Міхайлавіч Дурэйка і Ніна Уладзіміраўна Космач.

Завяршаецца выданне вершаванымі радкамі, якія аўтар прысвяціў шматвяковаму талуёўскаму вязу, помніку прыроды рэспубліканскага значэння. А кнігу нашага земляка з поўным правам можна назваць рукапісным помнікам роднай вёсцы і людзям, якія ў ёй жылі і жывуць сёння, захоўваюць бацькоўскую спадчыну і перадаюць яе сваім дзецям.

Анжаліка КРУПЯНЬКОВА.
Фота: архіў Веньяміна КОСМАЧА.

 

Прочитано 234 раз Последнее изменение 01.08.2022 10:16
Анжаліка Крупянькова

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.