21.07.2022 11:08

Кампазітар Леанід Захлеўны: «Песню пішу за 15 хвілін. Яна вылятае з маёй душы, нібы птушка»

-- Песня не павінна вымучвацца! – перакананы народны артыст Беларусі, аўтар дзясяткаў хітоў, музычны кіраўнік ансамбля «Бяседа» Леанід Захлеўны, які сёлета адзначыў сваё 75-годдзе.

Леанід Захлеўны і вядучая праекта «Асоба эпохі» Таццяна Якушава. Леанід Захлеўны і вядучая праекта «Асоба эпохі» Таццяна Якушава.

Творчая сустрэча з ім адбылася ў рамках праекта «Асоба эпохі» ў час нядаўняга XXI Нацыянальнага фестывалю беларускай песні і паэзіі «Маладзечна-2022». Вяла мерапрыемства Таццяна Якушава, загадчыца аддзела музычных праграм Белтэлерадыёкампаніі.

Ад першага фестывалю да дваццаць першага

Песні Леаніда Захлеўнага гучалі абсалютна на ўсіх нашых фестывалях пачынаючы з 1993 года. Кампазітар – адзін з тых, хто стаяў ля іх вытокаў, быў пастаянным удзельнікам музычна-паэтычнага форуму.

-- Вялікае шчасце быць прыналежным да такога маштабнага фестывалю, адчуваць, што твае песні патрэбныя людзям! Гэта дае новы імпульс творчасці. Я для сябе стаўлю такую планку: па песнях кампазітара, па яго музыцы павінны пазнаваць, на якой зямлі, у якой краіне ён жыве, -- разважае Леанід Канстанцінавіч, многія з твораў якога сталі настолькі любімымі і папулярнымі, што іх лічаць народнымі.

Менавіта ў Маладзечне ён атрымаў прэмію за песню «Ля Чырвонага касцёла», напісаную на словы Леаніда Пранчака. Яе выконваў Валерый Дайнека. Акрамя таго, тут адбылася прэм’ера песні «Все цветы июля», напісанай у садружнасці з паэтам Алегам Жукавым. Пазней яна стала неафіцыйным гімнам «Славянскага базару».

Кожны дзень па гадзіне іграў на баяне

Прыхільнікам творчасці кампазітара цікава было даведацца аб яго першых кроках да музыкі. Нарадзіўся будучы кампазітар у Гродне. Ён успамінаў, што ў дзяцінстве слухаў па чорным рэпрадуктары выступленні Клаўдзіі Шульжэнка, Марыі Мардасавай і «падыгрываў» ім на… падушцы, уяўляючы, што гэта баян. Гэта не засталося незаўважаным яго бацькам, баяністам-самавучкам, які і адвёў сына ў музычную школу.

-- Тата марыў, каб я навучыўся іграць яго любімую ўкраінскую песню «Взял бы я бондуру». І я навучыўся! Калі прыходзілі госці, я іграў папуры папулярных песень 1950-х гадоў, і тата мной ганарыўся! – з настальгіяй прыгадваў Леанід Канстанцінавіч.

Заняткі музыкай даваліся няпроста, хлопчыку хацелася гуляць у футбол з равеснікамі, а не развучваць новыя п’есы. Аднак бацька быў непахісны: заводзіў будзільнік і строга слядзіў, каб Лёня кожны дзень гадзіну іграў на баяне.

-- Тады гэта здавалася прынукай, а цяпер я разумею, што гэта быў лёс, -- гаворыць кампазітар.

«Натхненне да лянівых не прыходзіць»

У музычным вучылішчы, кансерваторыі яму шанцавала на выдатных выкладчыкаў. Сярод іх называе вядомых кампазітараў Анатолія Багатырова, Яўгенія Глебава, Эту Тырманд, якая дала параду паступаць у кансерваторыю на кампазіцыю, а не на клас баяна.

-- Памятаю, тэлефаную маме, пытаюся, што рабіць, а яна: «Сынок, вырашай сам, Бог табе дапаможа». Кампазіцыя – складаная навука, якая патрабуе вялікай працы, любові да музыкі. Не сказаць, каб я закончыў кансерваторыю бліскуча, аднак па спецыяльнасці ў мяне была «пяцёрка»… У сваёй творчасці ніколі не імкнуўся да славы, ніколі не пісаў песні з жаданнем заўтра прачнуцца знакамітым. Я шмат працую і не чакаю натхнення. Згодзен з Чайкоўскім, які некалі сказаў: «Натхненне да лянівых не прыходзіць».

Яшчэ студэнтам кансерваторыі Леанід Захлеўны напісаў песні, якія выконвалі Віктар Вуячыч, Яраслаў Еўдакімаў. Пазней у творчай скарбонцы кампазітара з’явіліся камерная, харавая музыка, рамансы, апрацоўкі народных песень, якім ён даў другое жыццё. Шмат твораў напісаў для кінафільмаў, самыя вядомыя з якіх «Государственная граница», «Светлячок и росинка», «Песня пра зубра», «Прыгоды Несцеркі».

Шмат маладзечанцаў прыйшло на сустрэчу з кампазітарам.

Ваенныя песні – вяршыня творчасці

Асобная старонка творчасці кампазітара – цыкл ваенных песень «Памяць». Некаторыя з іх ён напісаў ў 25 гадоў. Як сам сказаў, кожны год да Дня Перамогі, ён складае новы твор пра вайну. Вось і нядаўна адбылася прэм’ера пад назвай «Салдаты Перамогі».

Асабліва чуллівай атрымалася песня «Міласэрнасць» на словы Міхаіла Ясеня. Яна прысвечана сястры міласэрнасці Соф’і Кунцэвіч, якая зусім юнай пайшла на фронт, выратавала дзясяткі салдат, сама была паранена і марыла дажыць да 18-годдзя. Лёс быў літасцівы, Соф’я Адамаўна жыла ў Мінску ў раёне плошчы Перамогі. На жаль, яе ўжо гадоў дзесяць няма з намі, а песня пра яе жыве і кожны раз выклікае слёзы на вачах слухачоў...

«Бяседа» збірае аншлагі

31 год таму Леанід Захлеўны стварыў ансамбль «Бяседа», без якога цяжка ўявіць нашу беларускую эстраду. У калектыве змянілася некалькі пакаленняў, але яго песні па-ранейшаму надзвычай папулярныя. Хаця б такі факт: па 5-8 разоў на год «Бяседа» дае канцэрты ў самых прэстыжных сталічных залах, і штораз поўны аншлаг.

На сцэне салісты ансамбля «Бяседа» Таццяна Лазоўская, Валянцін Кірыленка, акампаніятар Мікалай Алешка.

З вялікім задавальненнем удзельнікі мерапрыемства слухалі выступленне салістаў ансамбля Таццяны Лазоўскай, Валянціна Кірыленкі, якім акампаніраваў баяніст Мікалай Алешка. І трэба было бачыць, з якой цеплынёй слухаў іх маэстра, якой радасцю свяціліся яго вочы. «Люблю сваіх артыстаў і ганаруся імі!» -- гаварыў ён.

Леаніду Захлеўнаму падзякавала за цікавую сустрэчу ініцыятар праекта «Асоба эпохі» дырэктар гарадскога Палаца культуры Святлана Сарока.
-- У чым сакрэт вашага творчага даўгалецця? – на заканчэнне пацікавілася ў маэстра Таццяна Якушава.

-- Трэба шмат працаваць, пастаянна развіваць талент і майстэрства. І не проста любіць музыку, але хварэць ёю, быць заражаным музычнай хваробай!

Анжаліка КРУПЯНЬКОВА.
Фота: Аляксей ПЛАТКО.

Прочитано 332 раз
Анжаліка Крупянькова

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.