15.07.2022 16:07

Маладзечанцы на «Славянскім базары»

Калектывы гарадскога Палаца культуры, супрацоўнікі цэнтральнай раённай бібліятэкі імя Максіма Багдановіча прадстаўляюць Маладзечанскі раён і Мінскую вобласць на XXXI Міжнародным фестывалі мастацтваў «Славянскі базар» у Віцебску.

Народны вакальны ансамбль «Менестрэлі» ў чацвёрты раз прымае ўдзел у «Славянскім базары». Народны вакальны ансамбль «Менестрэлі» ў чацвёрты раз прымае ўдзел у «Славянскім базары».

— Мы на «Славянку» едзем ужо ў чацвёрты раз, — расказаў мастацкі кіраўнік народнага вакальнага ансамбля «Менестрэлі» Аляксандр Важнік. — Будзем выступаць на адной з галоўных фестывальных сцэн – у канцэртнай зале «Віцебск» разам з Дзяржаўным казацкім ансамблем песні і танца «Стаўраполле». З гэтым калектывам мы пасябравалі на фестывалі патрыятычнай песні «Салдацкі канверт» у Стаўрапалі. А ідэя сумеснага канцэрта ўзнікла пры садзейнічанні Мінскай аб’яднанай казацкай акругі. Акрамя таго, наш калектыў дасць сольныя канцэрты на адкрытай пляцоўцы Мінскай вобласці, а таксама на пляцоўцы Саюзнай дзяржавы «Пушкінскай».

Аляксандр Мікалаевіч расказвае, што ў складзе «Менестрэляў» у Віцебску будуць выступаць Павел Данілаў, Юлія Маеўская, Юлія Абрамовіч, Вольга Жыгуліч. Разам з імі на сцэну выйдзе і нядаўна створаны ў Палацы культуры харэаграфічны ансамбль «Раздоліца» пад кіраўніцтвам Яўгенія Завадскага. Высокае майстэрства вакалістаў, яркія, сугучныя з песеннымі кампазіцыямі танцавальныя нумары – без сумненняў, выступленні маладзечанцаў стануць сапраўдным падарункам гледачам.

Акрамя таго, супрацоўнікі гарадскога Палаца культуры Павел Данілаў і Ганна Шыцік у павільёне Мінскай вобласці будуць прадстаўляць выстаўку, прысвечаную Нацыянальнаму фестывалю беларускай песні і паэзіі, які з 1993 года праходзіць у Маладзечне. Ён, як і «Славянскі базар», з’яўляецца адной з самых значных падзей у культурным жыцці Беларусі.

Упершыню прымае ўдзел у «Славянскім базары» цэнтральная раённая бібліятэка імя Максіма Багдановіча. Як расказала яе дырэктар Марыя Стасяловіч, разам з калегамі Наталляй Меднікавай, Святланай Янушкевіч, Уладзімірам Галаевым яны прадстаўляюць выстаўку «Шляхам Купалы», прысвечаную 140-годдзю з дня нараджэння народнага паэта Беларусі. Ідэя выстаўкі арыгінальная: гэта інсталяцыя дома Янкі Купалы з сімвалічнай калыскай, іншымі прадметамі быту беларусаў канца XIX стагоддзя. Безумоўна, многія наведвальнікі павільёна Мінскай вобласці захочуць сфатаграфавацца ў такім антуражы, а супрацоўнікі бібліятэкі раскажуць ім аб жыцці і творчасці Янкі Купалы на Маладзечаншчыне.

Пажадаем нашым землякам плённых выступленняў, яркіх уражанняў, цікавых сустрэч на фестывальных пляцоўках!

Анжаліка КРУПЯНЬКОВА.
Фота: Аляксей ПЛАТКО.

Прочитано 415 раз
Анжаліка Крупянькова

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.