09.07.2022 12:56

І зноў збірае Вязынка сяброў

Сёння ў Купалаўскім мемарыяльным запаведніку «Вязынка» праходзіць рэспубліканскае свята паэзіі, песні і народных рамёстваў «З адною думкаю аб шчасці Беларусі…». Яго ладзіць Дзяржаўны літаратурны музей Янкі Купалы сумесна з Саюзам пісьменнікаў Беларусі, Мінскім аблвыканкамам, Маладзечанскім райвыканкамам.


Сёлета свята асаблівае: мы адзначаем 140-годдзе з дня нараджэння Песняра.


Беларускія літаратары, члены Саюза пісьменнікаў Беларусі ўсклалі кветкі да помніка Янку Купалу, пакланіліся яго сімвалічнай калысцы ў філіяле-музеі.


З прывітальным словам да ўдзельнікаў урачыстасці звярнуліся першы намеснік міністра культуры Рэспублікі Беларусь Валерый Грамада, член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Каліна Капуцкая, першы намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення культуры  Мінскага аблвыканкама Таццяна Хмель.



У час святочнай урачыстасці на асноўнай пляцоўцы вядомыя беларускія паэты чыталі свае вершы, прысвечаныя Янку Купалу, Вязынцы, роднай Беларусі. Музычныя творы на мілагучныя Купалаўскія радкі выконвалі вядомыя артысты, калектывы. Сярод іх Беларускі дзяржаўны ансамбль «Песняры», фальклорная група «Купалінка», мастацкія калектывы Маладзечанскага раёна.


Разгорнуты вялікія кірмашы – кніжны і рамёстваў. Кожны мае магчымасць набыць навінкі літаратуры, нават узяць аўтограф у аўтараў. Самабытныя сувеніры прывезлі майстры народнай творчасці. Гандлёвыя рады прапануюць розныя прысмакі.



Многія прыехалі на свята сем’ямі, прывезлі дзяцей, каб у Год гістарычнай памяці далучыцца да ўшанавання спадчыны першага народнага паэта Беларусі Янкі Купалы.



Анжаліка КРУПЯНЬКОВА.
Фота: Аляксей ПЛАТКО.

Прочитано 496 раз Последнее изменение 09.07.2022 12:56
Анжаліка Крупянькова

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.