29.06.2022 16:18

Якім дзядулем быў Пятро Бітэль?

19 чэрвеня споўнілася 110 гадоў з дня нараджэння вядомага беларускага паэта, перакладчыка, члена Саюза пісьменнікаў Беларусі, настаўніка і святара Пятра Бітэля. Ён жыў на Валожыншчыне, аднак апошнія паўтара года правёў у нашым горадзе, разам з жонкай Нінай Пятроўнай пераехаў бліжэй да малодшай дачкі Алы. Мы сустрэліся з унучкай Пятра Іванавіча Тамарай Бярэзінай, якая таксама пайшла па дзедавых слядах, усё жыццё працавала настаўніцай, на пенсіі занялася творчасцю, выдала дзве кнігі. Тамара Іванаўна расказала, якім быў яе дзед у сямейным жыцці, што любіў, чаму навучыў сваіх дзяцей, унукаў і праўнукаў.

1984 год. Тамара Бярэзіна з сынам Аляксеем, бабуляй Нінай Пятроўнай і дзядулем Пятром Іванавічам Бітэлямі. 1984 год. Тамара Бярэзіна з сынам Аляксеем, бабуляй Нінай Пятроўнай і дзядулем Пятром Іванавічам Бітэлямі.

«Вішнева – кавалачак майго дзяцінства»

Так гаворыць Тамара Іванаўна пра вёску, дзе жылі яе дзядуля з бабуляй па мацярынскай лініі. Праўда, перад тым як там асесці ў пачатку 1960-х, ім давялося пакалясіць па розных вёсках і гарадах, у якіх Пятру Іванавічу ўдавалася знайсці работу. Па адукацыі ён настаўнік, аднак у цяжкія часы ганенняў вывучыўся на святара, служыў у розных прыходах, у тым ліку ў Петрыкаве. Мая субяседніца ў трохгадовым узросце разам з бацькамі прыязджала да дзеда з бабуляй у гэты райцэнтр на Гомельшчыне.

— Але калі ўспамінаць ранняе дзяцінства, то перад вачыма найперш стаіць вёска Люташ, дзе пасля вяртання з Расіі жылі бацькі Пятра Іванавіча. Родны дом быў прыстанішчам яму ва ўсе цяжкія часы, сюды яны вярталіся з жонкай і дзецьмі, калі не было дзе прытуліцца, — гаворыць мая субяседніца.

Тамара Іванаўна расказвае, што ажаніўся Пятро з Нінай у жніўні 1930 года, ім абодвум было па 18 гадоў. Вучыліся ў адным класе Вішнеўскай школы. Іх старэйшая дачка Лія нарадзілася праз год, Ала (бацькі звалі яе Аляй) на чатыры гады маладзейшая, сын Андрэй пасляваенны, з 1946-га.

У Вішневе ім спачатку выдзелілі адзін пакой у старым панскім доме, прыстасаваным пад настаўніцкі інтэрнат. Пазней яны купілі хату па вуліцы Крэўскай.

— Для мяне кожны прыезд у Вішнева быў святам! – прыгадвае Тамара Іванаўна. — Бабуля Ніна была выдатнай гаспадыняй, умела з простых прадуктаў прыгатаваць нешта незвычайнае, напрыклад, запяканку з чэрствага батона з разынкамі, карыцай і апельсінавай цэдрай. У іх доме заўсёды ўсе разам садзіліся абедаць, карысталіся не толькі відэльцам, але і нажом… Бабуля выдатна шыла, вязала, валодала тэхнікай рышэлье (вывучылася гэтаму ў мясцовай майстрыхі яшчэ пры Польшчы). Яна мела добры густ, прыгожа апраналася. Была хатняй гаспадыняй, надзейным дзедавым тылам, брала на сябе большасць гаспадарчых спраў. І тым самым давала яму магчымасць працаваць над творамі. Яна разумела, наколькі для яго гэта важна, радавалася, калі сталі выходзіць яго кнігі, калі ў 73-гадовым узросце яго прынялі ў Саюз пісьменнікаў. Нават цяжка ўявіць, колькі давялося перажыць бабулі, калі ў 1950-м дзеда арыштавалі за тое, што працаваў настаўнікам у час нямецкай акупацыі, і без суда, рашэннем «особого совещания» пакаралі дзесяцігадовым зняволеннем. Адбываў яго ў Кемераўскай вобласці на будаўніцтве чыгункі, у ліпені 1956 года выйшаў на волю, пазней быў рэабілітаваны. Але ўсё роўна не змог уладкавацца на работу па спецыяльнасці, стаў святаром. Цяжка хварэла ў падлеткавым узросце іх старэйшая дачка, у 8 гадоў абварыўся кіпнем, ледзь выжыў сын. Гора, нястачы, хвароб было вельмі шмат. Аднак яны ніколі не скардзіліся, былі вельмі моцнымі духам і заўсёды глядзелі ў адным кірунку. Пражылі разам 62 гады! Маглі паспрачацца з-за нейкай бытавой дробязі, аднак я ні разу не чула, каб яны абразілі адзін аднаго дрэнным словам.

Жнівень 1930 года. Пятро Бітэль і Ніна Стасяловіч узялі шлюб, а праз некалькі дзён сфатаграфаваліся.

Вучыўся ўвесь свой век

— З усіх дзедавых паэм найбольш мяне кранае «Баруны», прысвечаная яго вучобе ў Барунскай настаўніцкай семінарыі, — гаворыць унучка.

Акрамя таго, Пятро Іванавіч закончыў Віленскую настаўніцкую семінарыю. А ў 54 гады паступіў на завочнае аддзяленне факультэта беларускай мовы і літаратуры педінстытута імя М. Горкага і адначасова на Дзяржаўныя цэнтральныя курсы нямецкай мовы ў Маскве, атрымаў адразу два дыпломы. Ён быў інтэлектуалам, ведаў шмат моў, але гаварыў, пісаў пісьмы заўсёды толькі пабеларуску. Тамара Іванаўна паказала яго пісьмо з арміі, датаванае 1945 годам, да малодшай дачкі, 10-гадовай Алінкі. Колькі ў ім бацькоўскай любові і цяпла, колькі радасці ад таго, што атрымаў ліст ад дачушкі!

Унучка расказвае, што Пётр Іванавіч па характары быў спакойным, цярплівым, нават калі ўспыхваў іншы раз, хутка астываў. А яшчэ ён быў крыштальна сумленным, ніколі не спазняўся на сустрэчы, заўсёды выконваў свае абяцанні.

1939 год. Пятро Іванавіч і Ніна Пятроўна з дочкамі Ліяй і Алай.

Іграў для ўнучкі на скрыпцы

— Я ведала, што дзед валодае гэтым інструментам, і неяк папрасіла, каб сыграў што-небудзь. Ён не стаў аднеквацца, адклаў свае справы, дастаў з футляра скрыпку, сыграў прыгожую мелодыю. Я зачаравана слухала… Гэты момант урэзаўся ў памяць, — прыгадвае Тамара Іванаўна. — А потым даведалася, што дзед іграў на скрыпцы нават на ўроках. На вечарыне ў Вішневе, прысвечанай яго 95-годдзю, адна з вучаніц прыгадала, як цікава ён праводзіў урокі нямецкай мовы. На адным з іх вучылі верш Генрыха Гейнэ «Ларылей». Ён прачытаў вучням гэты твор на нямецкай мове, затым свой пераклад па-беларуску. Сыграў на скрыпцы мелодыю, паказаў свае малюнкі па матывах гэтага твора. «Той урок я запомніла на ўсё жыццё!», — гаварыла былая вучаніца.

«І ў мяне ёсць дзедавы гены»

Бацькі Тамары Іванаўны працавалі настаўнікамі ў гарадскіх школах №1, №2. Маці выкладала рускую мову і літаратуру, бацька – матэматыку.

— Не раз чула, як мама прасіла ў дзеда парады, абмяркоўвала з ім педагагічныя праблемы. Ён для яе быў вялікім аўтарытэтам, як і для ўсіх нас. І ў мяне ёсць дзедавы гены, і мне перадалося яго захапленне родным словам, творчасцю, — гаворыць мая субяседніца.

Успамінае, што калі прыязджалі ў Вішнева, Пятро Іванавіч чытаў ім свае новыя творы. Часта ў гасцінны дом Бітэляў прыходзілі, прыязджалі пісьменнікі, мастакі, краязнаўцы, святары. Сярод іх Уладзіслаў Чарняўскі, Міхась Казлоўскі, Віктар Шніп, Язэп Янушкевіч, Валянціна Гіруць-Русакевіч. Перапісваўся, сустракаўся з пісьменнікамі Максімам Танкам, Уладзімірам Караткевічам, Сяргеем Грахоўскім, Янкам Брылём, філолагам Фёдарам Янкоўскім. У Маладзечне падтрымліваў стасункі з Генадзем Каханоўскім, Міколам Ермаловічам.

Працаваў да апошніх дзён, хаця здароўе было слабым, перанёс тры інфаркты, а чацвёрты стаў для яго смяротным. Не стала пісьменніка на 80-м годзе жыцця, жонка перажыла яго на дзесяць гадоў. У Пятра Іванавіча і Ніны Пятроўны чацвёра ўнукаў, сямёра праўнукаў. Усе яны ганарацца сваімі продкамі, шануюць памяць аб іх. Тамара Іванаўна сабрала змястоўны альбом з успамінамі пра дзеда і бабулю, з сямейнымі фотаздымкамі, пісьмамі, паштоўкамі, вершамі. Ад кожнага радка, напісанага рукой Пятра Іванавіча, вее бясконцай любоўю да іх – дзяцей, унукаў, праўнукаў. І гэту любоў яны адчуваюць, колькі б год ні мінула.

Анжаліка КРУПЯНЬКОВА.
Фота: архіў Тамары БЯРЭЗІНАЙ.

 

Прочитано 310 раз
Анжаліка Крупянькова

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.