28.06.2022 14:39

Свой QR-код беларусы прыдумалі яшчэ ў старажытнасці. Ён на арнаментах ручнікоў

У Мінскім абласным краязнаўчым музеі да канца жніўня праходзіць выстаўка беларускіх ручнікоў «Вечнае – адвечнае».

Таццяна Беразавец і яе калегі прапануюць наведвальнікам выстаўкі пераплесці рознакаляровыя стужкі, каб лепш зразумець прынцып работы ткацкага станка. Таццяна Беразавец і яе калегі прапануюць наведвальнікам выстаўкі пераплесці рознакаляровыя стужкі, каб лепш зразумець прынцып работы ткацкага станка.

Не толькі палюбавацца паўсотняй унікальных экзэмпляраў, сабраных з розных раёнаў сталічнай вобласці, але і паўдзельнічаць у тэматычных конкурсах, майстар-класах прапануюць супрацоўнікі музея сваім наведвальнікам. У дні работы школьных аздараўленчых лагераў сюды штодня прыходзіла па некалькі груп дзяцей. Вось і мой візіт у музей супаў з экскурсіяй для навучэнцаў пачатковых класаў гімназіі-каледжа мастацтваў, якія прыйшлі сюды разам з педагогам Аксанай Сідарэнка.

-- Дзяўчынкі, колькі вам гадоў? Дзесяць? У старажытнасці менавіта з такога ўзросту вашы равесніцы пачыналі пераймаць ад матуль і бабуль сакрэты рукадзелля – прасці ніткі з кудзелі, ткаць палатно, вышываць, вязаць карункі, -- распачала экскурсію навуковы супрацоўнік музея Таццяна Беразавец. – У мінулыя стагоддзі дзяўчаты рана выходзілі замуж -- у гадоў 16-18. Да гэтага яны павінны былі нарыхтаваць цэлы куфар пасагу: ручнікоў, абрусаў, адзення, посцілак, шмат чаго іншага. Рукадзелле было не хобі, як цяпер, а жыццёвай неабходнасцю.

Таццяна Аляксандраўна звярнула ўвагу на мадэль ткацкага станка, паказала, як ён працуе. А каб дзеці лепш зразумелі прынцып яго работы, прапанавала самім паспрабаваць пераплесці рознакаляровыя стужкі, прымацаваныя да драўлянай асновы. З не меншай цікавасцю пачаткоўцы разглядалі драўляныя прыстасаванні -- валёк і рубель, якімі нашы продкі прасавалі палатно, адзенне. Дарэчы, скруткі саматканага палатна таксама прадстаўлены на экспазіцыі. Даведаліся дзеці і аб тым, якія бываюць ручнікі. На адно толькі вяселле іх трэба было выткаць і вышыць некалькі дзясяткаў. Без іх не абыходзіліся і народзіны, хрэсьбіны, пахаванне. Самымі прыгожымі, з багатай вышыўкай і мудрагелістымі карункамі ручнікамі-набожнікамі ўпрыгожвалі іконы. Рытуальныя ручнікі-абыдзённікі аберагалі беларусаў у часы ваеннага ліхалецця, эпідэмій, ад маланкі. Перад тым як выгнаць кароў на пашу, ткалі ручнік-абыдзённік на шырыню вясковай вуліцы. Праз яго праганялі кароў, каб тыя не хварэлі, давалі шмат малака.

Не менш цікава было даведацца пра арнаменты на ручніках, кожны з якіх утрымлівае свой шыфр, ці, як цяпер кажуць, QR-код. Спецыяльна да выстаўкі супрацоўнікі музея стварылі банер з асноўнымі арнаментамі паводле кнігі Міхаіла Кацера «Беларускі арнамент». Найчасцей у ручніках сустракаюцца сімвалы сонца, ураджаю, мужчынскага і жаночага пачатку. Дзеці адшуквалі іх на выстаўленых экзэмплярах. Параўноўвалі экспанаты з розных рэгіёнаў Міншчыны: стрыманыя, у шэра-серабрыстай гаме, з незвычайнай прыгажосці карункамі, яркія, палаючыя чырванню, упрыгожаныя мудрагелістымі арнаментамі з ружамі, галубамі, васількамі, бракараўскія, вышытыя па схемах, што прадаваліся разам з мылам фірмы «Бракар і кампанія»…

Паслухаўшы змястоўную экскурсію, хлопчыкі і дзяўчынкі з задавальненнем адгадвалі на хуткасць правільныя назвы сімвалаў. А на памяць пра мерапрыемства кожны з іх панёс дамоў папяровую закладку з арнаментам, зробленую ў час майстар-класа.

У кожнага дзіцяці засталіся закладкі з арнаментам, зробленыя сваімі рукамі.

Анжаліка КРУПЯНЬКОВА.
Фота: АЎТАР, архіў МІНСКАГА АБЛАСНОГА КРАЯЗНАЎЧАГА МУЗЕЯ.

Прочитано 239 раз
Анжаліка Крупянькова

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.