Па традыцыі ў час адкрыцця фестывалю адбылася цырымонія ўзнагароджання лаўрэатаў Нацыянальнага конкурсу маладых выканаўцаў беларускай эстраднай песні. Уладальніцай Гран-пры і спецыяльнага прыза імя Уладзіміра Мулявіна – хрустальнай гітары — стала 24-гадовая прадстаўніца Магілёўскай вобласці Ганна Рыбакова. Прыемна, што гледачы змаглі пачуць, як спявае пераможца: на мінулых фестывалях такой магчымасці не было.
У інтэрв’ю СМІ Ганна расказала, што ўзышла на конкурсны алімп з другой спробы, у мінулым годзе яна таксама прыязджала ў Маладзечна, аднак не заняла ніякага месца. Ганна працуе педагогам-арганізатарам у адной са школ Магілёва, бярэ прыватныя ўрокі па вакале і марыць звязаць сваю будучыню са сцэнай, спадзяецца, што перамога ў Маладзечне ёй дапаможа.