14.06.2022 12:30

«У вянок песнярам: вехі ўдзячнай памяці»

Пад такой назвай Маладзечанская цэнтральная раённая бібліятэка імя Максіма Багдановіча падрыхтавала кнігу, прысвечаную 140-годдзю Янкі Купалы і Якуба Коласа. Адметна, што гэта выданне мясцовай друкарні «Перамога» ўбачыла свет за некалькі дзён да XXI Нацыянальнага фестывалю беларускай песні і паэзіі «Маладзечна-2022», многія мерапрыемствы якога праходзяць пад эгідай юбілею нашых песняроў.

1962 год. Пісьменнікі Максім Танк, Іван Шамякін (у першым радзе), а таксама Алесь Бачыла, Анатоль Вялюгін, Янка Брыль, Вячаслаў Чамярыцкі, Мікола Ермаловіч з удзельнікамі святочнай імпрэзы, прысвечанай 80-годдзю з дня нараджэння Янкі Купалы ў Маладзечанскай бібліятэцы. 1962 год. Пісьменнікі Максім Танк, Іван Шамякін (у першым радзе), а таксама Алесь Бачыла, Анатоль Вялюгін, Янка Брыль, Вячаслаў Чамярыцкі, Мікола Ермаловіч з удзельнікамі святочнай імпрэзы, прысвечанай 80-годдзю з дня нараджэння Янкі Купалы ў Маладзечанскай бібліятэцы.

— Калі дырэктар бібліятэкі Марыя Стасяловіч прапанавала падрыхтаваць кнігу, самым складаным было распрацаваць яе канцэпцыю. Хацелася, каб яна была эксклюзіўнай, не паўтарала мінулыя выданні, што выходзілі да юбілеяў паэтаў, — падзяліўся з «МГ» яе ўкладальнік, аўтар тэксту пісьменнік і бібліяфіл Міхась Казлоўскі. — Я прапанаваў, і калегі мяне падтрымалі, сабраць пад адной вокладкай артэфакты, звязаныя з жыццём і творчасцю Купалы і Коласа, якія маюць непасрэдныя адносіны да нашага раёна.

У першай частцы кнігі пад назвай «Мы зложым песню, зложым сказ…» рарытэтныя фота, запрашальныя білеты нагадваюць пра купалаўскія і коласаўскія юбілейныя ўрачыстасці на Маладзечаншчыне. Адкрывае яго рэдкі здымак уласнай калекцыі Міхася Казлоўскага, датаваны 1945 годам. На ім жонка Янкі Купалы Уладзіслава Луцэвіч (як з любоўю называлі яе ў пісьменніцкім асяроддзі, цёця Уладзя), якая ўпершыню прыехала ў Вязынку пасля вяртання з Расіі. Мясцовыя калгаснікі паказваюць ёй хату, у якой нарадзіўся Янка Купала. На яшчэ адным гістарычным здымку 1962 года – удзельнікі святочнай імпрэзы ў гонар 80-годдзя Янкі Купалы ў Маладзечанскай бібліятэцы імя Н. Крупскай. Можна ўбачыць, як выглядаў запрашальны білет на юбілейную ўрачыстасць у гарадскім Доме культуры. Дарэчы, было аддрукавана 600 білетаў. На гэтай жа старонцы партрэт першай выканаўцы ролі Паўлінкі Паўліны Мядзёлкі.

1945 год. Жонка Янкі Купалы Уладзіслава Луцэвіч у Вязынцы. Мясцовы калгаснік Юзэф Замбжыцкі паказвае ёй хату, дзе нарадзіўся Янка Купала.

Міхась Міхайлавіч расказвае, што яе сфатаграфаваў наш зямляк гісторык Генадзь Каханоўскі, з якім Паўліна Вікенцьеўна сябравала.

1962 год. Першая выканаўца ролі Паўлінкі Паўліна Мядзёлка.

Прыцягвае ўвагу і фота са святкавання 100-годдзя песняра ў Вязынцы ў 1982 годзе. На сцэне ў ганаровым прэзідыуме – першы сакратар ЦК Кампартыі БССР Ціхан Кісялёў, пісьменнікі Іван Шамякін, Ніл Гілевіч, многія іншыя. Міхась Міхайлавіч таксама прысутнічаў на мерапрыемстве, прыехаў у Вязынку на электрычцы разам з такім жа шчырым аматарам беларускай літаратуры маладзечанскім урачом Міхасём Чыкалавым. Успамінае, як яны здзівіліся, калі ўбачылі на пероне ўрадавую дэлегацыю на чале з Кісялёвым. У той дзень на радзіме Купалы сабралася каля ста тысяч чалавек…

Праграма IX Нацыянальнага фестывалю беларускай песні і паэзіі «Маладзечна-2007», прысвечанага 125-годдзю з дня нараджэння Янкі Купалы і Якуба Коласа.

У другім раздзеле кнігі змешчаны творы пісьменнікаў маладзечанскай зямлі, прысвечаныя песнярам. Сярод іх вершы Рыгора Семашкевіча, Вячаслава Дашкевіча, Віталя Гарановіча, Лявона Цімохіна, артыкул Міколы Ермаловіча «Вялікі пясняр чалавека працы», грунтоўнае даследаванне Генадзя Каханоўскага «Я тут бачу свой край». Міхась Казлоўскі прысвяціў сваё даследаванне выдавецкай дзейнасці Янкі Купалы ў Заходняй Беларусі. Лідзія Гардынец прасачыла купалаўскія традыцыі ў творах нашых землякоў літаратараў, а Мікола Аўчыннікаў прааналізаваў, як раскрылі купалаўскую тэму маладзечанскія мастакі. Працяг тэмы мастацтва — творы Кастуся Харашэвіча, Леаніда Дударэнкі, Юрася Герасіменкі-Жызнеўскага, Алены Кучко, якія можна ўбачыць у трэцім раздзеле кнігі «Знаёмыя сілуэты».

Паштоўка з выявай Янкі Купалы, выдадзеная ў 2007 годзе па ініцыятыве Міхася Казлоўскага. Мастак – Алена Кучко.

 

Не менш пазнавальны і чацвёрты раздзел «У святле рампы», дзе расказваецца пра вобразы песняроў і іх творы на сцэне Мінскага абласнога драматычнага тэатра. Адметна, што афіцыйнае адкрыццё тэатра ў 1993 годзе адбылося спектаклем «Зямля» паводле паэмы Якуба Коласа ў пастаноўцы мастацкага кіраўніка Мікалая Мацкевіча. І ў гэтым жа годзе быў пастаўлены спектакль «Прымакі» Янкі Купалы.

Як мяркуе ўкладальнік, кніга будзе карысная і цікавая ўсім, хто любіць беларускую літаратуру, краязнаўства, хто шануе спадчыну нашых песняроў, роднае слова і сваю зямлю. Пазнаёміцца з новым выданнем можна будзе ва ўсіх бібліятэках горада і раёна.

Анжаліка КРУПЯНЬКОВА.
Фота: архіў Міхася КАЗЛОЎСКАГА. 

Прочитано 345 раз Последнее изменение 14.06.2022 12:30
Анжаліка Крупянькова

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.