07.06.2022 10:35

Новыя старонкі фестывальнага жыцця

Акрамя традыцыйных мерапрыемстваў, якія ладзяцца па праграме Нацыянальнага фестывалю беларускай песні і паэзіі «Маладзечна», сёлета арганізатары прадугледзелі новыя творчыя праекты. Гледачы змогуць аддаць даніну павагі знакамітым людзям культуры і мастацтва, павандраваць па часе, больш даведацца аб роднай Беларусі.

На сцэне сімфанічны аркестр музычнага каледжа імя М.К. Агінскага (мастацкі кіраўнік Рыгор Сарока). На сцэне сімфанічны аркестр музычнага каледжа імя М.К. Агінскага (мастацкі кіраўнік Рыгор Сарока).

Музычны алімп

Адной з навінак фестывалю стане ўручэнне ўзнагарод Беларускага саюза кампазітараў за захаванне нацыянальных песенных традыцый, стварэнне высокамастацкіх твораў і беларускіх хітоў. Цырымонія адбудзецца ў рамках праекта «Музычны алімп» (мастацкі кіраўнік — старшыня Беларускага саюза кампазітараў Алена Атрашкевіч). Удзельнікамі мерапрыемства стануць кампазітары-намінанты і артысты Беларусі. У іх ліку нашы землякі заслужаны дзеяч мастацтваў Алег Елісеенкаў, мастацкі кіраўнік заслужанага калектыву Рэспублікі Беларусь сімфанічнага аркестра музычнага каледжа імя М.К. Агінскага Рыгор Сарока, спявак Аляксандр Салаўёў.

Алена Атрашкевіч – аўтар яркіх музычных праектаў.
Алег Елісеенкаў – жаданы госць у родным горадзе.

Імправізацыя маэстра

Прэзентацыя дакументальнага фільма «Імправізацыя» прысвечана памяці народнага артыста Беларусі Міхаіла Фінберга.

Маэстра быў ідэйным натхняльнікам Нацыянальнага фестывалю беларускай песні і паэзіі «Маладзечна», музычным кіраўніком і членам аргкамітэта Міжнароднага фестывалю мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску», галоўным дырыжорам Міжнароднага конкурсу выканаўцаў эстраднай песні «Віцебск», ажыццявіў мноства творчых праектаў, накіраваных на развіццё айчыннай музычнай культуры.

Адбудзецца прэзентацыя выставы «Заўсёды з вамі. Міхаіл Фінберг», прысвечанай 75-годдзю з дня нараджэння народнага артыста Беларусі.

З іменем маэстра Міхаіла Фінберга звязана гісторыя Нацыянальнага фестывалю беларускай песні і паэзіі «Маладзечна».

Наперад у мінулае

Творчая сустрэча з аўтарскай групай тэлепраекта «Наперад у мінулае» пройдзе з нагоды яго 10-годдзя.

Носьбіты аўтэнтычнай культуры выконваюць шэраг песень – народных кампазіцый. У канцы кожнай праграмы ўвазе гледачоў прадстаўляецца новая версія народнай песні ў сучаснай аранжыроўцы, якую выконваюць вядомыя беларускія артысты. Новая апрацоўка старажытнай песні надае другое жыццё фальклорнай спадчыне, папулярызуе яе сярод моладзі.

Песні роднага краю гучаць у выкананні народнага фальклорна-этнаграфічнага ансамбля «Крынічанька» Цэнтралізаванай клубнай сістэмы Маладзечанскага раёна.

Больш за 250 гуртоў і выканаўцаў – ад пачынаючых да заслужаных і народных – прынялі ўдзел у музычным адраджэнні. Сёлета ўбачыць свет 500-я народная песня ў сучаснай апрацоўцы.

Госці фестывальнага Маладзечна змогуць наведаць выставу фотаздымкаў аўтараў праекта «Жывая спадчына». Работы зроблены ў час здымак праграмы аб унікальных звычаях, што ўвайшлі ў спіс нематэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцей Беларусі. Ствараючы жывую відэаэнцыклапедыю, творчая каманда «Беларусь 3» праехала дзясяткі тысяч кіламетраў па нашай краіне, наведала сотні вёсак і гарадоў, запісала інтэрв’ю з носьбітамі і захавальнікамі народных традыцый.

Мелодыя сэрца

Зацікавіць гледачоў сумесны праект таленавітай моладзі з Мінскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў і Маладзечанскага музычнага каледжа імя М.К. Агінскага «Мелодыя сэрца».

Багатая палітра айчыннай музыкі дазволіць шырока праявіць сябе маладым артыстам, акунуцца ў разнастайнасць стылістычных напрамкаў, вобразаў і тэм. Гледачы змогуць атрымаць асалоду ад новых інтэрпрэтацый добра вядомых мелодый і пазнаёміцца з новымі сачыненнямі эстрадна-джазавай музыкі беларускіх кампазітараў.

Бачу Беларусь такой

Галерэя цэнтральнай раённай бібліятэкі імя М. Багдановіча запросіць на прэзентацыю Рэспубліканскага мастацка-патрыятычнага праекта «Бачу Беларусь такой» і фотапаэтычных кніг «Зачараваны Беларуссю», «Бачу Беларусь такой», «Мая Радзіма» і «Навасады: малая Радзіма».

У кнігах сабраны творы сучасных беларускіх паэтаў і празаікаў, а таксама фотаілюстрацыі Уладзіслава Цыдзіка. У аб’ектыве аўтара асобы, прырода і розныя аб’екты, якія дапамагаюць уявіць нашу краіну ва ўсіх колерах і фарбах. У кнізе «Бачу Беларусь такой» Уладзіслаў Цыдзік разам з 65-цю беларускімі сучаснымі паэтамі выказвае свае пачуцці да роднай зямлі.

Партал часу

Экспазіцыю «Партал часу. Міншчына: гісторыя і сучаснасць» да Года гістарычнай памяці падрыхтуюць рэгіёны Мінскай вобласці.

Канцэпцыя экспазіцыі – паказ вех гісторыі Міншчыны праз канкрэтныя гістарычныя падзеі. Міншчына славіцца ў Беларусі і за яе межамі сваёй гісторыка-культурнай спадчынай, унікальнымі творамі мастацтва. З яе гісторыяй звязаны імёны шматлікіх знакамітых дзеячаў культуры і мастацтва – асветніка і гуманіста Сымона Буднага, кампазітараў Станіслава Манюшкі, Міхала-Клеафаса Агінскага, майстроў паэтычнага слова Янкі Купалы, Якуба Коласа, Максіма Танка... Госці свята змогуць ажыццявіць своеасаблівае «падарожжа ў часе» ад старажытнасці да сучаснасці.

Па матэрыялах Палаца культуры г. Маладзечна.
Фота: архіў «МАЛАДЗЕЧАНСКАЙ ГАЗЕТЫ».

Прочитано 439 раз
Заимствованная инф.

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.
Другие материалы в этой категории: « На пьедестал… всем хором! Вясновае прывітанне лету »