03.06.2022 14:00

Ракуцёўшчына. Яблынь квецень. Зноў Максімава песня гучыць…

25 мая споўнілася 105 гадоў з дня смерці Максіма Багдановіча.

 Удзельнікі літаратурнай імпрэзы ў фальварку Ракуцёўшчына. Удзельнікі літаратурнай імпрэзы ў фальварку Ракуцёўшчына.

Па шматгадовай традыцыі ў гэты дзень у філіяле Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры «Фальварак Ракуцёўшчына» сабраліся прыхільнікі творчасці паэта — пісьменнікі, журналісты, краязнаўцы, бібліятэкары, навучэнцы школ.

— Сёлета было людна як ніколі — больш за сто дарослых і дзяцей, — зазначае загадчыца філіяла Любоў Шчэрбач. — Цешыць душу, што ўшанаваць паэта разам з настаўнікамі прыйшлі вучні з бліжэйшых Чысцінскай і Красненскай сярэдніх школ, а таксама з Маладзечанскай мастацкай школы мастацтваў. Як заўсёды, актыўны ўдзел у мерапрыемстве прымалі супрацоўнікі цэнтральнай раённай бібліятэкі імя Максіма
Багдановіча.

Як і ўсе мінулыя гады, сустрэча пачалася ля каменя-валуна, устаноўленага ў памяць пра тое, што ў 1911 годзе ў Ракуцёўшчыне жыў і працаваў вядомы беларускі паэт Максім Багдановіч. Пісьменнік, краязнавец, супрацоўнік бібліятэкі Міхась Казлоўскі нагадаў прысутным, што два летнія месяцы, якія паэт правёў у фальварку Ракуцёўшчына ў гасціннага гаспадара Вацлава Лычкоўскага, былі вельмі плённымі. Нездарма Багдановіч называў іх «Страніца лепшая ў штодзённіку жыцця». Ён напісаў тут цыклы вершаў «Старая Беларусь», «Места», паэмы «У вёсцы» і «Вераніка».

Як даніна павагі і ўдзячнасці паэту да падножжа валуна ляглі букеты вясенніх кветак. Фальварак сустрэў гасцей белай квеценню яблынь. Сярод іх, нібыта ў амфітэатры пад адкрытым небам, і пачалася літаратурная імпрэза «А сэрца ўсё імкне да бацькоўскага краю…» — зацікаўленая гутарка пра паэтычную спадчыну Багдановіча, да якой так важна далучаць сёння нашу моладзь. Вядучы сустрэчы Міхась Казлоўскі чытаў на памяць вершы паэта. Аб творчасці Багдановіча расказваў Аляксандр Хазянін. Свае вершы чыталі Ала Клемянок, Тамара Бярэзіна, Тамара Аўсяннікава. А калі Ала Клемянок узяла гітару і разам з Аляксандрам Хазяніным заспявала «Зорку Венеру» на словы Максіма Багдановіча, душа кожнага прысутнага напоўнілася высокімі пачуццямі…

На вуліцы ля гумна была размешчана перасовачная выстаўка «Жыццё і творчасць Максіма Багдановіча». Гасцінна запрашалі на экскурсію ў музей яго загадчыца Любоў Шчэрбач, супрацоўніца Лілія Заліўская. У гэты дзень уваход быў бясплатным. Хаця цана білета і так невысокая: для вучняў – 2 рублі, для дарослых – 4, экскурсіі каштуюць адпаведна 6 і 10 рублёў.

Маляўнічыя ракуцёўскія краявіды заўсёды натхняюць на творчасць.

Вось і ў гэты дзень сакавітыя фарбы вясны клаліся на паперу пад пэндзлямі выхаванцаў дзіцячай мастацкай школы мастацтваў, якія прыехалі на пленэр разам з настаўніцамі Канстанцыяй Герасіменка і Галінай Фёдаравай. Работы юных мастакоў будуць прадстаўлены на конкурсе малюнкаў «Ракуцёўскія краявіды». Яго вынікі падвядуць на свяце «Ракуцёўскае лета», якое штогод праходзіць у канцы ліпеня.

Анжаліка КРУПЯНЬКОВА.
Фота: архіў ФІЛІЯЛА «ФАЛЬВАРАК РАКУЦЁЎШЧЫНА».

Прочитано 279 раз
Анжаліка Крупянькова

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.