Конкурс мае 30-гадовую гісторыю, але першапачаткова меў статус адкрытага рэгіянальнага і ладзіўся для вучнёўскіх ансамбляў дзіцячых школ мастацтваў. Сёлета ён набыў рэспубліканскі маштаб і змяніў жанравую накіраванасць, дадаліся новыя намінацыі: «салісты» і «аркестравае выкананне».
— Праект «Веснавы праменьчык» падтрымліваюць Маладзечанскі раённы выканаўчы камітэт, Беларускі саюз музычных дзеячаў, — гаворыць дырэктар школы мастацтваў Уладзімір Яцыновіч. – І гэта недарэмна: ён усё больш запатрабаваны сярод пачынаючых музыкантаў. Сёлета конкурс стаў найбольш масавым, былі ўдзельнікі нават са сталіцы.
«Веснавы праменьчык-2022» праводзіўся ў дыстанцыйным і вочным фарматах. Таксама пашырыліся ўзроставыя катэгорыі для канкурсантаў: акрамя навучэнцаў школ мастацтваў і агульнаадукацыйных удзельнічалі навучэнцы сярэдніх спецыяльных устаноў краіны. Такім чынам, было прадстаўлена больш за 30 школ і каледжаў.
Здольнасці пачынаючых музыкантаў ацэньвалі найперш выкладчыкі спецдысцыплін каледжаў і ВНУ, а ўзначаліла журы Рыма Падойніцына — дацэнт Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, віцэ-старшыня Асацыяцыі беларускіх цымбалістаў, пераможца шматлікіх конкурсаў, у тым ліку міжнароднага ўзроўню. У судзейскай камандзе быў і легендарны музыкант, саліст Белдзяржфілармоніі, стыпендыят спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі, лаўрэат самых прэстыжных міжнародных і рэспубліканскіх конкурсаў Уладзіслаў Плігаўка, знаёмствам з якім асабліва ганарыцца наша школа.
Так, лаўрэатамі «Веснавога праменьчыка-2022» сталі 12 навучэнцаў Маладзечанскай дзіцячай школы мастацтваў — гэта юныя гітарысты, цымбалісты і балалаечнікі. Акрамя сольных выканаўцаў, адзначылі чатыры ансамблевыя калектывы.
Па шасцёра і пяцёра пераможцаў па спецыяльнасцях «баян» і «цымбалы» з Лебедзеўскай і Беразінскай дзіцячых школ мастацтваў адпаведна. Яшчэ пяцёра — з Маладзечанскага музычнага каледжа імя М.К. Агінскага (па спецыяльнасцях «цымбалы» і «домра»). Чацвёра пераможцаў (гітарысты) – з маладзечанскай гімназіі-каледжа мастацтваў, па адным – з Чысцінскай і Аляхновіцкай дзіцячых школ мастацтваў адпаведна па спецыяльнасцях «гітара» і «цымбалы».
Педагогі Маладзечаншчыны, якія падрыхтавалі лепшых удзельнікаў «Веснавога праменьчыка-2022», — Ганна Лявонава, Ларыса Казак, Святлана Піскорская, Юлія Гірс, Вольга Каваленка, Анастасія Боб, Святлана Кулеш, Алена Севасцьянава, Ірына Кірыленка, Вольга Ермаковіч, Жанна Бягун, Таццяна Гражэвіч, Вольга Перац, Ігар Кісліцкі.
Ірына РАБУШКА.