21.02.2022 10:48

Фестывалю «Маладзечна-2022» быць!

На мінулым тыдні стала вядома, хто прадставіць сталічны рэгіён на конкурсе маладых выканаўцаў-эстраднікаў, што праводзіцца ў рамках Нацыянальнага фестывалю беларускай песні і паэзіі «Маладзечна».

Кацярына Паўловіч, Аляксандра Макольская, Ліліяна Камоцкая прадставяць Мінскую вобласць на конкурсе маладых выканаўцаў-эстраднікаў у рамках Нацыянальнага фестывалю беларускай песні і паэзіі «Маладзечна-2022». Кацярына Паўловіч, Аляксандра Макольская, Ліліяна Камоцкая прадставяць Мінскую вобласць на конкурсе маладых выканаўцаў-эстраднікаў у рамках Нацыянальнага фестывалю беларускай песні і паэзіі «Маладзечна-2022».

Па традыцыі адборачны абласны тур прайшоў у Палацы культуры. Ён з’яднаў 16 пачынаючых артыстаў (у іх ліку ўсяго адзін малады чалавек) ва ўзросце ад 16 гадоў з розных раёнаў Міншчыны. Яны спявалі па дзве беларускамоўныя кампазіцыі пад «мінусоўку». Потым на галоўнай фестывальнай сцэне адну з песень фіналісты выканаюць у суправаджэнні Нацыянальнага акадэмічнага канцэртнага аркестра.

На «вобласці» Маладзечаншчыну прадстаўляла адзіная выканаўца — 16-гадовая Мілана Соніч. Гэта выхаванка ўзорнай студыі эстрадных спеваў «Брава!» дзіцячага цэнтра культуры «Расток», якой, дарэчы, кіруе яе мама Наталля Соніч. У скарбонцы Міланы ўжо шмат перамог, у тым ліку ў конкурсах міжнароднага ўзроўню. У абласным туры «Маладзечна-2022» яна была адной з самых юных.

— Конкурс для пачынаючых эстраднікаў у рамках Нацыянальнага фестывалю выдатная стартавая пляцоўка, — заўважае дзяўчына. – Ён, безумоўна, вылучаецца ў культурнай прасторы. Асабіста мне цікава паспрабаваць спяваць у суправаджэнні аркестра.

Мілана Соніч стала адзінай прадстаўніцай ад Маладзечаншчыны і адной з самых юных удзельніц абласнога тура фестывалю «Маладзечна-2022».

Старшыня судзейскай каманды абласнога адборачнага тура «Маладзечна-2022», кампазітар і наша зямлячка Алена Атрашкевіч прарочыць Мілане Гран-пры. Толькі не на гэты раз. Алена Віктараўна пажадала здольнай спявачцы яшчэ крыху папрацаваць, каб выступленне было абсалютна ідэальным.

У ліку журы былі яшчэ трое нашых землякоў – кампазітар, загадчык аддзела Мінскага абласнога цэнтра народнай творчасці Дзмітрый Сушко, саліст Дзяржаўнага ансамбля «Песняры» Рэспублікі Беларусь Артур Міхайлаў і саліст Маладзёжнага тэатра Яўгеній Ермалковіч. У якасці суддзі паспрабаваў сябе і заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Дзмітрый Качароўскі, які стаў уладальнікам Гран-пры «Маладзечна-2001».

— Удзельнікам конкурсу Нацыянальнага фестывалю беларускай песні і паэзіі трэба зрабіць немагчымае – знайсці дзве якасныя кампазіцыі, не паўтарыцца ў іх, зачапіць журы ўласнай асобай і сцэнічным вобразам, — заўважыла Алена Атрашкевіч.

Сёлета ўдзельнікі выбралі самыя розныя музычныя творы, у тым ліку прадставілі аўтарскія. У «топе» былі песні «Затрымай мяне», «Ночка цёмная», «Спытай у неба», «Васільковае неба», «Па-над белым пухам вішняў», якія прагучалі па некалькі разоў і даўно на слыху ў публікі.

Ад сталічнага рэгіёна на галоўнай фестывальнай сцэне пазмагаюцца за перамогу тры дзяўчыны. І маладзечанцам будзе за каго пахварэць. Нягледзячы на тое, што 21-гадовая Кацярына Паўловіч прадставіць Смалявіцкі раён, родам яна з нашага горада. На працягу дзесяці гадоў займалася ва ўзорнай студыі эстраднай песні «Спяваем разам» Палаца культуры. Пасля заканчэння Мінскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў (дарэчы, дзяўчына вучылася ў класе Алены Атрашкевіч) працуе хормайстрам у Доме культуры ў Смалявічах, кіруе студыяй эстраднай песні «Кацюша».

— Маё сэрца ў Маладзечне! – гаворыць Кацярына. – Мне падабаецца дух спаборніцтваў і саперніцтва. Таму і ўдзельнічаю ў розных конкурсах. Таксама мне цікава прадстаўляць аўтарскую творчасць (музыку да адной з конкурсных песень выканаўца напісала сама).

Ад сталічнага рэгіёна на «Маладзечна-2022» выступіць і 18-гадовая Ліліяна Камоцкая, якая спрабуе сябе як аўтар слоў і музыкі. Дзяўчына з Мінска, вучыцца ў Дзяржаўным каледжы мастацтваў і паспявае паспяхова ўдзельнічаць у конкурсах і тэлепраектах.

У гэтай жа ўстанове займаецца яшчэ адна фіналістка — 19-гадовая Аляксандра Макольская. Як яна заўважыла, удзел у конкурсе не менш важны за перамогу, тым больш калі ёсць магчымасць прадставіць беларускамоўную творчасць, гэта не так часта хто робіць.

Дарэчы, прызавы фонд конкурсу ў рамках «Маладзечна-2022» – 120 базавых велічынь за Гран-пры, па 100, 80 і 60 адпаведна ўладальнікам дыпломаў першай, другой і трэцяй прэміі.

Пакуль няма дакладных дат правядзення фестывалю «Маладзечна-2022», папярэдне ён запланаваны на пачатак чэрвеня. Таксама невядома, хто будзе кіраваць Нацыянальным акадэмічным канцэртным аркестрам, якому шмат гадоў аддаў маэстра Міхаіл Фінберг. Але відавочна, што фестываль працягне сваю гісторыю.

Безумоўна, у ім будуць новыя старонкі. У адным з наступных нумароў «Маладзечанскай газеты» чытайце пра тое, як прапануюць абнавіць фармат фестывалю беларускія знакамітыя творцы.

Ірына РАБУШКА.
Фота: Аляксей ПЛАТКО.

 

Прочитано 469 раз
Ірына Рабушка

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.