28.04.2017 13:15

Ансамблю народнай песні «Харашуха» -- 25!

Да 25-годдзя народнага ансамбля народнай песні «Харашуха» майстры фабрыкі мастацкіх вырабаў старылі з лёну вясёлую парачку ў касцюмах знакамітага калектыву. «Дазволіце запусціць у масавую  вытворчасць?» — пажартаваў, уручаючы падарунак, дырэктар фабрыкі Аляксандр Рамановіч, у недалёкім мінулым начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама.

Ансамблю народнай песні «Харашуха» -- 25! "Маладзечанская газета"

Сапраўды, знакаміты ансамбль выкладчыкаў гарадской дзіцячай школы мастацтваў варты называцца брэндам нашага краю, яго візітнай карткай. Дзякуючы яму не толькі нашы суайчыннікі, але і жыхары іншых краін знаёмяцца з беларускай песеннай творчасцю.

«Літаральна гэтымі днямі мы разам з «Харашухай» хлебам-соллю віталі дэлегацыю Петраградскага раёна Санкт-Пецярбурга і ў чарговы раз пераканаліся, які гэта высокапрафесійны калектыў. За некалькі хвілін ён здольны аб’яднаць песняй самых розных людзей, падарыць ім добры настрой», — заўважыла начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Соф’я Філістовіч. Яна ўручыла нязменнаму на працягу чвэрці стагоддзя мастацкаму кіраўніку «Харашухі» Вользе Бялько Падзячнае пісьмо Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь.

Узнагарод, віншаванняў, шчырых слоў і падарункаў было ў гэты вечар шмат. Вядучыя мерапрыемства Тамара Дудзіч і Андрэй Быкаў прадставілі кожнага з 16 удзельнікаў калектыву, разам з гледачамі перагарнулі старонкі гісторыі ансамбля, такой багатай на канцэрты, конкурсы, фестывалі. Яшчэ ў 1992 годзе Галіна Скурат згуртавала сваіх калег — творчых выкладчыкаў школы мастацтваў, задуму адобрыла і благаславіла тагачасны дырэктар установы Бэцці Аўдзеенка. З першых песень тут таксама Людміла Раінчыкава, Вольга Чычова, Галіна Купрыеўская, Вольга Лявіцкая, Таццяна Гражэвіч. Прыехаў на вечарыну адзін з першых удзельнікаў ансамбля Валерый Шкурскі, які цяпер узначальвае школу мастацтваў у Заслаўі. Працяглы час у калектыве Аляксандр Бухціяраў, Ганна Самаль, Наталля Багдановіч, якая робіць удалыя інструментоўкі. Радуе, што ў апошнія гады прыйшла творчая і зацікаўленая моладзь, якая ўпрыгожыла калектыў, унесла ў яго свежае дыханне. Дзякуючы прафесійнаму харавіку Вользе Бялько ў ансамбля сфарміраваліся адметны рэпертуар і непаўторная манера выканання. Кожная кампазіцыя – маленькі спектакль з харэаграфічнымі элементамі і абавязковым энергетычным пасылам публіцы.

У творчай скарбонцы калектыву – шматлікія перамогі ў конкурсах, фестывалях, удзел у тэлевізійным праекце АНТ «Песні маёй краіны». За апошнія пяць гадоў «Харашуха» прадстаўляла Беларусь на прэстыжных міжнародных музычных форумах у Расіі, Украіне, Славакіі, Латвіі, Эстоніі. Вось і ў чэрвені збіраецца на чарговы фестываль у Славакію, рыхтуе вялікую праграму, у якой пачэснае месца адведзена беларускім народным песням, а таксама рускім, украінскім, казацкім. Многія з іх змаглі пачуць удзельнікі юбілейнага мерапрыемства. Гэта візітка калектыву песня «Харшуха», якая з’явілася ў рэпертуары пяць гадоў таму, да 20-годдзя калектыву. Цудоўную лірычную песню «Ночка зорная купальная» салісты Галіна Купрыеўская і Сяргей Крупчанка прысвяцілі памяці музыкантаў ансамбля Георгія Бажко і Генадзія Грэбы, якія заўчасна пайшлі з жыцця. Парадавалі маладыя выканаўцы Аляксандр Ерафееў, Кацярына Грачанік, якая з дзяцінства спявала ў хоры «Журавачка», ансамблі «Шчабятухі». Дарэчы, многія ўдзельнікі «Харашухі» спяваюць, іграюць у іншых калектывах, аднак заўсёды знаходзяць час для сумесных рэпетыцый і выступленняў. «Нас цягне сабрацца разам, абмяняцца навінамі, за час існавання калектыву мы сталі аднадумцамі і сябрамі», — гаворыць мастацкі кіраўнік. І ў гэтым таксама сакрэт поспеху ансамбля, які працяглы час высока трымае марку, папаўняецца новымі артыстамі.

Радуюцца поспехам калектыву калегі, яго падтрымлівае дырэктар ДШМ Уладзімір Яцыновіч. Можна сказаць, што і 25-годдзе адзначала ўся школа мастацтваў: перад пачаткам мерапрыемства на розных паверхах для гасцей ігралі інструментальныя калектывы, адчувалася святочная атмасфера. На памяць аб урачыстасці кожны, хто прыйшоў на канцэрт, атрымаў маленькі сувенір – каляндарык з фотаздымкам «Харашухі». І гэта добрая прыкмета: увесь год будзем разам слухаць выступленні любімага ансамбля і зараджацца добрым настроем, аптымізмам.

Фота: Аляксей ПЛАТКО.

Галерея изображений

Просмотреть встроенную фотогалерею в Интернете по адресу:
https://mgazeta.by/kultura/item/1202-ansamblyu-narodnaj-pesni-kharashukha-25.html#sigProId1b57cc4494
Прочитано 3185 раз Последнее изменение 28.04.2017 13:15
Анжаліка Крупянькова

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.