19.11.2021 15:27

Радыё з радзімы Шукшына, югаслаўская друкарская машынка і фота часоў СССР

Хочаце панастальгіраваць па часах Савецкага Саюза? Наведайце выстаўку «Чорна-белае рэтра» ў цэнтральнай раённай бібліятэцы імя Максіма Багдановіча (будынак бібліятэкі сямейнага чытання «Верасок»), якая працягнецца да канца месяца.

Сустрэліся два шахцёры: Аляксандр Карпіевіч і Аляксандр Салагуб. Сустрэліся два шахцёры: Аляксандр Карпіевіч і Аляксандр Салагуб.

Тут змешчана больш за 40 здымкаў аднаго з найстарэйшых фотамайстраў нашага горада Аляксандра Салагуба. У час адкрыцця выстаўкі загадчыца аддзела абслугоўвання і інфармацыі бібліятэкі Таццяна Закрэўская прадставіла аўтара, расказала пра яго незвычайную біяграфію і творчы шлях.

Аляксандр Аляксандравіч нарадзіўся ў Францыі, куды яго бацькі, ураджэнцы Вілейшчыны, паехалі да вайны на заробкі і затрымаліся там на 18 гадоў. Бацька працаваў шахцёрам, у сям’і нарадзілася трое дзяцей. Аляксандру было 12 гадоў, калі бацькі прынялі рашэнне пераехаць у СССР. Жылі на Данбасе, нялёгкую шахцёрскую працу ўслед за татам зведаў і Аляксандр. Ёй прысвечана большая частка экспазіцыі.

— Трынаццаць гадоў я працаваў на шахце, спускаўся ў забой на глыбіню 1050 метраў. І ўпотай праносіў фотаапарат, бо гэта забаранялася: любая іскра магла прывесці да ўзгарання. Аднак жаданне зрабіць рэдкія здымкі было вельмі моцным. Здымаў на вялікай вытрымцы без успышкі, на высокаадчувальную фотаплёнку, — дзяліўся сакрэтамі майстэрства Аляксандр Аляксандравіч. – Іншы раз дамаўляўся, каб жонка з сынам падышлі да канца маёй змены, і прасіў каго-небудзь нас «шчоўкнуць». Бачыце, які чорны ў мяне твар на адным з такіх здымкаў.

Цікава, што сярод тых, хто прыйшоў на адкрыццё выстаўкі, быў яшчэ адзін шахцёр – Аляксандр Карпіевіч, у якога, як ён сам сказаў, «пяць гадоў падземнага стажу». У 60-70-я гады мінулага стагоддзя ён працаваў машыністам электравоза на шахце горада Першамайска Луганскай вобласці. З Аляксандрам Салагубам яны выпадкова пазнаёміліся на выстаўцы ў бібліятэцы-філіяле №1, шахцёрскае мінулае іх зблізіла.

— Такую цяжкую працу мала хто зведаў, няхай хаця б на здымках сённяшнія пакаленні яе ўбачаць, — заўважыў Аляксандр Карпіевіч.

Сапраўды, старшакласнікі СШ №8, якіх запрасілі на адкрыццё выстаўкі, з цікавасцю разглядалі здымкі, распытваліся ў аўтара, калі яны зроблены, дзе ён удасканальваў сваё майстэрства.

— А тут вы самі на фота. Значыць, здымак не ваш? – заўважыў адзін з самых назіральных вучняў.

— Мой! Я ставіў апарат на штатыў, уключаў спецыяльны рэжым з затрымкай часу, паспяваў сесці і прыняць позу, — з усмешкай расказваў аўтар выстаўкі. — Дарэчы, яшчэ ў Францыі ў майго таты быў фотаапарат «Кодак». Я ж пачынаў здымаць «Зменай», затым змяніў некалькі «Зянітаў». Усяго ў мяне восем фотаапаратаў. Адзін з іх – аматарскі з ролікавай шырокай плёнкай — вы можаце ўбачыць на выстаўцы.

Аляксандр Салагуб з удзячнасцю прыгадваў заняткі ў фотаклубе «Гарызонт» пры гарадскім Доме культуры, якія вёў Аляксей Фяцісаў. Цяпер ён наведвае пасяджэнні фотаклуба «ПРОявление» гарадскога Палаца культуры, якія праходзяць у Летнім амфітэатры пад кіраўніцтвам Яўгенія Стэльмаха. Яўгеній адлічбаваў многія фота Салагуба, дзякуючы чаму іх можна ўбачыць у інтэрнэце. Нельга не сказаць і пра тое, што Аляксандр Аляксандравіч быў пазаштатным фотакарэспандэнтам нашай газеты, асабліва плённым было супрацоўніцтва ў часы, калі ён працаваў на станказаводзе. Мы і цяпер часта друкуем яго здымкі эпохі СССР.

Гарманічна ўпісаліся ў канву выстаўкі рарытэты савецкага часу, прадстаўленыя работнікамі бібліятэкі. Юнакі і дзяўчаты націскалі клавішы югаслаўскай друкарскай машынкі, якая захавалася ў бібліятэцы «Верасок». Бібліятэкар Раіса Давідовіч прынесла радыёпрыёмнік з Алтая – радзімы Васілія Шукшына, а таксама магнітолу ў спецыяльным скураным футляры, якую яе сяброўка Зінаіда Булгак прывезла з Баку. Моладзі цікава было патрымаць у руках фільмаскоп, па якім раней круцілі дыяфільмы, калькулятар канца 1980-х гадоў і многае іншае. Тут можна было пагартаць кнігі, папулярныя ў савецкі час. Напрыклад, «Три мушкетера» Аляксандра Дзюма, «Унесённые ветром» Маргарэт Мітчал і іншыя. Сабралі бібліятэкары і паштоўкі да савецкіх свят, якімі віншавалі сваякоў і сяброў. На жаль, гэта добрая традыцыя стала такім жа рарытэтам, як і чорна-белыя здымкі…

Услед за бібліятэкарам Ганнай Літвіненка наведвальнікі выстаўкі маглі асвоіць друкарскую машынку.

Тэкст і фота: Анжаліка КРУПЯНЬКОВА.

Прочитано 273 раз
Васілій Цар

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.