28.10.2021 10:26

У кожнага з нас свая «баба Зіна»…

Калі вам сумна і няўтульна пад асеннімі аблокамі, зайдзіце ў Палац культуры на арт-выставу «Баба Зіна», што адкрылася 14 кастрычніка, у Дзень маці, і будзе працаваць да канца месяца.

Колькі дабрыні і мілаты: Ганна Калве і Ева Кузняцова. Колькі дабрыні і мілаты: Ганна Калве і Ева Кузняцова.

Выстава праходзіць пад слоганам: «Табе не хапае любові? Прыходзь і бяры!».

Першае, што кідаецца ў вочы — белыя расчыненыя дзверы, да якіх вядуць даматканыя палавічкі-ходнікі. На іх — дзіцячыя сандалікі, у якіх вырасла не адно пакаленне дзятвы савецкіх часоў.

Арганізатар арт-выставы Алена Кучко прыадчыніла для ўсіх дзверы ў мінулае, у шчаслівае вясковае дзяцінства.

Што ж, у думках знімем абутак і ступім на ходнікі, напоўнім сябе асацыяцыямі і вобразамі таго далёкага часу, калі мы былі дзецьмі, калі вечна занятыя бацькі пакідалі нас пад апекай клапатлівых бабуль…

Мяккі астравок з сенам на падлозе, на ім калаўрот. Чыгункі, з якіх не выветрыў час спакуслівы пах кашы-дранкі ці верашчакі. На сценах – вернісаж вяскова-настальгічных карцін маладзечанскіх мастакоў Кастуся Харашэвіча, Міколы Аўчыннікава, Рыгора Мяжуева, Дзмітрыя Сакалоўскага, Ягора Арцюхова, выцінанак, аплікацый з саломкі. Вялікія рамкі з фатаграфіямі дарагіх сэрцу людзей — раней такія віселі ў кожнай вясковай хаце… І сярод іх партрэт усмешлівай бабулі ў хустачцы, якая лагодна і весела паглядае на ўсіх, нібы запрашае быць як дома. Гэта і ёсць баба Зіна – Зінаіда Пятроўна Кучко з вёскі Фалькі на Вілейшчыне.

Атмасфера была разняволеная, юныя гледачы размясціліся прама на падлозе.

— Гэта мая любая бабуля, якой, на вялікі жаль, год няма з намі. Але я заўсёды адчуваю яе прысутнасць і цяпло, ласку Божую, якая ішла праз яе любоў, праз яе рукі, што мяне абдымалі. Таму і ўзнікла такая ідэя – сабраць маіх творчых сяброў у імправізаванай хаце бабы Зіны, стварыць выстаўку і прысвяціць яе ўсім нашым бабулям, — расказвае арганізатар Алена Кучко, мастачка, кіраўнік народнай студыі выяўленчага і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва Палаца культуры.

Алена падала ідэю, і ўсё склалася, яе падтрымала дырэктар Палаца культуры Святлана Сарока. З ахвотай адгукнуліся калегі з дзіцячай мастацкай школы мастацтваў, музычнага каледжа імя М.К. Агінскага, творчыя людзі з Мінска, Смаргоні. Сярод іх Святлана Гарох, Кацярына Кісель, Марына Валасковіч, Лізавета Чырвонцава, Людміла Валковіч-Борыс, Інга Кузняцова, Тамара Марчанкава і іншыя. Далучыўся жаночы клуб «Сучасніца» Палаца культуры на чале з яго кіраўніком Ганнай Владыка. Не засталіся ўбаку і дзеці. Студыйцы ўпрыгожылі экспазіцыю кардоннымі куранятамі, выхаванцы мастацкай школы мастацтваў малявалі сваіх бабуль за іх любімым заняткам.

Многія ў час адкрыцця расказвалі пра сваіх бабуль.

— Ведай, Андрэй, нідзе табе не будзе так добра, як у мяне ў Вялікім Сяле, — прыгадаў словы сваёй бабулі мастак з Мінска Андрэй Кальга.

— А я ўспамінаю смак бабуліных бутэрбродаў: хлеб, змочаны вадой і пасыпаны цукрам. Набегаўшыся на свежым паветры, мы ўміналі іх за абедзве шчакі, і здавалася, больш смачнага за іх не было нічога, — прыгадвала маладзечанская мастачка Кацярына Камельчык.

— Хачу расказаць пра бабулю Аню, у якой я жыла пэўны час. Яна хаця і не родная мне па крыві, але атуліла клопатам і любоўю, — з удзячнасцю гаварыла Інга Кузняцова.

Прысутныя рады былі пазнаёміцца з бабуляй Аняй – Ганнай Андрэеўнай Калве, якая прыйшла на мерапрыемства. Віталі і Зою Фёдараўну Буціну, дарагога чалавека для Тамары Марчанкавай.

Зоя Буціна – дарагі чалавек для Тамары Марчанкавай.

А ля акенца з белымі фіранкамі сціпла сядзела і вязала кручком Ніна Рыгораўна Кучко, маці Алены, любімая бабуля яе сына Святагора…

Ніна Кучко тым часам вязала кручком…

Гарэлі свечкі, цеплынёй свяціліся вочы. Гасцінныя арганізатары дарылі прысутным букецікі для настрою, канверты ад бабы Зіны з сэрцайкамі, частавалі дамашнім печывам. Мастак Усевалад Швайба, які са сталіцы прыехаў на выставу з жонкай Тамарай і сынам Дабрамірам, вельмі прыгожа выканаў песню «Слуцкія ткачыхі» на словы Максіма Багдановіча.

На лаўках, на сене, на даматканых палавічках сядзела шмат дзяцей. Хочацца спадзявацца, ім гэта сустрэча запомніцца. А калі яны прыйдуць дамоў, абнімуць сваіх маладых яшчэ бабуль і скажуць, як яны іх любяць… А магчыма, прапануюць разам схадзіць у Палац культуры да «бабы Зіны». І гэта будзе цудоўна…

Тэкст і фота: Анжаліка КРУПЯНЬКОВА.

Прочитано 153 раз
Анжаліка Крупянькова

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.