11.10.2021 11:40

Для мэбельшчыка – самы складаны праект, для творцаў — пераможны «Start»

Скарбонка цэнтра творчасці дзяцей і моладзі «Маладзік» папоўнілася адразу пяццю ўзнагародамі.

Юная творца Ефрасіння Жураўская. Юная творца Ефрасіння Жураўская.

Два спектаклі былі адзначаны на Міжнародным фестывалі-конкурсе «Творчасць без межаў». Ладзіўся ён дыстанцыйна: удзельнікі дасылалі відэазапісы спектакляў. За перамогу змагаліся аж 350 тэатральных калектываў і індывідуальных выканаўцаў з усіх рэгіёнаў Беларусі, а таксама з Расіі, Азербайджана, Малдовы, Казахстана, іншых краін. Дыпломам другой ступені ў намінацыі «Лялечны тэатр» узнагароджана студыя «Казка» пад кіраўніцтвам Галіны Іванькінай. Творцы прапанавалі спектакль «Калядаванне з батлейкай». У ім былі выкарыстаны арыгінальныя лялькі-выцінанкі. Для юных акцёраў іх зрабілі выхаванцы студыі «Народныя крыніцы», кіруе якою Вольга Маслава. Грунтоўную метадычную дапамогу аказалі прафесіяналы Мінскага абласнога тэатра лялек «Батлейка» на чале з дырэктарам Таццянай Чаеўскай.

Калі рыхтаваўся гэты нумар «МГ», стала вядома, што пастаноўка студыі «Казка» заняла першае месца і ў не менш прадстаўнічым Міжнародным анлайн-конкурсе мастацтваў «Start». Узнагароды атрымалі не толькі дзеці, але і Галіна Іванькіна, якая адзначана за належнае выхаванне падрастаючага пакалення.

Абодва конкурсы праводзіліся пры падтрымцы Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь. А ў складзе журы былі вопытныя рэжысёры, акцёры, выкладчыкі творчых дысцыплін з розных краін.

Яшчэ дзве ўзнагароды ў «Творчасці без межаў» на рахунку аб’яднання па інтарэсах «Батлейка», што працуе ад цэнтра «Маладзік» на базе Радашковіцкай СШ. Выхаванцы Наталіі Маскалевіч прадставілі спектакль «Цар Ірад» паводле біблейскай легенды аб нараджэнні Хрыста. Гэта пастаноўка заняла трэцяе месца ў намінацыі «Лялечны тэатр». Дарэчы, яна адбылася ў многім дзякуючы памочнікам. Выхаванцы Вольгі Таханковай з аб’яднання па інтарэсах «Дэкор», што адкрыта ў Радашковіцкай СШ ад «Маладзіка», дапамаглі зрабіць адмысловае аздабленне. А мясцовы прадпрымальнік Дзмітрый Зелянкевіч сканструяваў… батлейку. Ён займаецца вырабам мэблі, але заўважыў, што гэта быў самы складаны для яго праект. Цікава, што сын Дзмітрыя – таксама Дзіма – займаецца тэатральнай творчасцю.

Яшчэ адна выхаванка аб’яднання па інтарэсах «Батлейка» 12-гадовая Ефрасіння Жураўская заняла другое месца ў намінацыі «Мастацкае чытанне». Яна ўразіла журы вершам Ніла Гілевіча. Ефрасіння ўдзельнічала таксама і ў спектаклі. Дзяўчынка ўжо сёмы год займаецца ў творчым аб’яднанні і марыць стаць актрысай.

Ірына РАБУШКА.
Фота: архіў ЦТДіМ «МАЛАДЗІК».

Галерея изображений

Просмотреть встроенную фотогалерею в Интернете по адресу:
https://mgazeta.by/kultura/item/11250-dlya-mebelshchyka-samy-skladany-praekt-dlya-tvortsa-peramozhny-start.html#sigProId4f9a9e7ff5
Прочитано 339 раз
Ірына Рабушка

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.