Творчасць шчырага сэрца
На гэты раз пленэр прысвячаўся памяці мітрапаліта Філарэта (Вахрамеева), першага Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі. Удзельнікаў пленэру можна смела назваць мастакамі шчырага сэрца, бо яны дзеляцца з гледачамі сваім бачаннем свету і творчым прыкладам дапамагаюць зразумець першачарговыя эстэтычныя каштоўнасці. Традыцыйна ініцыятар мерапрыемства — прыход царквы святой Ефрасінні Полацкай у Івянцы, настаяцель якога протаіерэй Віктар Перагудаў па благаславенні епіскапа Маладзечанскага і Стаўбцоўскага Паўла з’яўляецца духоўнікам пленэру. Таксама ён прыняў удзел у цырымоніі ўзнагароджання ўдзельнікаў, якія былі адзначаны за высокае прафесійнае майстэрства, прапаганду духоўна-эстэтычных каштоўнасцей і асабісты ўклад у рэалізацыю дабрачыннага праекта.
— З вялікім захапленнем гляджу на мастацтва, створанае творцамі, — заўважыў епіскап Павел у прывітальным слове. – Філарэт прыехаў да нас з Расіі. Ён палюбіў Беларусь і ўсё жыццё прысвяціў ёй, яднанню царквы, дзяржавы і народа.З выніковай выстаўкай VІ Міжнароднага пленэру «Святасць зямлі беларускай» уважліва азнаёміліся епіскап Маладзечанскі і Стаўбцоўскі Павел, старшыня грамадскага аб’яднання «Беларускі саюз мастакоў» Глеб Отчык, начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Вольга Клепакова.
Колер павінен жыць
На выніковай выстаўцы былі прадстаўлены дзве работы нашага земляка Аляксандра Грышкевіча. Цяпер ён жыве ў Мінску, але і сёння ў родным Маладзечне ёсць дом яго бацькоў, які Аляксандр не забывае. Менавіта ў нашым горадзе ён зрабіў першыя крокі ў мастацтва, а яго першымі настаўнікамі былі Кастусь Харашэвіч і Ядвіга Раздзялоўская.
— У міжнародным мастацкім пленэры ўдзельнічаў і раней, гэта выдатны абмен вопытам, — дзеліцца эмоцыямі мастак. – У творчасці аддаю перавагу пейзажам. Адна з маіх работ называецца «Далёкае святло» — гэта фрагмент загарадзі, што ўбачыў у Замасцянах. Убраў толькі лішнія дэталі і дадаў… святла. Менавіта яго мы чакаем, калі вяртаемся дамоў. Яшчэ адна карціна «Тры вязы» — натурны пейзаж, зроблены ў тых жа мясцінах. Імкнуўся, каб у ёй таксама адчувалася жыццё. У мяне няма колеру, якому аддаю перавагу, выкарыстоўваю ўсю палітру і перакананы, што колер павінен жыць.
Увогуле, мастакі заўважаюць, што для таго каб ствараць палотны, неабходна шмат ведаць, а самае галоўнае, трэба быць у згодзе з душой, з любоўю ставіцца да людзей і ўсяго жывога на зямлі. Безумоўна, вельмі важна для кожнага творцы, каб яго мастацтва ўбачылі і ацанілі. Выніковая выстаўка пленэру не засталася без увагі прадстаўнікоў мясцовай улады. Да прысутных звярнулася начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Вольга Клепакова, якая падкрэсліла агульную рысу ўсіх палотнаў: іх яднае любоў да радзімы.
Мастацтва і прыгажосць лечаць нашы душы, ратуюць ад чэрствасці і абыякавасці, саграваюць сэрцы цяплом і надзеяй. У гэтым пераканана і дырэктар Палаца культуры Святлана Сарока — ініцыятар і арганізатар шматлікіх маштабных праектаў, якія з поспехам былі рэалізаваны і набылі доўгае творчае жыццё на маладзечанскай зямлі, у тым ліку міжнародны пленэр «Святасць зямлі беларускай». Сваімі думкамі пра ўзвышанае і зямное падзяліўся старшыня Беларускага саюза мастакоў Глеб Отчык.
Дабрачыннасць у фарбах
Увогуле, гэта мерапрыемства з’яднала прадстаўнікоў не толькі праваслаўнай, але і каталіцкай канфесіі. З прамовай выступіў ксёндз-дэкан Эдмунд Даўгіловіч-Навіцкі, які асабіста ведаў мітрапаліта Філарэта і ў чарговы раз падкрэсліў яго высокія чалавечыя якасці. Шмат неабыякавых людзей з розных арганізацый, устаноў культуры і мастацтва прыклалі намаганні для рэалізацыі пленэру «Святасць зямлі Беларускай». Дзякуючы Маладзечанскай епархіі Беларускай праваслаўнай царквы, грамадскаму аб’яднанню «Беларускі саюз мастакоў», братэрству ў гонар Віленскіх пакутнікаў з горада Мінска, Палацу культуры нашага горада і іншым арганізацыям, якія садзейнічалі яго правядзенню, творчы форум у шосты раз упэўнена крочыць па беларускай зямлі.Дзекан Маладзечанскага дэканата, пробашч парафіі св. Юзафа Эдмунд Даўгіловіч-Навіцкі і сакратар епархіяльнага ўпраўлення Маладзечанскай епархіі айцец Віталій Багданёнак.
Сёлета яго асаблівасцю стаў удзел студэнцкай моладзі і дзяцей, пераможцаў Усебеларускага конкурсу дзіцячых тэматычных малюнкаў. Таксама арганізатары прадугледзелі магчымасць продажу мастацкіх работ. Выручаныя сродкі пойдуць на рэалізацыю сацыяльнага дабрачыннага праекта «Мастакі – дзецям (з асаблівасцямі развіцця)».
На выніковай выстаўцы былі і творчыя падарункі ўдзельнікам пленэру ад узорнай студыі эстраднай песні «Спяваем разам» Палаца культуры і заслужанага калектыву Рэспублікі Беларусь сімфанічнага аркестра музычнага каледжа імя М.К. Агінскага пад кіраўніцтвам Рыгора Сарокі.
Ірына РАБУШКА.
Фота: Аляксей ПЛАТКО.