30.03.2017 9:05

Пляценне паясоў – справа не з лёгкіх

Майстар-клас па пляценні традыцыйных беларускіх паясоў правяла ў раённым цэнтры рамёстваў старшы выкладчык кафедры касцюма і тэкстылю Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, этнограф, мастак Ірына Мазюк.

Пляценне паясоў – справа не з лёгкіх "Маладзечанская газета"


У даўніну кожная вясковая дзяўчына ўмела прасці ніткі, ткаць палатно, вышываць. Пляценне паясоў лічылася не самым складаным відам рукадзелля, яго асвойвалі зусім юныя дзяўчынкі. «Памятаю, мы за старэйшых дзяўчат пасвілі кароў, а яны, седзячы на купіне і начапіўшы ніцяную аснову на вялікі палец правай нагі, спрытна выпляталі рознакаляровыя ўзоры на паясах і нас вучылі», — успамінае Аляксандра Клімко, ураджэнка Валожыншчыны. Аляксандра Іосіфаўна прынесла на сустрэчу два паясы, якія засталіся ў яе ад бацькі. Яго часцяком запрашалі вясковыя дзецюкі, калі ішлі ў сваты. Па традыцыі свату належала павязаць пояс, з тых часоў дачка і захавала некалькі экзэмпляраў. Між іншым Ірына Мазюк высока ацаніла іх, адзін назвала ідэальным узорам беларускіх паясоў.

На жаль, сёння ў вёсках Беларусі вельмі мала засталося бабуль, якія захавалі традыцыі пляцення паясоў. І ўсё ж іх паспелі пераняць людзі, неабыякавыя да культуры і традыцый нашага народа. Ірына Васільеўна расказвае, што пасля перабудовы, на хвалі беларускага адраджэння, гэты від народнай творчасці атрымаў новы штуршок. Усім, хто ім цікавіцца, мастацтвазнавец парэкамендавала кнігу Веры Селівончык «Беларускія народныя паясы». У яе аўтара Ірына Васільеўна ў пачатку 1990-х вучылася майстэрству пляцення паясоў. Шмат было экспедыцый у розныя куткі Беларусі. Сёння гэты промысел добра развіты на Гродзеншчыне, у Лунінецкім, Ганцавіцкім раёне Брэстчыны, Клецкім раёне Міншчыны. У Маладзечанскім, Валожынскім раёнах таксама захоўваюць свае традыцыі. Каб нашы сучаснікі больш смела асвойвалі гэты від рукадзелля, Ірына Васільеўна плённа супрацоўнічае з абласным цэнтрам народнай творчасці, праводзіць майстар-класы ў розных рэгіёнах. Да нас яна прыехала ўжо ў другі раз.


Дырэктар раённага цэнтра рамёстваў Ларыса Ступіна расказвае, што ў нас ёсць майстры, якія валодаюць гэтым відам рукадзелля. Гэта Ганна Бабовіч, кіраўнік гуртка з Гарадка, вядомая ў раёне вышывальшчыца, якая ездзіла на курсы па пляценні паясоў, вывучала розныя тэхнікі. Асвоілі гэта рамяство ўдзельніцы клуба майстроў «Вытокі» Вольга Рыжкоўская і Ірына Шарак. Той, хто ўмее вышываць, займаецца саломапляценнем, іншымі відамі рукадзелля, без праблем асвоіць і пляценне паясоў, упэўнена Ірына Васільеўна. Галоўнае – зразумець прынцып, вы-
працаваць алгарытм. Яна паказала спосаб пляцення пояса на ніту. Спачатку гэта здаецца вельмі няпростай справай. Але не прайшло і паўгадзіны, як удзельніцы майстар-класа наснавалі аснову будучых вырабаў, пачалі ўслед за майстрам пры дапамозе вілачкі (ёю можа служыць нават сагнутая галінка дрэва) у строгім парадку пераплятаць ніткі, каб атрымліваўся ўзор. Можна сказаць, кожная жанчына з дапамогай Ірыны Васільеўны стварыла ткацкі міні-станочак — прынцып пляцення на ім і рукамі падобны.    

Ніводны ўзор не паўтараецца: яны залежаць ад таўшчыні і колеру нітак, ад фантазіі майстрыхі. Рамбічныя, паласатыя, кветкавыя – кожны для канкрэтнай нагоды, нашы продкі ведалі, якія паясы прыгодныя для таго ці іншага абраду. Усе ўзоры трымалі ў галаве, перадавалі ад маці да дачкі. Лічылася, што як і на ручніках, яны ахоўваюць ад дрэннага вока і ад няшчасця, зберагаюць здароўе і прыносяць удачу.


Фота: Аляксей ПЛАТКО.

Прочитано 2841 раз Последнее изменение 30.03.2017 9:05
Анжаліка Крупянькова

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.