11.06.2021 12:01

Пяты, дзясяты, пятнаццаты… Чым запомніліся юбілейныя фестывалі?

Юныя артысты нараўне з дарослымі радавалі сваёй творчасцю. Юныя артысты нараўне з дарослымі радавалі сваёй творчасцю.

1998-ы: 610-годдзю Маладзечна прысвячаеццаV Рэспубліканскі фестываль беларускай песні і паэзіі (менавіта так ён тады называўся) аб’ядналі са святкаваннем 610-годдзя нашага горада.

Прыехала шмат гасцей з суседніх раёнаў, абласцей, з-за мяжы. Асноўная праграма доўжылася з пятніцы па нядзелю, аднак ужо ў чацвер у Мінскім абласным драмтэатры адбыліся ўрачысты сход і спектакль. А ў апошні дзень канцэрт на Цэнтральнай плошчы (там была ўстаноўлена асноўная сцэна) скончыўся ў дзве гадзіны ночы панядзелка.

Надвор’е было халодным і дажджлівым, артысты на сцэне мерзлі, гледачы сядзелі пад парасонамі, давялося нават скарачаць канцэртную праграму.

Інтрыга фестывалю – конкурс маладых выканаўцаў. Гран-пры на ім атрымала Вікторыя Алешка. Адметна, што ў 2016-м яна была ўдастоена звання «Заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь» і запрошана ў журы конкурсу маладых выканаўцаў на наш фестываль.

Вікторыя Алешка – уладальніца Гран-пры конкурсу маладых выканаўцаў «Маладзечна-1998».

У газеце расказвалася не толькі пра шматлікія фестывальныя пляцоўкі, але і пра службы, якія яго абслугоўвалі і звычайна заставаліся па-за кадрам. Камунальнікі, напрыклад, кожны дзень вывозілі з Цэнтральнай плошчы і вуліцы Прытыцкага па тры трактарныя прычэпы смецця… Рэстараны і некаторыя магазіны ў цэнтры горада працавалі да дзвюх гадзін ночы. Адзначалася і тое, што на правядзенне фестывалю сродкі з гарадскога бюджэту не выдзяляліся, толькі з рэспубліканскага і абласнога. Аднак мясцовыя прадпрыемствы – ЗЛМК, «Электрамодуль», друкарня «Перамога», ЗПМ — дапамагалі размясціць і годна прыняць гасцей.

Разам з вядомымі беларускімі выканаўцамі радавалі сваімі выступленнямі мясцовыя вакалісты і калектывы. Сярод іх юная зорачка, вучаніца школы мастацтваў (цяпер гімназія-каледж мастацтваў) Насця Жук. Пераможцам краязнаўчай віктарыны сярод школьнікаў горада стаў вучань СШ №3 Сяргей Рудзік.

2009-ы: Гран-пры – у маладзечанца Аляксандра Салаўёва

Дзясяты фестываль прысвячаўся 65-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і ўпершыню з 1993 года прайшоў за адзін дзень – у суботу, 13 чэрвеня. Па традыцыі надвор’е было няўстойлівым, нават адзін з нашых рэпартажаў называўся «Гучалі песні пад дажджом»… Галоўная сцэна, як і на мінулых фестывалях, была ўстаноўлена на Цэнтральнай плошчы.

Старшыня журы конкурсу маладых выканаўцаў кампазітар Эдуард Зарыцкі адзначыў, што склад канкурсантаў быў самым моцным за ўсе папярэднія гады. Тым больш прыемна, што Гран-пры заваяваў наш зямляк Аляксандр Салаўёў, выпускнік музычнага каледжа імя М.К. Агінскага, на той час першакурснік універсітэта культуры і мастацтваў.

На ўсю моц гучала на фестывалі паэтычнае слова. Са сталіцы прыехалі вядомыя паэты Навум Гальпяровіч, Міхась Башлакоў, Віктар Шніп, Уладзімір Мазго, наш зямляк Кастусь Цыбульскі, Мікола Шабовіч, які працяглы час загадваў літаратурнай часткай у нашым драмтэатры. Па дарозе ў Маладзечна творцы заехалі ў Вязынку, каб «пакланіцца Яначку» (так паэты з любоў называюць Янку Купалу).

Паэтычнае слова на нашых фестывалях гучыць у поўную моц. Выступае паэт Віктар Шніп.

Фестывальная праграма ўключала раённы конкурс чытальнікаў, у якім перамаглі Мечыслаў Багатыроў з Чысці, Кацярына Казлоўская з Беразінскага, Аляксей Бажко з Лебедзева.

Паведамлялася і пра тое, што ў гэты дзень у ЗАГСе зарэгістравалі шлюб восем пар. Сярод іх Ніна і Максім Шапавалавы, фота якіх было змешчана ў газеце.

2015-ы: юбілейны канцэрт Алега Молчана, зборнік твораў мясцовых літаратараў

Пятнаццаты фестываль праходзіў пад знакам 70-годдзя Вялікай Перамогі і доўжыўся тры дні – з 5 па 7 чэрвеня. Яму спрыяла на дзіва цудоўнае надвор’е. Асноўнай пляцоўкай свята стала сцэна Летняга амфітэатра.

Адметнасць конкурсу маладых выканаўцаў у тым, што ўпершыню юнакоў было больш, чым дзяўчат: 12 супраць 7. Сярод іх трое мелі непасрэднае дачыненне да Маладзечна – Марк Войтка і Дзяніс Маркевіч нашы землякі, Андрэй Воранаў закончыў музычны каледж імя М.К. Агінскага. Аднак Гран-пры дастаўся ўраджэнцы Дзяржынскага раёна Таццяне Валахановіч.

Адным з запамінальных момантаў стаў юбілейны канцэрт, прымеркаваны да 50-годдзя кампазітара Алега Молчана і 30-годдзя яго творчай дзейнасці. У інтэрв’ю нашай газеце Алег Уладзіміравіч сказаў: «Я перакананы, што беларускія песні будуць гучаць заўсёды, як і творы вядомых паэтаў. Ёсць у іх нешта такое, да чаго хочацца вяртацца зноў і зноў. Усё больш людзей усведамляе, што мы – беларусы…». На вялікі жаль, Алега Молчана не стала ў 2019 годзе. У яго юбілейным канцэрце прымалі ўдзел многія вядомыя выканаўцы, сярод іх і Ядвіга Паплаўская з Аляксандрам Ціхановічам, якога мы таксама ніколі ўжо не ўбачым…

Аматараў паэзіі парадаваў новы зборнік «Там, дзе Уша серабрыцца», выдадзены напярэдадні фестывалю ў нашай друкарні «Перамога». У ім сабраныя творы маладзечанскіх літаратараў. Кніга прысвечана 75-годдзю нашага раёна і выдадзена пры фінансавай падтрымцы райвыканкама.

На фестывальнай пляцоўцы народны ансамбль народнай песні «Харашуха».

Старонкі газет гартала Анжаліка КРУПЯНЬКОВА.
Фота: архіў «МГ», інтэрнэт-рэсурсы.

Прочитано 344 раз Последнее изменение 11.06.2021 12:01
Анжаліка Крупянькова

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.