Доўга чакаць сустрэчы не давялося. Нядаўна рэжысёра і аўтара праекта Анатолія Вечара, вядучую Аксану Вечар і здымачную групу гасцінна сустракалі ў аграгарадку Маркава. Народны фальклорны ансамбль «Маркаўчанка» Маркаўскага сельскага Дома культуры прадставіў перадвясельны абрад «Дзявочы вечар», у які задзейнічаны жаночая палова сям’і і сяброўкі нявесты. У адпаведнасці з ім пляцецца вянок, які потым трэба ўплятаць у валасы нявесце ў дзень вяселля.
Удзельнікі абраду спяваюць песні як наказ шлюбнага жыцця.
Як расказала загадчыца аддзела традыцыйнай культуры і аматарскай творчасці Цэнтралізаванай клубнай сістэмы Маладзечанскага раёна Алена Фокіна, дамова пра падрыхтоўку такой праграмы была даўно. Але пандэмія ўнесла свае карэктывы ў творчыя планы.
Здымкі праходзілі 17 чэрвеня ў Маркаўскім сельскім Доме культуры. Стылізаваны пакой СДК упрыгожаны вышытымі ручнікамі, посцілкамі, дзе і скрыня з пасагам ёсць, і стол гасцінна накрыты для гасцей. Запіс прайшоў даволі хутка, шмат дубляў не спатрэбілася. Самадзейныя артысты яскрава паказалі сябе.
Калектывам «Маркаўчанка» кіруе Марыя Баран. У ролі маці выступіла Таццяна Страдаева, дачкі — Ангеліна Вятлова. Абрад «Дзявочы вечар» каштоўны яшчэ і тым, што матэрыял быў сабраны па крупінках. У свой час работнікі культуры сустракаліся з вяскоўцамі, дакладна запісвалі іх успаміны, апрацоўвалі і абагульнялі матэрыял, каб потым увасобіць у жыццё. Тэлеверсію можна ўбачыць на тэлеканале «Беларусь 3».
У час сустрэчы былі агучаны і новыя планы. Здымачная група тэлепраекта збіраецца прыехаць у Маркава і ў наступным годзе. Сталічных тэлежурналістаў зацікавіў мясцовы абрад «Велікодны карагод «Лука», які штогод праводзіцца тут у першы дзень Вялікадня і ўнесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Беларусі.
Самабытныя абрады ў будучыні могуць стаць цікавымі турыстычнымі маркёрамі і прыцягваць увагу беларусаў і замежных гасцей. Дарэчы, у час вандроўкі ў аб’ектыў тэлекамеры трапілі не толькі таленавітыя людзі, але і прыгожыя краявіды нашага раёна.
У ТЭМУ
Заснавальнікам ансамбля «Маркаўчанка» з’яўляецца Вера Дорах. Званне народнага калектыву прысвоена яму ў 1992 годзе і неаднаразова пацвярджалася. У рэпертуар ансамбля ўваходзяць беларускія народныя песні, абрады, прыпеўкі, песні беларускіх аўтараў, народныя танцы.
Людміла ЦАР.
Фота: архіў ЦЭНТРАЛІЗАВАНАЙ КЛУБНАЙ СІСТЭМЫ РАЁНА.