Новости Молодечно и Молодечненского района

Дзякуючы мастацтву людзі больш клапоцяцца пра парк

  • 2024-07-13 07:45:00
  • Олег БЕГАНСКИЙ

У Маладзечанскай цэнтральнай раённай бібліятэцы імя Максіма Багдановіча экспануецца выстава жывапісу «Маладзечанскія літаратурныя мясціны». На мастацкіх работах адлюстраваны мясціны, звязаныя з жыццём і творчасцю Габрыэлі Пузыні, паэтэсы і мемуарысткі (гады жыцця 1815-1869).

Адзначым, што адкрыццё выставы адбылося ў рамках правядзення ХХІІІ Нацыянальнага фестывалю беларускай песні і паэзіі «Маладзечна-2024». А натхніў мастакоў на творчасць пленэр, які прайшоў у аграгарадку Беразінскае. Вялікая роля ў рэалізацыі праекта належыць прадпрымальніку Генадзію Гаўрысу.

На выстаўцы прадстаўлены работы як мясцовых мастакоў (Мікалай Аўчыннікаў, Рыгор Мяжуеў, Галіна Бяганская), так і творцаў з іншых гарадоў Беларусі (Вячаслаў Аўгусціновіч, Ала Кушнер, Віктар Данілаў, Таццяна Ласка, Вера Каўзановіч). Аб’ядноўвае карціны любоў да роднай зямлі, жаданне паказаць яе прыгажосць, непаўторнасць, значнасць для кожнага з нас.

Карціны выкананы ў рознай тэхніцы. На іх можна ўбачыць знаёмыя куточкі Маладзечаншчыны – парк у Беразінскім, Гарадзілаўскі касцёл, вятрак у вёсцы Салтыны, а таксама Палачаны, Яхімоўшчына, Груздава, іншыя прыгожыя і прасякнутыя гісторыяй мясціны. Для наведвальнікаў гэта сапраўдная энцыклапедыя мастацкага адлюстравання гісторыі малой радзімы.

Цікава, што творчасць сапраўды можа ўплываць на паводзіны і культуру людзей. Як паведаміў адзін з аўтараў работ, пасля пленэру і адкрыцця выстаўкі жыхары Беразінскага і Гарадзілава сталі больш беражліва адносіцца да свайго парку (помніка прыроды мясцовага значэння). У гэтым і праяўляецца сіла мастацтва.

Тэкст і фота: Алег БЯГАНСКІ.