Цэнтр традыцыйнай культуры і побыту ў вёсцы Плябань з’яўляецца важнай кропкай на папулярным турыстычным маршруце з Мінска ў Маладзечна. Тут рэгулярна ладзяцца мастацкія экспазіцыі, іншыя цікавыя мерапрыемствы.
Калі наведаў цэнтр, у адным з пакояў была разгорнута выстава нашай зямлячкі Людмілы Летуновай. Яна закончыла Мінскае мастацкае вучылішча імя Глебава. Яе карцінам характэрныя насычанасць яскравымі фарбамі, вобразнасць сюжэтаў, якія вагаюцца паміж рэальнасцю, мроямі, фантазіяй.
– Выстаўляцца на гэтай пляцоўцы для творцаў прэстыжна, – гаворыць культарганізатар Паліна Сыраквашына. – Наведваюць цэнтр людзі, якія цэняць мастацтва, разбіраюцца ў ім, цікавяцца гісторыяй роднага краю. У нас ёсць магчымасць пазнаёміцца з вясковым побытам канца XIX – пачатку XX стагоддзя, убачыць архіўныя фатаграфіі мясцовых жыхароў, натхніцца карцінамі мастакоў, наведаць майстар-класы па традыцыйным мастацтве.
Паліна малады спецыяліст. Яна закончыла Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў. У Плябані працуе са жніўня гэтага года.
– Атмасфера ў цэнтры добразычлівая, творчая. Тут адпачываеш душой. Я рада, што працую менавіта ў гэтай установе, – адзначыла Паліна Сыраквашына.
Тэкст і фота: Алег БЯГАНСКІ