Новости Молодечно и Молодечненского района

Член-карэспандэнт Міжнароднай акадэміі навук і мастацтваў Алена Ліхадзіеўская: «Дзеля таго каб выдаваць кнігі, я працавала на некалькіх работах»

  • 2023-02-17 07:27:26
  • Анжаліка Крупянькова

Гэта грамадская арганізацыя аб’ядноўвае дзяржаўных дзеячаў, вучоных, палітыкаў, літаратараў, мастакоў, прадстаўнікоў іншых прафесій з Расіі, краін далёкага і блізкага замежжа. Яна была заснавана ў 2021 годзе пры ўдзеле Інтэрнацыянальнага Саюза пісьменнікаў, членам якога наша зямлячка з’яўляецца з 1997 года.

У студзені ў Цэнтральным доме літаратараў у Маскве адбылося ўрачыстае ўручэнне рэгалій новым членам-карэспандэнтам Акадэміі з Расіі, Башкартастана, Дагестана, Татарстана, Кыргызстана, Чувашыі. Алена Ліхадзіеўская была адзінай прадстаўніцай Беларусі. Разам з дыпломам і пасведчаннем Міжнароднай акадэміі навук і мастацтваў ёй уручылі медаль Пятра І «За выдающиеся заслуги».

Так высока ацэнены яе ўклад у развіццё беларускай і славянскай літаратуры. Алена Антонаўна ўзнагароджана чатырма дыпломамі і медалём Антуана дэ Сэнт-Экзюперы, двума медалямі Святых роўнаапостальных Кірыла і Мяфодзія, яна з’яўляецца дыпламанткай літаратурнай прэміі Уладзіміра Набокава.

Яе першы зборнік вершаў «Зоркай спавітая» выйшаў у сталічным выдавецтве «Кніга-збор» у 2014 годзе. Але да гэтага яе творы друкаваліся ў калектыўных зборніках, на старонках мясцовых і рэспубліканскіх перыядычных выданняў. Прыемна адзначыць, што пісьменніца даўні сябар нашай газеты, у савецкія часы была нашым пазаштатным карэспандэнтам. Яе вершы неаднойчы друкаваліся ў літаратурнай старонцы «Купалінка». Яны адметныя па стылі, вобразнасці, адчуванні прыроды, разуменні людзей.

Імкненне выказваць свае пачуцці і думкі ў рыфмаваных радках узнікла ў яе яшчэ ў дзяцінстве. Свае першыя вершы Алена напісала ў школьным узросце, яны друкаваліся на старонках Чэрвеньскай раённай газеты. Алена жыла ў вёсцы, якая была з усіх бакоў атулена лесам. Яна з маленства любіць прыроду, усё жывое. Ад бабулі, маці перадалася ёй вера ў лекавую сілу траў, уменне выкарыстоўваць іх пры розных хваробах. Субяседніца расказвае, што ў дзяцінстве была вельмі хваравітай, памятае, як урачы, да якіх яе бясконца вазілі бацькі, не пакідалі ім надзеі на выздараўленне. Але адбыўся сапраўдны цуд: хваробы адышлі, а рэцэпты народнай медыцыны засталіся з ёю на ўсё жыццё, як і дзедава кніга «Лекавыя расліны ў навуковай і народнай медыцыне». А яшчэ жаданне глыбей пазнаць таямніцы прыроды, адкрыць іх іншым.

Гэта тлумачыць і той факт, што па першай сваёй адукацыі Алена пчаляр. Пасля Смілавіцкага саўгастэхнікума (яго, дарэчы, заканчвала і матуля Алены Яўгенія Крупень, якая ўсё жыццё працавала аграномам) па размеркаванні паехала ў Лёзненскі раён на Віцебшчыне. Адтуль паступіла ва Усесаюзны сельскагаспадарчы інстытут завочнага навучання ў падмаскоўным горадзе Балашыха. Паспяхова вытрымала конкурс у 17 чалавек на месца, атрымала дыплом. І ўсё ж творчасць, літаратура ўзялі верх: завочна закончыла філалагічны факультэт Белдзяржуніверсітэта. Выкладала беларускую мову і літаратуру ў Аляхновіцкай школе, працавала ў Красненскай бібліятэцы, была загадчыцай філіяла музея Гісторыі беларускай літаратуры ў Плябані. На кожным этапе былі свае здабыткі і, безумоўна, новыя творы. Калі зразумела, што напісанага дастаткова для кнігі, і не адной, выдавала іх за свой кошт.

— Даводзілася працаваць на некалькіх работах, але фізічная стома нішто ў параўнанні з пачуццём, калі ты трымаеш у руках сваю кнігу, сваё выпеставанае дзецішча. Калі бачыш, што яна мае водгук у чытачоў, разыходзіцца на паліцах кнігарняў, — адзначае пісьменніца.

Творчасць Алены Ліхадзіеўскай разнажанравая. Гэта і лірычная паэзія пра каханне, і патрыятычныя радкі аб любові да роднай Беларусі, і гістарычныя творы. Нікога не пакіне раўнадушным зборнік апавяданняў «Бусліная песня», выдадзены ў выдавецтве «Мастацкая літаратура». Сакавітая мова, жыццё і перажыванні простых людзей, глыбокі псіхалагізм — кніга чытаецца на адным дыханні. Неад’емная частка літаратурнага плёну нашай зямлячкі — вершы, казкі для дзяцей, якія дапамагаюць ім адкрываць свет прыроды, гісторыю сваёй краіны. Нямала і гумарыстычных вершаў, многія з якіх друкаваліся на старонках часопіса «Вожык». Адметна, што песні на вершы Алены Ліхадзіеўскай выконваюцца на рэспубліканскіх фестывалях песні і паэзіі, Грушаўскім фестывалі ў Расіі, іх уключала ў свой рэпертуар маладзечанскае трыа «Фіеста».

Новым штуршком для творчасці стала ўступленне ў Інтэрнацыянальны Саюз пісьменнікаў, які аб’ядноўвае пісьменніцкія саюзы больш чым 40 краін свету. Ён дае магчымасць удзельнічаць у разнастайных міжнародных праектах і конкурсах, адкрывае для творцаў новыя гарызонты.

Мая субяседніца расказвае, што адзін з яе твораў — «Поэма любви в поэме печали», напісаная да 110-годдзя гібелі «Тытаніка» — перакладзены на англійскую мову. Некаторыя беларускамоўныя вершы па-новаму загучалі на рускай мове. У мінулым годзе ў Маскоўскім выдавецтве Інтэрнацыянальнага Саюза пісьменнікаў накладам у пяць тысяч асобнікаў выдадзена новая кніга Алены Ліхадзіеўскай «Стань сильней и мудрей. Поэтический экскурс по следам мудрецов». У ёй аўтар прасочвае гісторыю развіцця народнай медыцыны, прапаведуе здаровы лад жыцця і заклікае «ісці ў карагод з прыродай», вучыць слухаць свой арганізм, каб не нашкодзіць яму.

Кожная кніга нашай зямлячкі знайшла свайго чытача. Алена Антонаўна выступае ў школах і бібліятэках, дзеліцца сакрэтамі творчасці, абуджае цікавасць у юнага пакалення да роднай мовы і літаратуры.

* * *
Алена ЛІХАДЗІЕЎСКАЯ

Пах раллі і травы прыдарожнай,
Шорах лісця і скрып альтанкі,
Вы радзілі мяне валошкай
На жытнёва-спелым світанку.
Вы спавілі мяне зарою
Ў туманах і брыльянтах-росах,
Вы назвалі мяне дачкою
Хлебных ніў і духмяных пакосаў.
Мноства зорак у небе высокім
Цуда-песні зямлі радзімай,
Вы зрабілі мой голас звонкім
І расправілі моцна крылы.

* * *

Мы будзем
Мы будзем. Мы заўсёды будзем.
Нас заклінаюць неба і зямля.
Пачуццямі нямы прастор
разбудзім,
Бясконцым:
«Любы мой!»,
«Мая, мая!».
Хвіліны нашай памяці святыя
Мінаюцца. Насустрач нам, здаля,
Два клічы патаемныя, жывыя:
«Каханы мой!»,
«Любімая мая!».
Ці зорка ў ясным небе
ўстрапянецца,
Зляціць, свайго шукаючы рая,
Ці сонца блісне. Толькі чуе сэрца:
«Любімы мой!»,
«Каханая мая!».
«Маладачанка»
Твар усяго раёна і горада,
Душы, пачуцці, смутак і боль.
Усё гэта блізка вельмі і дорага,
Нібы вада, хлеб надзённы і соль.
Любую газету чытаю ўважліва.
Цікавага многа, ды гэта радней.
Тут кожны радок бы
магнітам прыцягвае,
Ад кожнага слова цяплей і святлей.
Таму калі думаю я пра падпіску
І розныя назвы мільгаюць у вачах,
«Маладачанку» я першай выпісваю,
Яна ж мне і крылы дала ў плячах.

Анжаліка КРУПЯНЬКОВА.
Фота: Архіў Алены ЛІХАДЗІЕЎСКАЙ.