Новости Молодечно и Молодечненского района

Чаму месяц кастрычнікам называецца?

  • 2024-10-31 07:13:45
  • Людмила ЦАРЬ

Пагадзіцеся, не ў кожнай бібліятэцы ёсць свой музей. Тым больш цікава зазірнуць у сельскую інтэграваную бібліятэку аграгарадка Выверы Маладзечанскай ЦРБ імя Максіма Багдановіча.

Там быў створаны музейны пакой. Прычым некаторым экспанатам больш за сто гадоў.
Яшчэ з дзяцінства Ірыну прывучыў з павагай ставіцца да роднай культуры яе бацька Андрэй Соніч, які працяглы час выкладаў беларускую літаратуру ў Выверскай школе і ўзначальваў яе.

– Звярніце ўвагу на вышыўкі маёй бабулі, – гаворыць бібліятэкар Ірына Лемантовіч. – Дзве мае бабулі – Алена і Вера – былі сапраўднымі майстрыхамі. Адна цудоўна вышывала, другая займалася ткацтвам.

Такія экспанаты былі ў ліку першых у экспазіцыі. А пачалася яна з калаўрота, што прынеслі вяскоўцы. Бібліятэкар удзячная мясцовым жыхарам, якія перадалі ў бібліятэку рэчы, што дасталіся ім у спадчыну.

Школьнікам і дарослым цікава ўбачыць прылады і рэчы даўніх часоў. У іх ліку керагаз, радыёла, прасы, машынка для стрыжкі валасоў, ліхтар, чапяла, кошыкі і многае іншае. Сапраўдная музейная калекцыя аўтэнтычных прадметаў, што фігуруюць у розных кнігах, прыцягвае ўвагу чытачоў. Вялікую цікавасць выклікаюць каменныя жорны – прыстасаванне для ручнога памолу збожжа, якія выдатна захаваліся.

Пра вельмі многае можна даведацца ў час змястоўнай экскурсіі. Далёка не ўсе ведаюць, адкуль пайшла назва другога месяца восені.

Назва кастрычніка паходзіць ад кастры – адходаў апрацоўкі сцябла валакністых раслін. У гэты час работы ў сельскай гаспадарцы былі скончаны. Доўгімі асеннімі вечарамі сяляне ачышчалі лён ад кастры.

Ірына Лемантовіч упэўнена, што прызначэнне сучаснай бібліятэкі ў тым, каб выконваць мноства функцый, быць культурным і прыцягальным асяродкам для людзей рознага ўзросту. І многае робіць для гэтага.

Тэкст і фота: Людміла ЦАР