Новости Молодечно и Молодечненского района

Аўтограф на добры ўспамін

  • 2024-08-13 06:54:00
  • Людмила ЦАРЬ

У Красненскай сельскай бібліятэцы маю ўвагу прыцягнулі прадстаўленыя асобна кнігі з аўтографамі. Аўтары не шкадавалі шчырых слоў у адрас мясцовай бібліятэкі, яе супрацоўнікаў і чытачоў.

Не сакрэт, што аўтарскі подпіс здольны ператварыць экзэмпляр у сапраўдны рарытэт. Раіса Баравікова на тытульным лісце сваёй кнігі лірыкі «Каханне» пажадала ўсім шчасця, поспехаў, радасці.

Шчыра звярнулася да чытачоў наша зямлячка Алена Ліхадзіеўская, аўтар шматлікіх твораў, у тым ліку зборніка вершаў «Зоркай спавітая».

У кнізе паэзіі «Пялёсткі сняжынак» занатавала свае ўражанні Ганна Міклашэвіч. Ганад Чарказян, у творчасці якога аб’яднаныя традыцыі дзвюх літаратур – курдскай і беларускай, пажадаў установе дабра і міру. Меркаванне пра тое, што «Самае вернае правіла ў жыцці – правіла душы і сэрца» належыць Наталлі Батраковай.

Творчыя сустрэчы застаюцца ў памяці надоўга. Вядомыя асобы расказваюць аб сваім творчым шляху, дзеляцца марамі і планамі, адказваюць на пытанні. А яшчэ пакідаюць свае аўтографы.

Тэкст і фота: Людміла ЦАР