22.10.2020 10:32

«Я да бярозкі як на спатканне выйду за вёску раннім світаннем…»

— У каменныя джунглі мяне не зацягнеш! – гаворыць ураджэнец вёскі Бярозаўцы Хажоўскага сельсавета Іван Відрук.

Іван і Святлана Відрукі. Іван і Святлана Відрукі. "Маладзечанская газета".

Амаль 40 гадоў ён адпрацаваў на ТЭЦ-4 у Мінску, мае ў сталіцы кватэру. Але як выйшаў на пенсію, разам з жонкай Святланай пераехаў на малую радзіму, якой прысвяціў шмат вершаў. Відаць, самім лёсам наканавана яму быць творчым чалавекам: нарадзіўся 7 ліпеня, на Івана Купалу…

На Кудрэлі кастры гарэлі

— Іван Уладзіміравіч, нам вельмі спадабалася ваша вёска: вакол лес, прыгожыя краявіды. Вуліца заасфальтаваная, да многіх дамоў падведзены газ. А якімі былі Бярозаўцы ў часы вашага дзяцінства?

— Першае, што ўспамінаецца, гэта песні. Мая мама Рэгіна Уладзіславаўна, у дзявоцтве Шыдлоўская, вельмі прыгожа спявала. Яе нават на радыё запісвалі, а пры Польшчы ўгаворвалі яе бацькоў аддаць дачку вучыцца спевам, ды яны не згадзіліся. Паралельна нашай вёсцы знаходзіцца гара, якая называецца Кудрэлі. Раней на Купалле там заўсёды вогнішча раскладалі, чалавек па сто збіралася. А жанчыны зацягвалі песні з розных канцоў гары, галасы іх зліваліся – гэта было нешта фантастычнае!
Вёска наша цягнецца на кіламетр, раней у ёй было 120 хат, цяпер менш. Пяць дамоў – Відрукоў, чатыры – Шчэрбачаў, нямала Купрыянаў, Сянько, Козелаў. Раней частку вёскі за дарогай на ферму называлі Казлы. Былі ў нас магазін, клуб, чатырохгадовая школа, якую я закончыў, а ў пяты клас пайшоў за тры кіламетры ў Хоўхлава. Пасля васьмі класаў паступіў у Маладзечанскі палітэхнікум, атрымаў спецыяльнасць цеплатэхніка кацельных паратурбінных установак.

Рыбацкае шчасце – шчупак на 8 кілаграмаў

— А адкуль пайшла назва вашай вёскі? Мабыць, бяроз навокал расце шмат?
— Бярозы, безумоўна, ёсць. Але за кіламетр ад вёскі цячэ Заходняя Бярэзіна, ад якой таксама магла пайсці назва. За тры кіламетры – Васькаўскае возера. Я гадоў з чатырох на рэчку з вудачкай бегаў, суседзі Станіслаў Козел, Іван Душкевіч мяне рыбацкім сакрэтам навучылі. Да гэтага часу люблю рыбачыць, надзіманую лодку з машыны не вымаю.

— Якую самую вялікую рыбіну ўдалося злавіць?
— Шчупака на восем кілаграмаў. Святлана з яго шмат катлет насмажыла. Іншы раз налаўлю рыбы, павэнджу — суседзяў запрашу. «Што за свята?» — пытаюцца. «Ды проста добры быў улоў!» — адказваю.

Жонка – з Ташкента, пазнаёміліся ў Куйбышаве

Святлане было ўсяго 18 гадоў, калі яна, навучэнка Ташкенцкага тапаграфічнага тэхнікума, пры-
ехала ў Куйбышаў на практыку. У гэты час сюды накіравалі на стажыроўку 23-гадовага Івана, які пасля службы ў арміі ўладкаваўся машыністам катлоў на Мінскую ТЭЦ-4. Пазнаёміліся яны ў гас-
цініцы, знаёмства перарасло ў каханне. У Мінск да жаніха Святлана прыляцела з Ташкента разам з мамай, неўзабаве згулялі вяселле. Зусім нядаўна, у канцы верасня, Відрукі адзначылі
43-годдзе сумеснага жыцця. У іх два сыны — Дзмітрый і Максім, сямёра ўнукаў.

Святлана Уладзіміраўна гаворыць, што не сумуе па Ташкенце: клімат там цяжкі, летам вельмі горача. Калі яе маці пайшла на пенсію, таксама пераехала ў Беларусь, купіла кватэру ў Мала-
дзечне. А як успамін пра Узбекістан – смачныя манты, якія па-майстэрску гатуе Святлана. Яна шмат гадоў адпрацавала тапографам у РУП «Белгеадэзія».

— Карту тапографы складалі, а нашы Бярозаўцы на ёй не пазначаныя! Між тым суседнія Броды, у якіх 15 дамоў, на ёй ёсць, яшчэ меншыя Чахі — таксама, — заўважае мой субяседнік.

— Не ведаю, як так атрымалася, прамашка выйшла, — разводзіць рукамі Святлана Ула-
дзіміраўна, якая, як і муж, усёй душой прырасла да Бярозаўцаў і ў сталіцу ездзіць толькі па неабходнасці.

Яна і мову беларускую добра разумее.

— Раней мог падкінуць ёй незнаёмае слоўца, каб адгадала, што яно азначае, а цяпер нецікава – усё ведае, — з усмешкай гаворыць Іван Уладзіміравіч.

«Я ніколі адсюль не з’язджаў»

На ТЭЦ-4 Іван Уладзіміравіч зрабіў кар’еру ад машыніста катлоў да начальніка змены цэха. За добрасумленную працу быў узнагароджаны медалём «За трудовое отличие». Зменны графік дазваляў яму часта бываць дома, дапамагаць бацькам. На матацыкле з каляскай прыязджаў па некалькі разоў на тыдзень. Па натуры ён энергічны, няўрымслівы чалавек. «Канапная хвароба мяне не зваліць», — жартуе ён.

У бацькоўскім доме Відрукі зрабілі адмысловы рамонт: падвялі газавае ацяпленне, кана-
лізацыю, тут ёсць усе гарадскія выгоды.

— І ўсё гэта муж сам зрабіў. І трактарчык з прычапнымі ўстройствамі сабраў, лазню, цяпліцы пабудаваў, — з гордасцю гаворыць гаспадыня, якая займаецца агародам, любіць вырошчваць кветкі. Месца для ўсяго хапае: вакол дома 38 сотак.

Калі пішуцца вершы

Ёсць у Івана Уладзіміравіча запаветны сшытак. У тоўстым штодзённіку акуратна перапісаны ўсе яго вершы. Суседзі Івашкевічы падарылі да яго шыкоўную скураную вокладку, атрымаўся сапраўдны фаліянт.

— Складаць вершы пачаў яшчэ ў арміі, калі трэба было насценную газету афармляць. З таго часу і пайшло: як што-небудзь душу ўсхвалюе — бяруся за ручку. У маладыя гады, пакуль не жаніўся, часцей пісаў, — гаворыць мой субяседнік. – Калі з арміі вярнуўся, ад радасці, здавалася, словы самі клаліся на паперу… А апошні свой верш прысвяціў сябру, якога не стала. Цяжка ён мне даўся…
З маладосці Іван Уладзіміравіч іграе на гітары, спявае. Жонка гаворыць, што яе любімая — «Поручик Галицын» з рэпертуару Аляксандра Малініна, шмат ведае і песень Высоцкага.

Для гітары, як і для вершаў, патрэбны настрой, натхненне. Калі і ў салідным узросце душа чуйна адгукаецца на шапаценне бярозак, усмешку каханай, смех унукаў – значыць, будуць нараджацца новыя вершы, а пад роднымі бярозкамі пачуецца гітарных струн перазвон…


Фота: Аляксей ПЛАТКО.

 

Прочитано 231 раз
Анжаліка Крупянькова

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.

Добавить комментарий


Защитный код
Обновить