10.09.2020 12:19

Вышыванка ляціць у Джакарту

Заўсёды захаплялася людзьмі, якія не толькі бачаць прыгожае вакол сябе, але і ўмеюць ствараць яго ўласнымі рукамі. Знаёмцеся: педагог-баяніст Ларыса Ількевіч. Цяпер яна жыве на Вілейшчыне, у вёсцы Людвінова, працуе ў філіяле музычнай школы. Уся яе сям’я так ці інакш звязана з музыкай.

— Я карэнная маладзечанка. Да гэтага часу ў цэнтры горада, побач з будынкам пракуратуры, захаваўся бабулін дом, у якім жыве мая пляменніца, — расказвае Ларыса.

Вышываць яна пачала больш за 10 гадоў таму, неўзабаве пасля таго як акрыяла пасля цяжкай хваробы. Перш-наперш вышыла абраз Казанскай Божай Маці. Менавіта абразы — любімы «жанр» майстрыхі. Вышыла іх прыкладна пяць дзясяткаў. Частка захоўваецца дома, астатнія падораны сябрам і блізкім людзям. Самым любімым лічыць абраз Мікалая Цудатворца. Яшчэ адзін улюбёны напрамак працы — вышываныя крыжыкам карціны.

Некалькі гадоў Ларыса Ількевіч працуе з арнаментам. У наш час усё больш беларусаў лічаць сваім абавязкам займець у гардэробе штосьці з адзення з «вышыванкай». Рамесніца супрацоўнічала са сталічнай крамай этнічных тавараў, дзе рабілі пакупкі і заказы нашы суайчыннікі, якія жывуць за мяжой. Вышыванкі разляцеліся па свеце. Ларыса захоўвае фотаздымкі прыгожых і шчаслівых беларусаў у льняным нацыянальным адзенні, што памятае цяпло яе рук, з’яўляецца сімвалам прыналежнасці да беларускай нацыі.

Майстрыха можа не толькі ўпрыгожыць вышыўкай вопратку, але і раскроіць і пашыць яе «з нуля». Сярод яе работ таксама мноства дробных сувеніраў — лялькі, навагодняя атрыбутыка, велікодныя яйкі, магніты з беларускім арнаментам. Быў нават калектыўны заказ – вышыўка для блузак на цэлы харавы калектыў. Зразумела, уся вышыўка робіцца толькі ручная.

Цяпер рамесніца сама рэкламуе свае работы ў інтэрнэце. Упрыгожвае арнаментам кашулькі і сукеначкі для дзетак, вясельныя строі і, вядома ж, ручнікі. Ёсць работы, якімі Ларыса як вышывальшчыца можа ганарыцца. Яна стварала арнамент, вязала карункі і шыла элементы касцюмаў для вядомых у Беларусі жанчын Раісы Раманені і Ірыны Дзернакоў-скай — майстроў народнай творчасці па саломапляценні і ткацтве, вышывала кашулю для знакамітага мядзельскага разьбяра па дрэве Юрася
Камандзірчыка.

Ларыса расказала, што працуе вельмі хутка і вышывае адразу некалькі вырабаў. Гэта карпатлівы занятак з узростам кампенсаваў зрок і дапамог ёй пазбавіцца ад акуляраў. «Чалавек пераводзіць погляд то на схему, то на палатно… Гэта добрае практыкаванне для маіх вачэй», — сцвярджае субяседніца.
Яна вывучыла беларускія ўзоры настолькі, што часта не карыстаецца схемай, дастаткова эскіза. Працавала не толькі з беларускімі, але і са славянскімі арнаментамі. У бліжэйшых планах — кашуля для старавераў з Масквы, вышываная ўнікальнымі знакамі яго сям’і. «Напэўна, гэта самая незвычайная праца», – гаворыць майстрыха.

У ТЭМУ

Арнамент (ад лацінскага слова ornamentum — «упрыгажэнне») — гэта ўзор, пабудаваны чаргаваннем у пэўным парадку (рытме) якіх-небудзь малюнкаў або ліній.

Геаметрычны арнамент складаецца з кропак, ліній (прамых, ламаных, зігзагападобных) і фігур (колаў, ромбаў, шматкантовікаў, зорак, крыжоў, спіраляў і інш). Ёсць яшчэ арнамент з выкарыстаннем элементаў раслін, жывёл і фігурак чалавека.

Элементы арнаменту азначаюць разнастайныя пачуцці: стрыманасць і ўрачыстасць, лёгкасць, вытанчанасць і плаўнасць, унутранае напружанне ці спакой, вольны рух. Яго эмацыянальная выразнасць бясконцая. У арнаменце адлюстроўваюцца характар і асаблівасці культуры народа, які стварыў яго, а таксама эпоха, у якую ён узнік.


Лілія ЛІПНІЦКАЯ.

Фота: архіў ЛАРЫСЫ ІЛЬКЕВІЧ.

 

Галерея изображений

Просмотреть встроенную фотогалерею в Интернете по адресу:
https://mgazeta.by/god-maloj-rodiny/item/7625-vyshyvanka-lyatsits-u-dzhakartu.html#sigProId8a43995814
Прочитано 541 раз Последнее изменение 10.09.2020 12:19
Лилия Липницкая

Редактор интернет-сайта

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.

Добавить комментарий


Защитный код
Обновить