30.04.2021 10:14

2 МАЯ – УВАСКРЭСЕННЕ ХРЫСТОВА ПА КАЛЕНДАРЫ ПРАВАСЛАЎНАЙ КАНФЕСІІ

2 МАЯ – УВАСКРЭСЕННЕ ХРЫСТОВА ПА КАЛЕНДАРЫ ПРАВАСЛАЎНАЙ КАНФЕСІІ В качестве иллюстрации.

Узлюбленыя ў Госпадзе пачэсныя айцы, дарагія браты і сёстры!

Сёння, у дзень Светлага Хрыстова Уваскрэсення, мы ад усяго сэрца дзякуем і праслаўляем нашага Спасіцеля за Яго невыказны дар любові да нас грэшных. Сын Божы, асабіста стаўшы Чалавекам, здзяйсняе выкуп чалавека, які паў у грэх.

Пасха Хрыстова – гэта сімвал уваскрэсення не толькі Божага, але і чалавечага. І для таго каб стаць саўдзельнікам гэтага ўваскрэсення і дасягнуць выратавання, кожнаму з нас неабходна зрабіць усвядомлены выбар і, духоўна ўзышоўшы на сваю асабістую Галгофу, раскрыжавацца там за свае грахі. «Сапраўды, сапраўды кажу вам: калі зерне пшанічнае, упаўшы ў зямлю, не памрэ, то яно застанецца адно, а калі памрэ, то багаты плён дасць. Хто любіць душу сваю, загубіць яе; а хто ненавідзіць душу сваю, у свеце гэтым захавае яе для жыцця вечнага. Хто Мне служыць, няхай ідзе ўслед за Мною; і дзе Я, там і слуга мой будзе…» (Ін.12; 24-26), — кажа Сам Хрыстос Спасіцель.

«Бо для кожнага чалавека, які змяняецца і становіцца з аднаго іншым, канец – не быць тым, кім ён быў, і пачатак – быць тым, кім ён не быў. Але важна, для каго чалавек памрэ і для каго будзе жыць, бо ёсць смерць, якая вядзе да жыцця, і ёсць жыццё, якое вядзе да смерці. І не дзе-небудзь, а ў гэтым часовым жыцці можна здабыць і тое, і іншае; і ад таго, як мы паступаем у часе, залежыць адрозненне платы нам у вечнасці». Знакамітае выслоўе прападобнага Максіма Іспаведніка пра Хрыста як Носьбіта і Крыніцу Жыцця для тых, хто верыць у Яго і, узяўшы дзеля Яго свой Крыж, абвяшчае: «Чалавек можа ператварыць у рай усю зямлю толькі тады, калі ён будзе насіць рай у сваім сэрцы».

З радасцю сустракаючы Пасху Гасподню, малітоўна ўсім жадаю няўхільна і не азіраючыся рухацца па шляху выратавання за сваім Спасіцелем – Госпадам нашым Ісусам Хрыстом. Які, як любячы Бацька, засцеражэ нас ад хвароб, страху, нягод, бед «і ўтрэ кожную слязу» (Адкр.21;4).

Сапраўды Уваскрэс Хрыстос!

ЕПІСКАП МАЛАДЗЕЧАНСКІ І СТАЎБЦОЎСКІ ПАВЕЛ.
Пасха Хрыстова, 2021 г.


Паважаныя жыхары Маладзечанскага раёна!

Сардэчна віншуем вас са светлым і радасным святам – Уваскрэсеннем Хрыстовым!

Гэта адно з самых шаноўных свят стала сімвалам урачыстасці жыцця, дабрыні і веры. Але ў першую чаргу яно з’яўляецца ўнутранай духоўнай урачыстасцю.
Уваскрэсенне Хрыстова ўсяляе ў сэрцы людзей цёплыя пачуцці сяброўства, міласэрнасці і любові. У такія дні нас перапаўняюць глыбокая, непадробная радасць і імкненне рабіць добрыя справы, атуляць цеплынёй блізкіх.

Няхай кожны з нас сустрэне гэты дзень з чыстым сэрцам і добрымі думкамі. Няхай святло вялікага свята ніколі не згасае ў нашых душах, надае сілы для новых здзяйсненняў, сцвярджэння ідэалаў справядлівасці.

Шчыра жадаем усім здароўя, радасці, шчасця і працвітання.

РАЁННЫ ВЫКАНАЎЧЫ КАМІТЭТ.
РАЁННЫ САВЕТ ДЭПУТАТАЎ.


Паважаныя жыхары Маладзечаншчыны, вернікі праваслаўнай канфесіі!

З пачуццём глыбокай радасці і ад усяго сэрца віншуем вас са Светлым Хрыстовым Уваскрэсеннем!

Гэты дзень умацоўвае веру ў перамогу міру, дабра і справядлівасці, сімвалізуе любоў і згоду, аб’ядноўвае ўсіх нас на аснове традыцыйных духоўных каштоўнасцей, падахвочвае да здзяйснення добрых учынкаў, спагады і міласэрнасці, да роздуму аб вялікім сэнсе ахвяры ў імя любові і надзеі, да жыцця па сумленні. Для многіх пакаленняў гэта вялікае свята з’яўляецца сімвалам радасці жыцця і перамогі дабра над злом, чалавекалюбства і справядлівасці.

Жадаем, каб у кожным доме заўсёды былі мір, згода і радасць, каб вашы сэрцы сагравалі цеплыня і любоў радні і блізкіх!

Няхай гэта свята напоўніць вашы сэрцы светлымі пачуццямі, падорыць радасць і дабрыню! Моцнага вам здароўя і сямейнага шчасця!

К.В. КАПУЦКАЯ, член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь.
Л.М. КАНАНОВІЧ, А.А. СЕМЯНЧУК, дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь.

Прочитано 274 раз
Отдел информации.

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.