30.11.2022 11:49

Марыя Шыман: «Як бы цяжка ні было, трэба старацца, каб рукі рабілі, ногі хадзілі, а галава варыла…»

Не паддавацца хваробам, не страчваць аптымізм -- такі галоўны прынцып маладзечанкі Марыі Шыман. Напярэдадні Дня інвалідаў Рэспублікі Беларусь да яе завіталі з дабрачыннай місіяй удзельніцы жаночага клуба «Сучасніца» гарадскога Палаца культуры.

Цёплы момант сустрэчы: Ганна Владыка, Марыя Шыман, Людміла Абрамовіч, Марыя Драбо. Цёплы момант сустрэчы: Ганна Владыка, Марыя Шыман, Людміла Абрамовіч, Марыя Драбо. "Маладзечанская газета"

Марыя Пятроўна нядаўна сустрэла сваю 82-ю восень. Родам яна з Валожыншчыны, у Маладзечне жыве з канца 1950-х. Трыццаць гадоў адпрацавала загадчыцай гаспадаркі ў дзіцячым садзе №14. І цяпер любіць назіраць, як раніцай бацькі вядуць дзетак у сад. Прыгадвае, што ў яе бытнасць у групах было па 36 чалавек -- садоў у горадзе было менш, а дзяцей вельмі шмат. Загадчыцы гаспадаркі трэба было вельмі старацца, каб малышы своечасова былі забяспечаны ўсім неабходным, каб у садзіку ім было ўтульна, цёпла, бяспечна. З вялікай адказнасцю ставілася яна да сваіх абавязкаў. «А як інакш? Гэта ж дзеці!» -- гаворыць жанчына, якая выгадавала цудоўных сына і дачку, дачакалася ўнукаў. На вялікі жаль, муж Аляксей Усцінавіч даўно пайшоў з жыцця. Ён выдатна спяваў, ад яго музыкальныя здольнасці перадаліся дзецям, унукам. Блізкія атуляюць Марыю Пятроўну клопатам і любоўю, часта наведваюць, дапамагаюць, забяспечваюць усім неабходным. Жанчына жыве адна. Нягледзячы на цяжкую хваробу, якая 12 гадоў таму прывяла да інваліднасці ІІ групы, яна не падае духам, не дае сабе паблажак. У яе ўтульнай кватэры чысціня і парадак, сама выглядае прывабна і акуратна. А самае галоўнае -- не страчвае цікавасць да жыцця: падтрымлівае стасункі са знаёмымі, глядзіць любімыя перадачы, чытае газеты, у тым ліку «Маладзечанскую».

-- У любых абставінах і ў любым узросце трэба старацца, каб рукі рабілі, ногі хадзілі, а галава варыла, -- па-народнаму трапна гаворыць наша субяседніца.

Марыя Пятроўна з вялікай удзячнасцю расказвае пра людзей, якія ёй дапамагаюць. Другі год яна знаходзіцца пад пастаяннай апекай медсястры Маладзечанскай раённай арганізацыі Беларускага Таварыства Чырвонага Крыжа Марыі Драбо. Марыя Канстанцінаўна сочыць за станам здароўя сваёй падапечнай: мерае ціск, пры неабходнасці робіць ін’екцыі, выпісвае ў паліклініцы рэцэпты, прыносіць з аптэкі лякарствы, выконвае іншыя просьбы. Добрым словам прыгадвае Марыя Шыман былога ўчастковага ўрача Кацярыну Салагуб -- выдатнага прафесіянала і чулую жанчыну, якая, як гаворыць наша субяседніца, лячыла нават словам. На жаль, яе ўжо няма ў жывых. Цяпер Марыя Пятроўна звяртаецца да ўчастковага ўрача Наталлі Сяргеевай, якая таксама адказна і ўдумліва ставіцца да сваіх абавязкаў.

Удзельніцы жаночага клуба «Сучасніца» на чале з яго кіраўніком Ганнай Владыка рады былі пазнаёміцца з Марыяй Пятроўнай, падзякаваць ёй за шматгадовую добрасумленную працу, за ўсё добрае, што яна зрабіла для людзей, перадаць у падарунак прадуктовы набор, пажадаць здароўя, аптымізму, спакойнага і мірнага жыцця.

Дабрачыннасць -- адзін з галоўных кірункаў клуба «Сучасніца», які дзейнічае на працягу трох гадоў. За гэты час яго ўдзельніцы аказвалі дапамогу дзецям з інваліднасцю, адзінокім малазабяспечаным, састарэлым, радавалі навагоднімі падарункамі выхаванцаў дзіцячых садоў, у якіх ёсць праблемы са здароўем. Напярэдадні Новага года і Каляд будуць новыя адрасы дабрачыннасці, а значыць, і новыя цёплыя сустрэчы, якія дапамагаюць усім нам не быць раўнадушнымі, верыць у дабро.

Тэкст і фота: Анжаліка КРУПЯНЬКОВА.

Прочитано 383 раз Последнее изменение 30.11.2022 11:49
Анжаліка Крупянькова

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.