19.07.2017 12:27

Хочаш змяніць свет – пачні з сябе

Як за дваццаць пяць гадоў ні разу не падхапіць прастуду? У чым сакрэт даўгалецця і бадзёрасці? Што можа зрабіць звычайны пенсіянер, каб навакольны свет стаў больш прыгожым? Як без асаблівых выдаткаў вырашыць праблему высокіх бардзюраў – сапраўднай перашкоды для мам з каляскамі, веласіпедыстаў, інвалідаў? Гэта і многае іншае ведае Уладзімір Катляр, які ў свой час быў адным з першых энергетыкаў нашага рэгіёна, рыхтаваў маладыя кадры ў палітэхнікуме, больш за 30 гадоў працаваў на Крайняй Поўначы.

Хочаш змяніць свет – пачні з сябе "Маладзечанская газета"

Замест таблетак – унты

Пра тое, як Уладзімір Іванавіч навучыўся перамагаць прастуду, пісала нават расійская газета «Аргументы и факты». «Чвэрць стагоддзя я не хварэю і нават не кашляю, а да гэтага шэсць гадоў пакутаваў ад хранічнага фарынгіту, пастаянна прастываў», — расказвае мой субяседнік. І не ўтойвае свайго сакрэту. Адзін з самых каштоўных яго трафеяў, прывезеных з Крайняй Поўначы, – унты. Гэты цёплы абутак, які і сёння незаменны ў краі вечнай мерзлаты, дапамагае перамагаць розныя вірусы і прастуды. «Як толькі пачынае пяршыць у горле, адразу надзяваю унты. Падэшвы ў іх з лямцу (войлока), верх – з аўчыны. Праз хвілін дваццаць нагам становіцца вельмі цёпла, потым наогул горача, — працягвае Уладзімір Іванавіч. — Я адчуваю прыліў сіл, нават настрой паляпшаецца. Звычайна хаджу ў іх увесь дзень, а раніцай адчуваю сябе абсалютна здаровым. Яшчэ пырскаю горла і нос аэразолем «Каметон», нават у паездкі яго з сабой бяру. Галоўнае — не прапусціць першыя прыкметы хваробы, тады эфект наступае хутка. Дарэчы, замест унтаў можна выкарыстоўваць і валёнкі, але яны павінны быць новымі, не вынашанымі, большымі па памеры, каб на ногі можна было дадаткова надзець шарсцяныя шкарпэткі».

Лячэбныя якасці унтаў ён адкрыў для сябе, калі яшчэ жыў у Новым Урэнгоі, дзе зіма пачынаецца ў кастрычніку, а заканчваецца ў маі, і маразы дасягаюць 55 градусаў. Беларус не вельмі добра пераносіў суровы клімат, па 4-5 разоў на год хадзіў на бальнічны. Пасада ў нашага героя была на той час  адказная – працаваў галоўным энергетыкам буйных будаўнічых трэстаў. Рызыкнуў паехаць на Поўнач у канцы 1970-х, калі яму споўнілася 37 гадоў. За плячыма быў вялікі вопыт работы ў энергетычнай галіне. Пачынаў з электрыка ў Маладзечанскім СМУ-5 пад кіраўніцтвам таленавітага дырэктара Мікалая Гурыновіча. Быў прарабам, галоўным энергетыкам будтрэста, завода керамічных дрэнажных труб у Прудах, выкладаў спецдысцыпліны ў палітэхнікуме. Не ўтойвае, што на Поўнач паехаў зарабіць грошай: адчуваў у сабе патэнцыял, хацелася больш маштабнай і новай работы.

Апраўданні збыліся: па сутнасці, наш зямляк стаяў ля самых вытокаў узвядзення горада Надыма, а таксама газавай сталіцы Расіі Новага Урэнгоя. Успамінае, што спачатку жыць даводзілася ў палатках, спаць у кажухах. Калі пазней іх перасялілі ў вагончыкі, яны здаваліся сапраўдным палацам… У першыя гады нават падумаць не мог, што затрымаецца ў гэтым суровым краі амаль на чатыры дзесяцігоддзі, будзе працаваць яшчэ і на пенсіі. У Маладзечна, дзе засталася яго сям’я, прыязджаў па некалькі разоў на год.

У канцы 1970-х дапамог наладзіць сувязі нашаму заводу ЖБВ з прадпрыемствамі Цюмені: адтуль пастаўляўся метал узамен на гатовыя вырабы прадпрыемства. А ля стацыянара тубдыспансера вырасла цэлая алея з сібірскіх кедраў, чаранкі якіх перадаў нашаму лясніцтву Катляр.

Дарэчы, сын Уладзіміра Іванавіча Алег таксама ўслед за бацькам паехаў асвойваць Поўнач, закончыў у Цюмені інстытут, працуе начальнікам службы па эксплуатацыі сістэм газазабеспячэння ў адным з упраўленняў у Новым Урэнгоі. Дачка Жанна жыве ў нашым горадзе, выкладае працоўнае навучанне ў адной з гарадскіх школ.

Рамонт пад’езда – за ўласныя грошы

«Хочаш змяніць свет – пачні з сябе», — гэта жыццёвае крэда нашага героя. У 68 гадоў ён вярнуўся ў Беларусь, купіў кватэру ў сталіцы. Здавалася б, прыйшоў час спакойна адпачыць пасля цяжкай і адказнай працы. Ды не той гэта чалавек. 15 ліпеня Уладзіміру Іванавічу споўнілася 80, а яго энергіі, бадзёрасці могуць пазайздросціць маладыя. Жыве ён па вуліцы Янкі Маўра, у сваім Фрунзенскім мікрараёне асоба даволі вядомая. Ды і ўвогуле ў сталіцы яго ведаюць: быў героем перадач, газетных матэрыялаў. За свае грошы Катляр аздобіў старыя, непрыглядныя трансфарматарныя будкі: спачатку ў двары дома сваёй унучкі па вуліцы Караля, а затым і ў сваім. Дзейнічаў па ўсіх правілах: звярнуўся ў адміністрацыю Фрунзенскага мікрараёна, затым у «Мінскія кабельныя сеткі», у падпарадкаванні якіх знаходзяцца гэтыя аб’екты. Прадпрыемства адрамантавала дах, атынкавала і падрыхтавала сцены будкі, а пенсіянер знайшоў мастака, аплаціў работу. І цяпер савецкую пабудову ўпрыгожваюць пейзажы – пальмы, бярозкі, сосны, буслы… Таксама за ўласныя грошы адрамантаваў Уладзімір Іванавіч і свой пад’езд, пры дапамозе прафесіяналаў аздобіў яго мастацкім роспісам як звонку, так і ўнутры. А яшчэ паклалі керамічную плітку на ганку, устанавілі парэнчы. А ў палісадніку неабыякавы пенсіянер пасадзіў дрэвы, кусты, кветкі, даглядае іх. Дзякуючы гэтаму пад’езд заняў другое месца ў сталічным конкурсе па добраўпарадкаванні, а Уладзіміру Іванавічу ўручылі Ганаровую грамату.

Суседзі па-рознаму ставяцца да ініцыятыў Катляра: адны падтрымліваюць, дзякуюць, іншыя не разумеюць, навошта ўкладваць у добраўпарадкаванне свае грошы, прычым немалыя.

Між тым Уладзімір Іванавіч упэўнены, што ўсё гэта недарэмна, што людзі павінны жыць у прыгажосці і чысціні. Ён верыць, што яго прыклад і вопыт возьмуць на ўзбраенне іншыя.

«Далікатэсаў цярпець не магу»

Фізічнай форме Уладзіміра Іванавіча можна па-добраму пазайздросціць. У свае 80 ён водзіць машыну, асвоіў камп’ютар, урачы канстатуюць, што ў яго выдатны імунітэт. Не магла не пацікавіцца, як ён пад-
трымлівае арганізм, чым харчуецца. Расказвае, што значную долю ў яго рацыёне займае рыба, прычым чым больш тлустая — тым лепш. «Аддаю перавагу скумбрыі, селядцу, якія па спажыўных якасцях не горшыя за ласося ці сёмгу. Дык навошта пераплачваць? Гатую рыбу на пары, часам салю. А іншую ежу, дарэчы, гатую без солі. Яшчэ купляю ікру мойвы, якая зноў жа па сваёй карысці не ўступае чырвонай. Люблю звычайную і карысную ежу, а ўсялякіх далікатэсаў цярпець не магу. Гадоў дзесяць не ўжываю цукар, каўбасу, маянэз», — прызнаецца мой субяседнік. Расказвае, што любіць прыправіць кашу льняным маслам, выкарыстоўвае і сланечнікавае, рапсавае. Ніколі не курыў, не злоўжываў алкаголем. А яшчэ ён усё жыццё не лянуецца рабіць зарадку, адціскаецца ад падлогі на руках.

Еўрапейскі вопыт – на нашы вуліцы

Уладзімір Катляр любіць падарожнічаць. Раней ён пабываў у Індыі, Тайландзе, В’етнаме, Егіпце, а ў апошнія гады вандруе ў еўрапейскія краіны. І не толькі атрымлівае асалоду ад помнікаў гісторыі і культуры, але і сваім гаспадарлівым вокам прыкмячае тое, што можна прымяніць і ў нас, фатаграфуе, запісвае. А калі вяртаецца дадому, выходзіць са слушнымі прапановамі ў зацікаўленыя службы. Два гады таму напісаў пісьмо і ў наш райвыканкам. Яно тычыцца высокіх бардзюраў, якія перашкаджаюць рухацца па тратуарах мамам з каляскамі, інвалідам. «Цяпер пры капрамонтах бардзюры на перакрыжаваннях вуліц, пераходах зніжаюць да трох сантыметраў. Але гэта патрабуе немалых выдаткаў. Ёсць нашмат больш таннае рашэнне: пакласці пад вуглом асфальт да бардзюра. Усяго некалькі вёдзер — і палоска ў адзін метр гатова – хутка і эфектыўна», — разважае мой субяседнік, які нават назваў у сваім пісьме найбольш праблемныя ўчасткі ў горадзе, а з Берліна прывёз фотаздымкі, як праблему вырашаюць немцы. А яшчэ ён расказвае, што ў свой час прапанаваў Мінскай гарадской гаспадарцы  пераняць вопыт Маладзечна па ўладкаванні кантэйнерных пляцовак, а таксама зборы адпрацаваных батарэек.

«Гэтым летам планую зноў адправіцца ў Еўропу, спадзяюся, прывязу адтуль яшчэ пару-тройку цікавых ідэй», — усміхаецца 80-гадовы юбіляр. У яго бліжэйшых планах – аздобіць мастацкім роспісам пад’езд дома па вуліцы Францішка Скарыны, дзе жыве яго дачка, змяніць паштовыя скрыні, зрабіць разметку для паркоўкі машын. У сваёй роднай вёсцы Шчорсы на Навагрудчыне ён паспрыяў устаноўцы дадатковага аўтобуснага прыпынку. Можна толькі радавацца, што жывуць сярод нас такія неабыякавыя, цікавыя людзі, дзякуючы якім увесь свет становіцца лепшым.

Фота: уласны архіў Уладзіміра КАТЛЯРА.

Галерея изображений

Просмотреть встроенную фотогалерею в Интернете по адресу:
https://mgazeta.by/glavnaya-novost/item/1463-khochash-zmyanits-svet-pachni-z-syabe.html#sigProId69fa04d661
Прочитано 2150 раз
Анжаліка Крупянькова

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.