27.09.2021 8:42

Проста трэба зрабіць ...

Прыём грамадзян у пасёлку Чысць правёў дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па Маладзечанскай сельскай выбарчай акрузе №73 Алег Семянчук. У разглядзе пытанняў прынялі ўдзел старшыня Маладзечанскага раённага Савета дэпутатаў Андрэй Паўкшта, а таксама прадстаўнікі сельвыканкамаў і профільных раённых службаў.

На прыём да дэпутата людзі прыходзяць з рознымі пытаннямі. Адны актуальныя для многіх, іншыя асабістага характару. І ўсё ж у «лідарах» застаюцца жыллёва-камунальныя праблемы. Не абышлося без тэмы дарог і ямачнага рамонту і на гэты раз. Жыхар вёскі Кодзеўцы Радашковіцкага сельсавета агучыў праблемнае пытанне, якое хвалюе жыхароў невялічкай вёсачкі. У асноўным гэта людзі пажылога ўзросту, для якіх вельмі важна, каб і хуткая дапамога прыехала своечасова, і аўтакрама прадукты прывезла. Праблемы асабліва абвастраюцца ў асенне-вясенні перыяд, калі часта ідуць дажджы і дарогу разбівае сельскагаспадарчая тэхніка.

Пасля звароту ў адпаведную службу некаторыя работы былі праведзены, але, як гаворыцца, ямы і цяпер там. На пытанне, як змяніць сітуацыю, прадстаўнік ДРБУ-195 адказаў: «Проста трэба зрабіць». І з гэтым цяжка не пагадзіцца. Зрабіць трэба.

Жыхарка пасёлка Чысць расказала аб сваёй жыццёвай сітуацыі. Яна з’яўляецца апекуном непаўналетняга ўнука, які жыве з ёю. Пасля смерці яго маці ўзніклі праблемы з замацаванай за хлопчыкам жылплошчай. Для вывучэння пытання Алег Аляксеевіч паабяцаў падключыць адпаведныя органы кіравання і службы.

Прыйшлі на прыём да дэпутата маладыя мамы, якія агучылі свае меркаванні наконт нелагічнасці заканадаўства ў выплаце дзяржаўнай дапамогі сем’ям, якія выхоўваюць дзяцей да 3 гадоў. Хвалюе іх і пытанне безбар’ернага асяроддзя. Маці з каляскай не заўсёды зручна наведваць сацыяльна значныя аб’екты. Вельмі правільна, што ў новабудоўлях пандусы і іншыя неабходныя элементы прадугледжаны ў абавязковым парадку.

У заканчэнні прыёму грамадзян дэпутат адзначыў:

-- Людзі жадаюць непасрэдна ўдзельнічаць у жыцці грамадства, рэалізацыі праектаў, уносяць слушныя прапановы. Многія пытанні добраўпарадкавання населеных пунктаў не стаялі б так востра, каб мясцовыя жыхары, скажам, старасты вёсак, прымалі ўдзел у планаванні работ на ўзроўні сельскага Савета. Вельмі важныя аб’ёмы фінансавання, але і чалавечы фактар адыгрывае значную ролю.

Акрамя матэрыяльных пытанняў грамадзян хвалюе захаванасць нацыянальнай культуры, выкарыстанне роднай беларускай мовы, якая, на жаль, гучыць усё менш. Такую занепакоенасць выказвалі маладзечанцы ў час тэлефоннага званка на прамую лінію да дэпутата. Мова нас аб’ядноўвае і робіць унікальнымі. Бясспрэчна, што такую каштоўнасць нельга страчваць.

Людміла ЦАР.
Фота: Аляксей ПЛАТКО.

Галерея изображений

Просмотреть встроенную фотогалерею в Интернете по адресу:
https://mgazeta.by/glavnaya-novost/item/11053-prosto-nuzhno-sdelat.html#sigProId2b091bc123
Прочитано 277 раз Последнее изменение 27.09.2021 8:42
Людміла Цар

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.