10.03.2017 12:13

Граматы, дыпломы і кветкі -- лепшым працаўнікам (фота)

Пераможцы раённага спаборніцтва, прызнаныя лепшымі па прафесіі ў сваіх намінацыях, кіраўнікі гаспадарак і прадпрыемстваў, арганізацый і ўстаноў, якія вывелі свае калектывы на лідзіруючыя пазіцыі, атрымалі дыпломы, грашовыя прэміі. Урачысты сход з гэтай нагоды ў мінулую пятніцу прайшоў у Палацы культуры.

Граматы, дыпломы і кветкі -- лепшым працаўнікам (фота) "Маладзечанская газета"


Рашэннем райвыканкама на раённую Дошку гонару занесены 18 працоўных калектываў і 53 пераможцы ў індывідуальным спаборніцтве.  

Перш чым удзельнікі святочнага сходу занялі свае месцы ў зале, яны     змаглі наведаць імправізаваныя выставы, якія ладзілі вядучыя прадпрыемствы і ўстановы раёна, — ААТ «Маладзечанскі малочны камбінат», ТАА «Акдзімал», Маладзечанскі хлебазавод, дзіцячая мастацкая школа, раённая бібліятэка і дзіцячы цэнтр культуры «Расток», раённы аддзел адукацыі, спорту і турызму. Таксама былі  прадстаўлены дасягненні раённай бальніцы, Палаца культуры, бібліятэкі імя Максіма Багдановіча. А святочны настрой усім стваралі самадзейныя артысты.

У дакладзе старшыні райвыканкама Аляксандра Яхнаўца было адзначана, што сёння Маладзечаншчына з’яўляецца развітым індустрыяльным і сельскагаспадарчым рэгіёнам. Аснову прамысловасці раёна складаюць 40 прадпрыемстваў, дзе працуюць звыш 12 тысяч чалавек. За мінулы год тэмп росту вытворчасці прамысловай прадукцыі ў фактычных цэнах павялічыўся на 35,2 працэнта і да ўзроўню 2015-га склаў 721,1 мільёна рублёў. На экспарт пастаўлена тавару на 164 мільёны долараў (на 56,3 працэнта больш, чым пазалетась). Яшчэ адзін паказчык развіцця вытворчасці – укараненне новых відаў прадукцыі. Іх асвоена звыш 140 найменняў: малочныя і мясныя, кандытарскія і хлебабулачныя вырабы, мэбля, вырабы парашковай металургіі, электроннай прамысловасці і інш. Гэта стала магчымым дзякуючы стабільнай рабоце працоўных калектываў такіх прадпрыемстваў, як Мінскі мэблевы цэнтр (дырэктар В. Курган), Маладзечанскі хлебазавод (М. Аскірка), Радашковіцкі керамічны завод (А. Мішчанка), «Амкадор-Унікаб» (Д. Анохаў), Маладзечанскі малочны камбінат (Д. Кандрашоў) і іншыя.

З году ў год прадукцыя многіх прадпрыемстваў адзначаецца медалямі і дыпломамі на розных выставах, што сведчыць аб актыўнай пазіцыі вытворцаў па прасоўванні сваіх вырабаў на рынкі краіны і блізкага замежжа. Ва ўмовах жорсткай канкурэнцыі гэта вельмі важна. Пэўных поспехаў тут дасягнулі малочны камбінат, хлебазавод, прадпрыемства «Акдзімал». Шэсць дыпломаў на розных міжнародных выставах атрымала ЗАТ «Маладзечнамэбля». Прадукцыю гэтага таварыства добра ведаюць спажыўцы не толькі Беларусі.

Кіраўнік раённай вертыкалі адзначыў, што свой уклад у эканоміку раёна ўносіць малы і сярэдні бізнес, а гэта больш за пяць тысяч суб’ектаў. У бюджэт раёна ад дзейнасці прадпрымальнікаў паступіла 59,8 мільёна рублёў (35,1 працэнта ад усіх паступленняў).

Пэўная частка даклада была прысвечана аграрнай галіне, якая забяспечвае харчовую бяспеку краіны. Менавіта дзякуючы працы вяскоўцаў могуць атрымліваць медалі і дыпломы калектывы перапрацоўчай прамысловасці. Адзначаны сельгаспрадпрыемствы «Селеўцы» (дырэктар У. Карась), «Палачаны»
(С. Кароль), «Хажоваагра-2009» (У. Гнілазуб), «Усход-Агра» (А. Жыгарэнка), «Заскавічы» (А. Раманюк).

Словы ўдзячнасці былі сказаны і ў адрас работнікаў сацыяльнай  сфе    ры. Вялікая ўвага надавалася ўмацаванню лячэбна-дыягнастычнай базы ўсіх структурных падраздзяленняў ЦРБ. Набыта абсталяванне на суму 606358 рублёў, у тым ліку восем спецыялізаваных аўтамабіляў для станцый хуткай дапамогі, чатыры для ўчастковай службы, рэанімабіль для перынатальнага цэнтра.

Таксама адзначана, што пытанні адукацыі, выхавання падрастаючага пакалення з’яўляюцца найбольш прыярытэтнымі. Важна ўсведамляць, што менавіта школа рыхтуе сёння тых, хто будзе вызначаць эканамічнае развіццё дзяржавы ў бліжэйшыя гады. А. Яхнавец яшчэ раз нагадаў, што летась 55 юнакоў і дзяўчат закончылі  школу з залатымі і сярэбранымі медалямі, а 14 разумнікаў выйшлі пераможцамі заключнага этапу рэспубліканскай алімпіяды па розных прадметах. І гэта лепшы вынік у вобласці. Калектыў СШ №14 (дырэктар К. Капуцкая) стаў пераможцам абласнога конкурсу «За дасягненне высокіх паказчыкаў у развіцці адукацыі» сярод агульнаадукацыйных школ.

Нельга абысці ўвагай і той факт, што ў раёне 156 мнагадзетных маці ўзнагароджаны ордэнам Маці. Летась яго
атрымалі Алена Сяргей, Святлана Спецыян, Таццяна Вайтовіч, Алена Кароткіна, Вольга Целяшчук.

Вялікая ўвага надаецца рабоце з кадрамі, стаўка робіцца на моладзь. Пераможцамі ў намінацыі «Малады лідар Міншчыны» сталі адразу трое прадстаўнікоў нашага раёна: галоўны аграном ААТ «Селеўцы» Дзмітрый Кулік, інжынер-тэхнолаг лакаматыўнага дэпо Маладзечна Віталій Кавалевіч і культарганізатар Палаца культуры Павел Бандарэнка. А вучань Красненскай СШ Уладзіслаў Карчміт перамог у ІV Рэспубліканскім аглядзе-конкурсе «Лідар года-2016». Наогул, кадравая палітыка накіравана ў першую чаргу на тое, каб на ўсіх участках працавалі адказныя, высокаадукаваныя спецыялісты, прафесіяналы сваёй справы. Тады і вынік не прымусіць сябе доўга чакаць.

З працоўнай перамогай удзельнікаў урачыстасці павіншавалі член Савета Рэспублікі, намеснік старшыні аблвыканкама Віктар Сірэнка, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Людміла Канановіч. Дэпутат запрасіла на сцэну свайго «калегу» – дзесяцікласніка гімназіі-каледжа мастацтваў Мікіту Андрыевіча, які ўзначальвае маладзёжны парламент маладзечанскага рэгіёна, і ўручыла яму падарунак.

Прысутных віншавалі таксама старшыня раённага Савета дэпутатаў Віктар Невяровіч, старшыня раённага аб’яднання арганізацый прафсаюзаў Таццяна Яцухна. Старшыня райвыканкама Аляксандр Яхнавец і яго намеснікі Мікалай Каткавец, Алеся Лукоўская, Вадзім Цар уручалі пераможцам дыпломы і статуэткі, якія сёлета набылі новае дызайнерскае рашэнне.

Фота: Аляксей ПЛАТКО.

Галерея изображений

Просмотреть встроенную фотогалерею в Интернете по адресу:
https://mgazeta.by/glavnaya-novost/item/1020-gramaty-dyplomy-i-kvetki-lepshym-pratsa-nikam-foto.html#sigProId66a57815f3
Прочитано 2091 раз Последнее изменение 10.03.2017 12:13
Алена Лашук

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.