06.03.2017 15:10

Пяць дачушак -- гэта шчасце!

Давайце знаёміцца: мама Кацярына, тата Андрэй і пяць дачушак – Аксана, Анастасія, Яна, Варвара, Васіліса. Складваецца прыгожая формула з сямі «я», якая асацыіруецца са словам «сям’я».

Пяць дачушак -- гэта шчасце! "Маладзечанская газета"

Сёлета Дзень жанчын для сям’і Ярмошка асаблівы. Напярэдадні свята Кацярына была прадстаўлена да ордэна Маці. Сярод нашых зямлячак, якія атрымалі гэту высокую дзяржаўную ўзнагароду, яна адна з самых маладых: у снежні ёй споўніцца 30 гадоў.

Дзень пачынаецца з… косак

Кацярына – маладзечанка, закончыла СШ №5, атрымала спецыяльнасць аператара швейнага абсталявання ў былым ПТВ-135. Андрэй родам з Пухавіцкага раёна. Пазнаёміліся яны ў Палачанах дзякуючы сябрам, 12 гадоў таму пажані-
ліся. Мая субяседніца расказвае, што заўсёды хацелі з мужам мець не менш за трое дзетак. Андрэй марыў, каб першымі нарадзіліся дочкі.

— У нас цудоўны муж і тата! — з пяшчотай гаворыць жонка. – Андрэй вялікі аптыміст, не баіцца ніякіх цяжкасцей. Ён будаўнік, складае зрубы дамоў, лазняў, іншых збудаванняў. Шмат працуе, каб забяспечыць сям’ю ўсім неабходным. І мне дапамагае па доглядзе дзяцей. Нават коскі дочкам навучыўся плесці. Кожная раніца ў нас пачынаецца з таго, што мы за-
плятаем доўгія валасы нашых дзяўчынак.

Андрэй працуе станочнікам у ТАА «Леслентэхна», якое знаходзіцца непадалёк ад Раёўкі. Раней дабіраўся на работу з Маладзечна электрычкай, а затым яшчэ і аўтобусам. Цяпер Ярмошкі жывуць у Раёўцы: прадпрыемства наймае для іх кватэру. Мнагадзетная сям’я стаіць на чарзе на атрыманне жылля ў райвыканкаме, хочацца спадзявацца, што іх мара жыць ва ўласнай кватэры хутка збудзецца.

Розныя характары

Старэйшую дачку Аксану Кацярына нарадзіла ў 18 гадоў. 7 сакавіка  дзяўчынцы споўніцца 11, яна найпершая маміна памочніца. Аксана вучыцца ў пятым класе, наведвае гурток «Лідар», захапляецца бісера-
пляценнем, добра катаецца на роліках. Яна вельмі справядлівая і гаспадарлівая дзяўчынка, без праблем пакорміць малодшых, дапаможа ім апрануцца, дагледзіць іх, калі мама занятая. Малодшая за яе на тры гады Насця сёлета стала першакласніцай. Яна сур’ёзна ставіцца да школьных абавязкаў: любіць чытаць, пісаць. Пяцігадовая Яна самая энер-
гічная сярод сясцёр, усмешка не сыходзіць з яе твару. Трохгадовая Варвара, наадварот, вельмі спакойная, заўсёды ўсім падзеліцца, імкнецца ўсіх памірыць. Малодшай Васілісе паўтара годзіка. Яна проста купаецца ў любові і пяшчоце мамы з татам і чатырох сясцёр.

Догляд дзяцей – лепшы фітнес

— Як удалося вам пасля пяці родаў захаваць выдатную фігуру? – не ўтрымалася, каб не спытацца ў Кацярыны.
— З раніцы да вечара я ў клопатах аб сваёй сям’і, калорыі згараюць без усялякага фітнесу і дыеты. Школа, садзік, дамашнія заданні, кухня… У дзяўчынак розныя густы, часта даводзіцца гатаваць адразу некалькі страў, каб дагадзіць усім. Муж шмат працуе, па буднях спраўляюся адна. Старэйшая Аксана можа дзень-другі пагасціць у бабулі ў Маладзечне, малодшых ніколі не пакідала, не магу з імі расстацца нават ненадоўга.

Узнагароды не чакала

Кацярына гаворыць, што вестка аб прадстаўленні да ордэна Маці для яе стала прыемнай нечаканасцю. Неабходныя дакументы папрасілі сабраць яшчэ ў лістападзе мінулага года.
— Я сціплы чалавек, сама ніколі б не стала прасіць узнагароды, — прызнаецца мнагадзетная маці. – Найлепшая ўзнагарода для мяне – здаровыя дзеці, іх усмешкі, радасныя вочкі.

— Дочкі дораць вам падарункі на Дзень жанчын?
— Абавязкова! Я захавала ўсе іх мілыя малюнкі, паштоўкі, зробленыя сваімі рукамі. Кожная па-свойму дарагая. У нас ёсць сямейная традыцыя: разам са старэйшымі дочкамі пячом да свят торт «Ленінградскі». Ён атрымліваецца вельмі смачным!

— А чаго б вы найперш пажадалі сваім дзяўчынкам у дарослым жыцці?
— Каб яны былі здаровымі і шчаслівымі. Гэта найбольшая каштоўнасць у жыцці кожнага чалавека.
Пра сваіх дачушак Кацярына можа расказваць бясконца. У кожным слове – пяшчота, у кожным позірку – любоў. Люба глядзець, прыемна размаўляць з маладой, прыгожай жанчынай, якая ў няпоўныя трыццаць гадоў стала маці-гераіняй.  

Фота: архіў СЯМ’І ЯРМОШКА.

Прочитано 1707 раз Последнее изменение 06.03.2017 15:10
Анжаліка Крупянькова

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.