Ганаровыя грамадзяне – аб родным горадзе. Уладзімір Калачык

Сёння наш субяседнік — Герой Сацыялістычнай Працы, кавалер ордэнаў Леніна, Працоўнага Чырвонага Сцяга, Кастрычніцкай Рэвалюцыі, былы дэпутат Вярхоўнага Савета СССР і БССР, раённага і сельскага Саветаў, кандыдат эканамічных навук Уладзімір Калачык. Пад яго кіраўніцтвам калгас «Светлы шлях» стаў школай перадавога вопыту, адным з самых лепшых у Беларусі і СССР. Сімвалічна, што матэрыял выходзіць якраз у дзень раённых Дажынак.



Вучыцца, вучыцца і яшчэ раз вучыцца

— Сям’я наша была набожная, працавітая, — гаворыць Уладзімір Міхайлавіч. – Я самы старэйшы з дзяцей, таму быў першым памочнікам для бацькоў. На жаль, тата і мама рана пайшлі з жыцця (тата — у 39 гадоў, мама – у 37). Але менавіта яны залажылі рысы майго характару, якія вызначылі мой далейшы лёс. Галоўныя з іх — прага да новых ведаў і перадавых ідэй, павага да людзей, любоў да роднай зямлі.
Да 1950 года Уладзімір Міхайлавіч працаваў на прыватным падворку, як ён гаворыць, «быў аднаасобнікам». Потым уступіў у калгас імя Варашылава. Працаваў радавым калгаснікам,
улікоўцам, брыгадзірам паляводчай брыгады. Затым былі курсы падрыхтоўкі старшынь калгасаў, вучоба ў Горацкай сельскагаспадарчай акадэміі, аспірантура былога інстытута народнай гаспадаркі, абарона кандыдацкай.

Тэорыю Уладзімір Міхайлавіч заўсёды падмацоўваў практыкай. І на пасадзе першага сакратара Маладзечанскага райкама камсамола, і ў якасці старшыні калгаса «Светлы шлях» ён паспяхова прымяняў атрыманыя веды. Не цураўся меркаванняў іншых людзей, заўсёды прыслухоўваўся да вопытных работнікаў. Немалаважнае значэнне меў для яго і культурны складальнік.

— Беларуская мова заўсёды была для мяне роднай. Пры гэтым добра ведаў рускую, польскую, нямецкую. Быў на «ты» з гісторыяй роднай зямлі. Чытаў пра эканоміку, вывучаў біяграфіі знакамітых людзей. Гэта дапамагала не адрывацца ад каранёў, больш тонка адчуваць подых часу, заўсёды быць на перадавой прагрэсу, — падкрэсліў Уладзімір Калачык.

Галоўнае – чалавечнасць

Ганаровы грамадзянін упэўнены, што галоўнае ў любой справе — матэрыяльна-тэхнічная база, кадры і матывацыя работнікаў.

Так, у калгасе «Светлы шлях» першымі ў рэспубліцы пачалі плаціць заработную плату грашыма. Паспяхова вырашаліся сацыяльныя пытанні. У гаспадарцы з’явіліся Дом культуры, гандлёвы цэнтр, гасцініца, лазня, урачэбная амбулаторыя, стадыён… Былі заасфальтаваныя вясковыя вуліцы і дарогі паміж населенымі пунктамі.

Пра многае гаворыць і такі факт. Для падтрымкі падсобных гаспадарак на кожны падворак у калгасе выдзяляліся збожжа і бульба. У выніку вяскоўцы трымалі звыш 800 асабістых кароў, былі забяспечаны малаком і малочнымі прадуктамі.

Увогуле, клопат пра чалавека — фірменны стыль кіраўніцтва Уладзіміра Міхайлавіча. У кожным работніку ён бачыў асобу, разумеў, што людзі маюць права на свае думкі і меркаванні. Для яго важна было развіць дзелавыя якасці, заахвоціць людзей на стваральную працу. Дзякуючы гэтаму рыхтаваліся ўнікальныя кадры.

У калгасе 80-100 чалавек за год бясплатна накіроўваліся ў замежныя камандзіроўкі, дзе яны пераймалі перадавыя метады гаспадарання. Нормай сталі бясплатныя пуцёўкі на адпачынак і лячэнне ў санаторыях, накіраванні на вучобу ў інстытуты і тэхнікумы.

У перыяд з 1957-га па 1988 год 60 членаў калгаса былі ўзнагароджаны ордэнамі і медалямі СССР, 96 – медалямі выстаўкі дасягненняў народнай гаспадаркі. За ўдарную працу два работнікі атрымалі па «Масквічы». Людзі бачылі клопат пра сябе, таму працавалі з поўнай аддачай.

Што тычыцца матэрыяльнай базы, яна стваралася на навуковай аснове і з улікам патрэб часу. Так, пры гадоўлі качак у «Светлым шляху» аднымі з першых у краіне наладзілі клімат-кантроль у вытворчых памяшканнях.

Высокія паказчыкі дасягаліся і ў раслінаводстве. Ураджайнасць бульбы дасягала 300 цэнтнераў з гектара, збожжавых — пад 60 цэнтнераў. Дарэчы, валавы збор другога хлеба ў гаспадарцы складаў каля 7 тысяч тон. Бульба пастаўлялася ва ўсе рэгіёны былога СССР і экспартавалася за мяжу, у тым ліку ў Польшчу і Германію. Калі ў калгасе пачалі культываваць буракі, тэхніка і спецыялісты былі выпісаныя з Малдавіі (там назапашаны багаты вопыт выро-
шчвання гэтай культуры).

Праславіў Маладзечаншчыну

Уладзімір Калачык ганарыцца, што праславіў раён далёка за межамі Беларусі. У гаспадарку па вопыт прыязджалі шматлікія дэлегацыі з многіх рэспублік былога Саюза, а таксама з-за мяжы. Ён многае зрабіў для духоўнага і эканамічнага развіцця малой радзімы. Дзякуючы яго намаганням адраджаліся храмы. Неаднойчы наведваў «Светлы шлях» Мітрапаліт Філарэт, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі. Прыязджаў сюды і кардынал Казімір Свёнтак. Гасцявалі ў Заскавічах Пётр Машэраў, іншыя знакамітыя людзі.

— У калгасе працавала мама дырэктара музычнага каледжа Рыгора Сарокі. Яна была перадавая звеннявая. Мне спадабалася, як Рыгор іграў на гармоніку. Тады я сказаў, што хлопца чакае вялікая будучыня, — успамінае субяседнік.

Уладзімір Міхайлавіч адзначыў, што з прадпрыемствамі і арганізацыямі Маладзечна ў гаспадаркі былі наладжаны цесныя эканамічныя сувязі — горад дапамагаў вёсцы, а вёска — гораду. Многія пытанні вырашаліся разам з сакратаром гаркама партыі Канстанцінам Туровічам. Людзі цанілі яго за кампетэнтнасць, чалавечыя і дзелавыя якасці.

Увогуле, Маладзечна выйгравала, што недалёка знаходзіўся паспяховы калгас. Супрацоўніцтва суб’ектаў гаспадарання прыносіла карысць усім.

Здароўя, душэўнай радасці і шчасця!

З такімі пажаданнямі Уладзімір Калачык звярнуўся да аграрыяў Маладзечаншчыны і ўдзельнікаў раённых Дажынак. Ён адзначыў, што тэхнічны прагрэс рушыў далёка наперад. Сучасная сельская гаспадарка стала больш тэхналагічнай. Узрасла патрэба ў кваліфікаваных спецыялістах. Гэта павінны браць да ўвагі кіраўнікі прадпрыемстваў аграпрамысловага комплексу.

— У аграрным сектары неабходна ўкараняць перадавыя тэхналогіі, пераймаць вопыт паспяховых гаспадарак, не спыняцца на дасягнутым. Па-ранейшаму актуальная стаўка на чалавека. Толькі той работнік будзе цалкам аддавацца справе, хто матываваны і атрымлівае добрае ўзнагароджанне. Смеласць і ініцыятыва павінны заахвочвацца. Тады вынік працы прынясе сапраўднае задавальненне, — адзначыў ганаровы грамадзянін раёна.

Фота: Аляксей ПЛАТКО.

Прочитано 4548 раз
Алег Бяганскі

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.

Добавить комментарий


Защитный код
Обновить