Ганаровыя грамадзяне – аб родным горадзе. Павел Быкаў

Сорак другі школьны верасень сустрэў сёлета ганаровы грамадзянін раёна дырэктар Турэц-Баярскай СШ Павел Быкаў.

Цікава, што калі быў дэпутатам раённага Савета, старшынёй Пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры, ахове здароўя і справах моладзі, ён удзельнічаў у распрацоўцы палажэння аб прысваенні звання ганаровага грамадзяніна раёна. Спрэчак тады было нямала, аднак народным выбраннікам удалося дасягнуць кансенсусу. А ў 2005 годзе на сцэне гарадскога Палаца культуры і самому Паўлу Іванавічу ўручылі пасведчанне ганаровага грамадзяніна раёна пад нумарам 3. Два першыя – у Герояў Сацыялістычнай Працы Уладзіміра Калачыка і Фёдара Комара.

Праз некаторы час Павел Быкаў дапамагаў распрацоўваць аналагічнае палажэнне для свайго роднага Крупскага раёна, а затым – для Мядзельскага.

Пераехалі з-за дзяцей

Першы ўрок Павел Іванавіч даў у Абчугскай СШ Крупскага раёна, дзе адпрацаваў тры гады настаўнікам фізікі, матэматыкі і фізічнай культуры пасля Мінскага педінстытута. 1 верасня да маладога спецыяліста прыйшоў на ўрок загадчык раённага аддзела адукацыі, які прыехаў у школу. Усё ўдалося – першы блін атрымаўся не комам. А праз месяц ён даваў адкрытае мерапрыемства для калег з усяго раёна. Заняткі праводзіў у выглядзе гульні Клуба вясёлых і знаходлівых. Вучні былі ў захапленні. А калегі адзначылі, што Быкаў адбыўся як настаўнік. Хаця сам ён гаворыць, што і сёння, калі за плячыма больш за 40 гадоў педагагічнай работы, не спыняецца, займаецца самаадукацыяй, уносіць наватарскія прапановы ў навучальны працэс. У 43 гады ён абараніў кандыдацкую дысертацыю, а яго праект па стварэнні на базе школы адукацыйна-культурнага цэнтра ў 1994 годзе ўвайшоў у дзясятку лепшых праектаў Рэспублікі Беларусь.

У наш раён сям’я Быкавых прыехала ў 1980 годзе. Жонка Паўла Іванавіча Таццяна Анатольеўна (на вялікі жаль, яна заўчасна пайшла з жыцця) родам з Лебедзева, таму маладыя настаўнікі часта прыязджалі сюды да бацькоў. Калі ж у сям’і нарадзіліся дачушкі-блізняты, востра паўстала пытанне, дзе купляць для іх малочныя сумесі. У 1980-я гады яны былі ў дэфіцыце, у Крупскім раёне іх немагчыма было дастаць. На Маладзечаншчыне з забеспячэннем прадуктамі было значна лепш. І гэта стала адным з важкіх аргументаў для маладых бацькоў. Да таго ж, яны ведалі, што ў Турэц-Баярах будуецца новая школа, а непадалёк ад яе – 100-кватэрны жылы дом. На той час сем’і, у якіх нарадзіліся блізняты, мелі льготу на першачарговае забеспячэнне жыллём.

Тагачасны загадчык аддзела адукацыі райвыканкама Мікалай Козел прапанаваў Быкаву пасаду намесніка дырэктара Турэц-Баярскай СШ па вучэбна-метадычнай рабоце. Кіраваў навучальнай установай тады Яўгеній Юркевіч. Неўзабаве маладая сям’я атрымала і кватэру.

— Усё лета мы з калегамі, бацькамі вучняў працавалі на будоўлі, каб да 1 верасня школа магла адчыніць дзверы. Пах свежай фарбы, новыя ідэі, жаданне эксперыментаваць – такія асацыяцыі звязаны з адкрыццём школы 1 верасня 1980 года, — успамінае мой субяседнік.

А роўна праз дзесяць гадоў Павел Іванавіч быў прызначаны яе дырэктарам.

Школа педагагічнага майстэрства

Наватарскія ідэі Паўла Быкава ўзялі на ўзбраенне многія навучальныя ўстановы, педагогі Маладзечаншчыны. Сваю школу ён ператварыў у эксперыментальную пляцоўку па розных кірунках. Тут першымі ў вобласці ўвялі факультатыў па інфарматыцы, за распрацоўку праграмы якога школа была ўзнагароджана па выніках выстаўкі народных дасягненняў у Маскве камп’ютарным класам. 12 «карветаў» у 1989 годзе былі сапраўдным цудам для сельскай школы.

Дваццаць гадоў тут дзейнічаў педагагічны клас, у ім было ажно 18 кірункаў. Тут каваліся кадры для ўсяго раёна, а найбольш было вучняў, якія выбіралі па прыкладзе свайго дырэктара фізіка-матэматычны профіль. 52 настаўнікаў фізікі, матэматыкі і інфарматыкі падрыхтаваў Павел Іванавіч. Многія кіраўнікі навучальных і іншых устаноў раёна і вобласці прайшлі ў свой час «школу Быкава». Сярод яго вучняў ёсць кандыдат педагагічных навук, дырэктары школ і іх намеснікі, банкаўскія работнікі, праграмісты. Трэцяя частка цяперашняга калектыву школы – яе выпускнікі. Калі быў дэпутатам раённага, абласнога Саветаў, Павел Быкаў шмат рабіў захадаў для таго, каб маладыя спецыялісты замацоўваліся ў сельскай мясцовасці, забяспечваліся жыллём. А яшчэ на «папутках» скалясіў увесь раён: наведваў пачатковыя школы, высвятляў праблемы, дапамагаў паляпшаць матэрыяльную базу. На той час іх было шмат – у Плябані, Зораньцы, Хатуцічах, Маліноўшчыне, цяпер засталася толькі ў Хоўхлаве. Як дэпутат садзейнічаў, каб графік маршрутных аўтобусаў быў прывязаны да раскладу заняткаў у школах для зручнасці дзяцей і настаўнікаў.

Неаднойчы Паўлу Іванавічу прапаноўвалі іншыя пасады, аднак ён застаўся верным сваёй школе, якую ўзначальвае з 1990 года.

Сёлета першы званок прагучаў для 175 яе вучняў, сярод якіх 20 першакласнікаў. Як і ў мінулыя гады, Павел Іванавіч будзе выкладаць фізіку і астраномію ў 10-11 класах, весці факультатыў па шахматах у 1-4-х. Менавіта з шахмат у дзяцінстве пачаўся яго шлях у педагогіку: яму, старшакласніку, падабалася весці гурток у малодшых школьнікаў, навучаць іх гэтай інтэлектуальнай гульні. Цікава, што за 41 год работы яго толькі аднойчы абыграў вучань, які цяпер і сам вядзе гурток у сталіцы.

Спяваюць усе

З 2006 года Турэц-Баярская СШ працуе з музычным ухілам, тут 10 настаўнікаў музыкі, 134 вучні вучацца ігры на розных інструментах – фартэпіяна, цымбалах, баяне, гітары. Двое ганаровых грамадзян раёна — Павел Быкаў і дырэктар музычнага каледжа Рыгор Сарока — знайшлі паразуменне: навучэнцы каледжа паспяхова праходзяць практыку ў школе, многія потым вяртаюцца сюды на работу. У той жа час выпускнікі школы папаўняюць рады навучэнцаў каледжа. Некаторыя з іх сталі сапраўднымі зоркамі, спяваюць у Марыінскім тэатры ў Санкт-Пецярбургу, у ансамблі імя Аляксандрава ў Маскве.

Сённяшнія вучні абавязкова запрашаюць на школьныя канцэрты сваіх бацькоў: яшчэ з часоў існавання адукацыйна-культурнага цэнтра большасць мерапрыемстваў тут носіць сямейны характар.

Вялікай сям’ёй стала для Паўла Іванавіча і яго школа, яго дзецішча. Ён разам з калегамі працуе па самых сучасных методыках: складае калектыўна-творчыя планы, распрацоўвае карты дзеяння, удасканальвае сістэму выхавання. І з аптымізмам, цікавымі і перспектыўнымі ідэямі сустракае новы навучальны год.

Фота: Вячаслаў ТАБУЛІН.

Прочитано 5003 раз
Анжаліка Крупянькова

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.

Добавить комментарий


Защитный код
Обновить