Ганаровыя грамадзяне – аб родным горадзе. Рыгор Сарока

Менавіта з творамі гэтага кампазітара і піяніста асацыюецца родны горад у дырэктара маладзечанскага музычнага каледжа. «Яго творчасць адрозніваецца лірычнасцю, інтэлігентнасцю і ўраўнаважанасцю», — заўважае Рыгор Сарока.

Лякарства па нотах

З Рыгорам Сямёнавічам звязаная сапраўдная эпоха ў летапісе каледжа імя М.К. Агінскага і наогул музычнага мастацтва нашага горада і краіны. Сёлета сімфанічны аркестр, якім ён кіруе, адзначае залаты юбілей. Заслужанаму калектыву Рэспублікі Беларусь апладзіруюць у многіх залах Еўропы. Але штораз Рыгор Сарока спяшаецца ў роднае Маладзечна.

— Гэта горад, дзе я атрымаў выдатную адукацыю, дзе запатрабаваны і магу рэалізоў-
ваць свае самыя смелыя (нават шалёныя!) ідэі. Гэта горад усяго майго жыцця, — заўважае ён. – Магу дазволіць сабе сказаць, што я адбыўся ў прафесіі і шчаслівы ў сям’і, дзецях, унуках.
Гавораць, у жыцці чалавека ёсць дзве самыя важкія даты – дзень нараджэння і той дзень, калі зразумеў, дзеля чаго нарадзіўся. Нібыта асэнсаванне гэтага і з’яўляецца шчасцем. Але Рыгор Сямёнавіч разважае па-свойму:

— Так, я асэнсаваў сваё прызначэнне на зямлі: гэта музычнае мастацтва, якое нясу лю-
дзям. І яны адгукаюцца на мой творчы пасыл. Але абсалютна шчаслівым сябе не лічу. Я не магу жыць у адрыве ад сусвету, дзе адбываюцца ваенныя канфлікты, гінуць людзі, нараджаюцца хворыя дзеці… Дарэчы, я перакананы, што музыка лечыць і хваробы, і чалавечыя душы.

Неабсяжны свет

Самому Рыгору неабсяжны свет музыкі адкрыў бацька, які быў самавучкам і ўмеў іграць на многіх інструментах. Менавіта з-за творчых здольнасцей сына сям’я перабралася з вёскі Турэц-Баяры ў Маладзечна.

— Іншага выйсця, як пераехаць у горад, не было. Яшчэ калі жыў у Турэц-Баярах, спрабаваў паступіць у маладзечанскую музычную школу, але мяне не ўзялі. Маўляў, як гэты хлопец будзе ездзіць сюды з вёскі? — успамінае Рыгор Сямёнавіч. – Хаця я ўжо добра іграў на слых на баяне і гармоніку, толькі не ведаў нотнай граматы. Гэтыя інструменты прыносіў мне бацька з клуба мастацкай самадзейнасці вагоннага дэпо, дзе ён працаваў майстрам. Асабліва мяне ўразіла гучанне і знешні выгляд баяна «Ленінград» — прыгожы, перламутравы, нават цяпер памятаю яго пах.

Сваім першым настаўнікам у музыцы Рыгор Сарока лічыць Уладзіміра Склярова, які, дарэчы, быў амаль невідушчым. Школьную праграму, разлічаную на пяць гадоў, здольны вучань асвоіў экстэрнам усяго за два і «выпусціўся» разам са сваімі равеснікамі.

— З цягам часу многае з вопыту Уладзіміра Паўлавіча паклаў і ў аснову ўласнага, найперш гэта вялікая цярплівасць працаваць з дзецьмі, — зазначае субяседнік.

Добрыя ўспаміны пакінула і сярэдняя школа №1 імя Янкі Купалы, дзе Рыгор прадоўжыў навучанне пасля вясковай школы.

— На той час у горадзе яна была адзінай беларускамоўнай. На жаль, цяпер у Маладзечне няма навучальнай установы такога фармату. Мне пашанцавала на класнага кіраўніка. Аляксей Емяльянавіч Сушко праводзіў не толькі цікавыя ўрокі нямецкай мовы, але і арганізоўваў змястоўныя паходы. Нягледзячы на паважны ўзрост, ён застаецца ў страі і нярэдка бывае на канцэртах майго аркестра, што вельмі прыемна, — працягвае Рыгор Сямёнавіч.

Дарога да мастацтва

Да стварэння свайго маштабнага калектыву ён ішоў доўга. Яшчэ навучэнцам акампаніраваў на баяне на танцавальных занятках у клубе Дома культуры чыгуначнікаў, якія выкладаў Аляксей Бальшакоў.

— Ладзіліся яны ў драўляным будынку, умовы не надта добрыя. Але на гэта ніхто не звяртаў увагі. Аляксей Бальшакоў быў вельмі цікавым чалавекам, да яго цягнуліся людзі. Для мяне ён наогул з’яўляецца настаўнікам па жыцці, — адзначае дырэктар музычнага каледжа.

Таксама Рыгор Сарока далучаўся да самадзейных калектываў, якія існавалі ў гандлёва-эканамічным каледжы і на заводзе «Спадарожнік». На раялі акампаніраваў удзельнікам вакальнага калектыву «Актэт», што працаваў пры Доме культуры будаўнікоў… Як заўважае творца, прайшоў усе жанры і музычныя кірункі, пакуль вылучыў для сябе самае важнае і грунтоўнае.

Пасля заканчэння музычнага каледжа ён прадоўжыў навучанне ў сталічнай кансерваторыі і вярнуўся ў родны горад у якасці выкладчыка.

— Як вядома, будынак, дзе размяшчаецца каледж, мае сваю гісторыю. Перш чым сюды «заехалі» музыканты, тут працавала служба КДБ. Яшчэ навучэнцам марыў разам са сваімі равеснікамі, каб каледж быў «не прыстасаваным», а сапраўдным храмам музыкі, — гаворыць Рыгор Сямёнавіч.

Чайкоўскі... у ліфце

Восенню каледж адзначыць свой 60-ы дзень нараджэння. Гэту ўстанову Рыгор Сарока ўзначальвае 38 гадоў. Тут сапраўды створаны належныя ўмовы для навучэнцаў і выкладчыкаў, якіх дырэктар лічыць надзейнай апорай. Імёны многіх выпускнікоў гавораць самі за сябе – Юрый Антонаў, Аляксандр Ціхановіч, Валянцін Сухадолец, Анатолій Сіўко, Уладзіслаў Сулімскі, Ігар Шэлег… Таксама кіраўніка вельмі радуе, калі замежныя сябры (а іх у творчага калектыву вельмі шмат) гавораць, што адчуваюць сябе тут, як дома. Ды і сам ён лічыць каледж сваім домам.

— Гэта адзінае месца, куды я, нягледзячы ні на якія перыпетыі жыцця, вяртаюся акурат з вучнёўскай пары, — філасофствуе Рыгор Сарока.
Ён нават ведае, дзе якое дрэва расце вакол каледжа. Паколькі за кожным з іх таксама свая гісторыя. І ўказвае на каштаны, якія некалі садзіў разам з былым дырэктарам Мінскага абласнога драматычнага тэатра Сяргеем Вальковічам.

Вельмі любіць Рыгор Сямёнавіч прагульвацца ў адзіноце і па нашым парку. Так ён раствараецца ў думках аб музыцы і вечным… Напрыклад, успамінае сваю першую оперную пастаноўку «Іаланта» Пятра Чайкоўскага, прэм’ера якой з аншлагам прайшла ў мясцовым Палацы культуры. Потым быў і шэраг іншых. Але і сёння пакуль што ні адна музычная навучальная ўстанова краіны
не ажыццявіла аналагічныя праекты.

— Дарэчы, вельмі многія класічныя творы ў свой час я пачуў па радыё, «запаў» на іх, і потым яны з’явіліся ў рэпертуары майго сімфанічнага аркестра. Цяпер пераважна гучыць папулярная музыка. Раней класіка свабодна прадавалася і на пласцінках. У мяне аж дух захоплівае, калі чую скрыпкі і віяланчэлі, — паглыбляецца ў роздум Рыгор Сарока. — Зразумела, ёсць і таленавітыя выканаўцы эстраднай і папулярнай музыкі. Вызначу Мусліма Магамаева, групу «Любэ», Аляксандра Малініна, Пятра Ялфімава – гэта душа, сэнс і стыль. Таксама мне вельмі падабаецца джаз. Але і да класікі трэба прывучаць. Напрыклад, у адным з італьянскіх атэляў акурат у ліфце гучала музыка Пятра Чайкоўскага. У венгерскіх кафэ даўно ў модзе «жывы» акампанемент на класічных інструментах. Нярэдка класіка гучыць і з аўто еўрапейцаў. Праўда, я так слухаць не магу. Рухавік ракоча – і музыку трэба гучна ўключаць. А для мяне музыка – гэта калі «піянісіма» – вельмі ціха...

Фота: архіў Рыгора САРОКІ.

Прочитано 5114 раз
Ірына Рабушка

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.

Добавить комментарий


Защитный код
Обновить