Ганаровыя грамадзяне – аб родным горадзе. Іван Кісель

Удалечыні ад гарадской мітусні і шумных аўтамабільных дарог, ва ўтульным доміку дачнага таварыства сярод родных людзей праводзіць сваё дзевяноста другое лета ветэран вайны і працы Іван Кісель.
Усё яго жыццё звязана з Маладзечанскім раёнам і горадам, з сельскай гаспадаркай — ад часоў стварэння першых калгасаў да іх росквіту і ўсесаюзнай славы.

 Іван Кісель. Іван Кісель. "Маладзечанская газета"


На пярэднім краі калектывізацыі

Іван Васільевіч гартае альбом, у якім умясцілася ўся яго працоўная біяграфія, пачынаючы з 1950 года: Ганаровыя граматы, фотаздымкі, газетныя публікацыі, віншавальныя паштоўкі і памятныя адрасы, запрашэнні на ўрачыстыя мерапрыемствы... Мой субяседнік сустрэў перамогу ў Берліне і застаўся служыць у Германіі яшчэ на пяць гадоў. Калі вярнуўся ў родную Мясату, яна была цалкам спаленая. Людзі толькі пачыналі нанова будавацца, многія жылі ў зямлянках. Іван Васільевіч успамінае, што ў горад вяскоўцы ездзілі на веласіпедах — гэта быў асноўны транспарт.

— Прамысловасці ў Маладзечне тады не было, працаваў толькі ліцейны завод. Старое Места было цэнтрам горада. Недалёка ад царквы (там, дзе цяпер прадуктовы магазін) размяшчаўся райкам партыі.
Краіна ў той час адчувала дэфіцыт кадраў, таму маладога перспектыўнага хлопца адразу ўзялі «ў абарот». У 1950-я гады ў Заходняй Беларусі стваралі калгасы, і Іван Кісель апынуўся на пярэднім флангу гэтай работы. Працэс ішоў для кагосьці балюча і цяжка, а для каго — з аптымізмам і надзеяй.

Атрымаўшы спецыяльнасць агранома ў Мінскай сельскагаспадарчай школе, Іван Васільевіч працаваў на розных кіруючых пасадах. У 1960 годзе ўзначаліў калгас імя Жданава ў Гарадзілаўскім сельсавеце.

— Гаспадарка дасталася мне такая, што не ведаў, за якую справу спачатку брацца, — успамінае Іван Васільевіч. — На балансе 350 галоў жывёлы, а ў наяўнасці — 270. Каля 300 свіней, 120 авечак, 210 курэй. Жывёла худая – кармы бралі ў суседнім калгасе «Яхімоўшчына» ў доўг. Ураджайнасць збожжавых была 6-7 цэнтнераў з гектара, бульбы — 65-70. Усе рахункі ў дзяржбанку былі закрэдытаваныя, калгас меў велізарныя запазычанасці перад рознымі арганізацыямі, за тры гады не плацілі па працаднях. Выпрасілі ў народнага суда даць адтэрміноўку па судовых ісках. Пачалі шукаць крыніцы заробку. Вырашылі ўзяцца за лён: пабудавалі тры льносушылкі, купілі абсталяванне для перапрацоўкі сваёй трасты, сушылі і для суседняга калгаса «Камсамолец». Паступова з’явіліся грошы, пачалі даваць калгаснікам аванс, пакрысе разлічыліся за мінулыя гады па заробках.

Зямлю аралі, жыллё будавалі

Так пачалася «эра Кісяля», якую можна параўнаць з перыядам росквіту калгаса «Светлы шлях» пад кіраўніцтвам усесаюзна вядомага Уладзіміра Калачыка. «Жданаўцы» не толькі працавалі на зямлі, але і будавалі жыллё, кароўнікі, цялятнікі, свінаферму, машынны двор, клубы ў Гарадзілаве і Укропаве. І ўсё гэта — за грошы калгаса. Згодна з паведамленнямі ў газетах мінулых гадоў, амаль у пяць разоў вырасла ўраджайнасць збожжавых, у два з паловай раза — бульбы. Буракоў збіралі да 450 цэнтнераў з гектара. Ледзь не ў дзесяць разоў павялічылася пагалоўе жывёлы. Прадавалі дзяржаве больш за 650 тон малака і 300 тон мяса за год. Калгаснікі атрымлівалі без затрымак «жывыя» грошы. Па вопыт у гаспадарку прыязджалі дэлегацыі з-за мяжы і з рэспублік былога Савецкага Саюза. Калгас быў сярод удзельнікаў ВДНГ СССР. Калі гаварыць сучаснай мовай, задачу «забеспячэння харчовай бяспекі» калгас пад кіраўніцтвам Івана Кісяля выконваў на ўсе сто. Работа старшыні і яго калектыву была адзначана высокімі ўзнагародамі — ордэнамі Кастрычніцкай рэвалюцыі і «Знак Пашаны», медалём «За доблесную працу», Ганаровымі граматамі.

— У той час працавалі, не задумваючыся пра дабрабыт, пра зарплаты і прэміі... Як у той песні: «жила бы страна родная — и нету других забот». Ганаровая грамата, падзяка былі самымі дарагімі ацэнкамі працы, —  успамінае ветэран.

Нашчадкам у спадчыну

Па стане здароўя ў 1978 годзе Іван Васільевіч быў вымушаны пакінуць работу ў сельскай гаспадарцы.
— Атрымаў кватэру ў Маладзечне, на вуліцы Міру. Мяне прызначылі інспектарам у дзяржкамітэт па ахове прыроды. Даводзілася вырашаць пытанні азелянення горада, лясных высечак, забруджвання лясоў, рэк і палёў прамысловымі адходамі, бытавым смеццем. Часам караў рублём нядбайных кіраўнікоў. Пры мне пачалося ўзвядзенне гарадскіх ачышчальных збудаванняў.
Імя Івана Кісяля занесена ў кнігу гонару Маладзечанскай арганізацыі ДТСААФ, ён доўгі час быў сярод актыву ветэранскай арганізацыі раёна. Гаворыць, што яшчэ летась прыходзіў 9 мая ў парк Перамогі.
Званне ганаровага грамадзяніна Маладзечанскага раёна Івану Кісялю было прысвоена ў 2005 годзе. Што можа быць вышэйшым за гэта званне для вяскоўца, сапраўднага патрыёта, які ўсё жыццё працаваў дзеля росквіту роднай зямлі?

… Дача, дзе праводзіць лета Іван Васільевіч, знаходзіцца зусім недалёка ад яго роднай вёскі Мясата. Побач з ім, на руках унучкі Ірыны, праўнук ветэрана, якога таксама назвалі Іванам. Ды і ці магло быць інакш — нарадзіліся два Іваны ў адзін дзень 23 лістапада. Такое супадзенне — нібы знак з неба: сімвал памяці, змены пакаленняў, эстафеты жыцця.
Тэкст і фота: Лілія ЛІПНІЦКАЯ.

Прочитано 4648 раз
Лилия Липницкая

Редактор интернет-сайта

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.

Добавить комментарий


Защитный код
Обновить