Ганаровыя грамадзяне – аб родным горадзе. Аляксандр Міхнікевіч

Эпоха Міхнікевіча: новыя школы і дзіцячыя сады, профільнае навучанне, прафесіі для выпускнікоў.

Сёння нам цяжка ўявіць, як перапоўненая школа працавала ў тры змены, і амаль у кожным класе сядзелі за партамі 40 вучняў. Як   дэкрэтны водпуск па доглядзе дзіцяці быў усяго 72 дні, а ясляў і дзіцячых садоў у горадзе катастрафічна не хапала. Па сто разнерваваных мам запісвалася на прыём да загадчыка аддзела народнай асветы гарвыканкама…

Калі ў 1971-м на гэту пасаду прызначылі Аляксандра Міхнікевіча, была менавіта такая сітуацыя. Шаснаццаць гадоў -- як гаворыць Аляксандр Васільевіч, «неверагодна доўгі тэрмін» -- адпрацаваў ён на гэтым пасту. Ды толькі не працяглым часовым прамежкам, а новымі школамі і садамі, шматлікімі прагрэсіўнымі новаўвядзеннямі вымяраецца яго ўклад у развіццё сістэмы адукацыі нашага горада.

З першай зарплаты – керагаз

Якім убачылі Маладзечна ў 1960 годзе выпускнік-чырвонадыпломнік Мінскага педінстытута Аляксандр Міхнікевіч і яго жонка Жанна, якая закончыла філалагічны факультэт Ленінградскага педуніверсітэта? Пасля беларускай сталіцы і велічнага горада на Няве наш горад іх не вельмі ўразіў, але і не напалохаў. Маладая сям’я разам з калегамі з энтузіязмам дабудоўвала, добраўпарадкоўвала школу-інтэрнат для дзяцей з мнагадзетных і малазабяспечаных сем’яў (пазней санаторная школа-інтэрнат для дзяцей, хворых на скаліёз). Міхнікевічам пашанцавала: кватэру наймалі нядоўга. Ім выдзелілі двухпакаёўку прама пад дахам школы, у якой яны пражылі дзесяць гадоў. Трубы лопнулі, краны пацяклі – сярод ночы стукаліся начныя нянькі да Аляксандра Васільевіча, ведаючы, што ён знойдзе выйсце з любой сітуацыі… Насупраць інтэрната па вуліцы Валынца Міхнікевічы атрымалі кватэру, у якой жывуць і сёння. Успамінаюць, што калі толькі прыехалі, на месцы іх дома было поле. Тут садзілі бульбу, сеялі авёс для школьнага каня. Дрэў расло мала, на пустцы праглядалася восьмая школа – самая апошняя з пабудаваных у горадзе.
Жылі маладыя педагогі сціпла. З першай зарплаты купілі керагаз, каб гатаваць ежу. За памяркоўную плату абедалі ў школьнай сталовай, як і многія калегі. Не прапускалі прэм’еры ў кінатэатры «Камсамолец», які знаходзіўся ў раёне СШ №3. Летам танцавалі пад музыку духавога аркестра ў скверы ля цяперашняга кінатэатра «Радзіма». На канцэрты хадзілі ў гарадскі Дом культуры, у якім сёння размяшчаецца драмтэатр. Зімой каталіся на лыжах па парку. Успамінаюць, што галоўную гарадскую ёлку ў тыя часы ставілі на плошчы Свабоды, цяперашнім Старым Месце. Здружыліся яны з сям’ёй дырэктара школы-інтэрната Пятра Шадурына, з Мікалаем і Галінай Кулеўскімі, якія сыгралі студэнцкае вяселле ў іх кватэры. На сталах – газеты, посуд – са школьнай сталовай. Але ж як весела і радасна было!
Аляксандр Васільевіч захапляўся фотасправай, вёў вучнёўскі гурток. Яго здымкі друкаваліся ў гарадской газеце «Чырвоны сцяг», нумары якой захаваліся ў сямейным архіве. Прыемна было пачуць, што мясцовую газету гэта сям’я выпісвае з 1960-х гадоў. 

Адчыняць таму, хто стукаецца

Гэта жыццёвае крэда Аляксандра Васільевіча. Калі ў 36 гадоў яго прызначылі загадчыкам аддзела народнай асветы гарвыканкама, ён не пераставаў стукацца ў дзверы шматлікіх кабінетаў, каб вырашыць пытанні будаўніцтва новых школ. Дапамагала, што да гэтага тры гады працаваў інструктарам гаркама партыі, ведаў многіх кіраўнікоў, заручыўся іх падтрымкай. З вялікай павагай успамінае першых   сакратароў гаркама партыі Генадзія Барташэвіча, Яўстафія Стахоўскага, якія ўмелі працаваць з людзьмі, шмат зрабілі для развіцця Маладзечна.

Мой субяседнік прыгадвае, што не проста было будаваць СШ №9: на Лясных -- балоцістая глеба, шмат праблем узнікла з сістэмай ацяплення. Але намаганні былі вартыя таго: з яе адкрыццём разгрузілі перапоўненую сёмую школу. Бацькі ўздыхнулі з палёгкай: па дарозе на заняткі дзецям не трэба было пераходзіць небяспечныя чыгуначныя пуці.

Дзясятую школу гораду ўдалося пабудаваць на год раней, чым планавалася. А вось сродкаў на набыццё мэблі неставала. Міхнікевіч паехаў да міністра адукацыі Міхаіла Мінкевіча, які ўнік у сітуацыю, знайшоў выйсце. У Маладзечна адгрузілі новую мэблю са Стаўбцоўскай школы, будаўніцтва якой зацягвалася. У СШ №10 была ўстаноўлена  прагрэсіўная па тых часах лінія раздачы харчавання з падагрэвам – такіх ва ўсім СССР былі адзінкі. Сярэднія школы №11, 12, а таксама 19 дзіцячых садоў пабудаваныя ў перыяд кіраўніцтва Аляксандра Васільевіча. Акрамя таго, былі ўзведзены новыя тыпавыя будынкі сярэдніх школ №1, 2, 3, 4, прыбудова да СШ №6. У старым памяшканні СШ №2 адкрылі абласны Палац піянераў, непадалёк ад сёмай школы пачала дзейнічаць станцыя юннатаў. У раёне трэцяй школы быў узведзены  другі ў рэспубліцы лёгкаатлетычны манеж з рэкартанавым пакрыццём.

Як і ва ўсёй рэспубліцы, у горадзе адбываліся змены ў працэсе навучання, якое з сямігадовага  паступова стала дзесяцігадовым. Разгрузіліся школы, з’явілася магчымасць адкрыць групы падоўжанага дня. Гарадскія ўстановы адукацыі былі рускамоўнымі, акрамя СШ №1 імя Янкі Купалы. Аднак для настаўнікаў, якія выкладалі свае прадметы па-беларуску, прадугледжвалася 15-працэнтная надбаўка. У школах з’явіліся профільныя класы. Вялікая ўвага надавалася працоўнаму навучанню. Старшакласнікі маглі па жаданні асвоіць прафесіі цесляра, токара, швачкі, повара, вадзіцеля і іншыя. Разам з атэстатам выпускнікі атрымлівалі пасведчанне аб прафесійнай адукацыі, многія адразу ішлі працаваць.

Двойчы Аляксандр Васільевіч дзяліўся вопытам работы на Усесаюзных нарадах педагогаў, быў удзельнікам Рэспубліканскага з’езда настаўнікаў. У 1978 годзе яму прысвоілі ганаровае званне «Заслужаны настаўнік БССР». Мой субяседнік адзначае, што гэта заслуга, плённая праца педкалектываў усіх 35 устаноў адукацыі, якія былі ў яго падпарадкаванні. Ён не памыліўся, калі стварыў рэзерв маладых кадраў, вельмі дасканала падбіраў кіраўнікоў школ. Некаторыя з іх, дарэчы, працуюць і сёння.

Асаблівыя ўмовы для хворых дзяцей

Апошнія 15 гадоў перад пенсіяй Аляксандр Васільевіч працаваў дырэктарам адзінай у вобласці школы-інтэрната для дзяцей, хворых на скаліёз. Менавіта пры ім установа набыла статус санаторнай. Гэта дало магчымасць увесці ў штат 8 урачоў і 15 медсясцёр – стварылі сваё медыцынскае аддзяленне з выдатнай матэрыяльнай базай. Дзеці пачалі атрымліваць пяціразовае харчаванне, а персанал -- 15-працэнтную надбаўку да зарплаты. Купілі новы аўтобус – лягчэй было дастаўляць выхаванцаў у гарадскі басейн на плаванне, такое неабходнае для скаліёзнікаў. Набылі аўтамабіль, з’явілася магчымасць кансультаваць падапечных у лепшых сталічных урачоў. Дапамагалі аформіць інваліднасць выпускнікам, у якіх, як правіла, быў цяжкі дыягназ, чацвёртая невылечная стадыя скаліёзу. Самім ім прайсці ўрачэбную камісію было б вельмі складана.

-- Медыцынскім аддзяленнем школы-інтэрната загадваў Яўгеній Дудукін, выдатны ўрач, які пастаянна адшукваў нешта новае для лячэння дзяцей. У яго былі прагрэсіўныя ідэі, а мая задача – грошы пад іх даставаць, -- успамінае Аляксандр Васільевіч.

Галоўны плён работы калектыву – станоўчая дынаміка ў здароўі дзяцей, якіх сюды прывозілі з усёй вобласці. Многія з іх і праз дзясяткі гадоў пішуць пісьмы, тэлефануюць Аляксандру Васільевічу і Жанне Фёдараўне, для якой школа-інтэрнат была адзіным месцам працы. Яны выгадавалі дваіх цудоўных сыноў, маюць дваіх унукаў, праўнучку.

Званне ганаровага грамадзяніна горада (цяпер – раёна) Аляксандру Васільевічу прысвоілі ў 2002 годзе, калі ён пайшоў ужо на заслужаны адпачынак. Так высока маладзечанцы ацанілі ўклад у развіццё сістэмы адукацыі чалавека, з іменем якога асацыіруецца будаўніцтва многіх школ нашага горада. Вельмі хочацца, каб сённяшнія вучні і педагогі пра яго ведалі. Цяжка перацаніць яго ўклад, яго нястомны клопат пра будучыню Маладзечна – горада, які стаў для яго родным, да якога прырос усё душой.   

Фота: уласны архіў Аляксандра МІХНІКЕВІЧА.

Прочитано 4443 раз
Анжаліка Крупянькова

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.

Добавить комментарий


Защитный код
Обновить