Усе 26 навучэнцаў – будучыя медсёстры. Менавіта такая кваліфікацыя будзе запісана і ў дыпломе Андрэя Даткевіча. Многія памылкова думаюць, што ў такім выпадку хлопцы з’яўляюцца медбратамі. Пры паступленні маладыя людзі заўсёды ўдакладняюць у прадстаўнікоў прыёмнай камісіі: «Замест сястрынскай справы пісаць брацкая?».
Андрэй асэнсавана выбраў сабе такую прафесію, якая лічыцца рэдкай сярод хлопцаў. Для яго з дзяцінства прыкладам была мама. Яна ўсё жыццё працуе медсястрой у адным з санаторыяў пасёлка Нарач, адкуль ён родам.
— Я ведаў, што хлопцаў у групе будзе няшмат, але спадзяваўся, што не акажуся адзіным сярод дзяўчат, — цяпер ужо з відавочным задавальненнем гаворыць Андрэй. – Прывыканне было няпростым, тым больш што ў школе вучыўся пераважна ў хлапечым класе. У каледжы асабліва цяжка запаміналіся дзявочыя імёны, дык я спачатку вывучыў прозвішчы аднагрупніц.
Дзяўчаты гавораць, што ў Андрэя выдатнае пачуццё гумару і яны хутка пасябравалі.
Сёлета гэта будзе першы выпуск групы, якая навучалася па абноўленай праграме: адукацыйны працэс скарочаны на год і разлічаны на год і дзесяць месяцаў. Будучыя медсёстры практыкуюцца ўжо ў Маладзечанскай цэнтральнай раённай бальніцы.
— Пацыенты па-рознаму рэагавалі на тое, што ўколы ці іншыя маніпуляцыі будзе рабіць малады чалавек. Адны ўсміхаліся, іншыя паглядалі з недаверам. Але я ўпэўнена выконваў сваю справу, — гаворыць Андрэй. – Спецыяліста ў той ці іншай сферы трэба найперш ацэньваць па яго прафесійных якасцях. Дарэчы, з цягам часу я хацеў бы замацавацца ў спартыўнай або рэабілітацыйнай медыцыне.
… Група, у якой вучыцца хлопец, лічыцца ў каледжы самай дружнай. Медсёстры, як кажуць, адна за адну і ў вучобе, і ў творчых конкурсах, і на спаборніцтвах. У групе займаецца дзяўчына, якая выдатна іграе на віяланчэлі. Таццяна Гутар неаднойчы выступала на сцэне каледжа і іншых пляцоўках Маладзечаншчыны. А Дзіяна Трахневіч захапляецца тайскім боксам. Ёсць і дзве маладыя мамы: Вікторыя Стрэж выхоўвае дачку, а Кацярына Вараўка — сына і дачку.
Андрэй Даткевіч з задавальненнем удзельнічае ва ўсіх мерапрыемствах, якія праводзяцца ў каледжы. А яшчэ ён вельмі любіць спорт — шмат гадоў займаецца лёгкай атлетыкай, асабліва ўдаецца яму бег на кароткія дыстанцыі.
Менавіта Андрэя дзяўчаты падрыхтавалі ў якасці ўдзельніка конкурсу на лепшую прычоску і не памыліліся. Ён заплёў аднагрупніцы прыгожыя косы і перамог.
Таксама дзяўчаты навучылі яго гатаваць. Тым больш што ў кухонным блоку вучнёўскага інтэрната ёсць для гэтага ўсё неабходнае.
— У мяне атрымліваюцца не столькі смачныя стравы, колькі я навучыўся іх прыгожа афармляць, — заўважае Андрэй. – Я зразумеў, што нават самая простая, але з густам пададзеная страва больш смачная.
Да мужчынскага і жаночага свят у групе рыхтуюцца задоўга. Летась дзяўчаты прыгатавалі для Андрэя святочную вячэру, а сёлета збіраюцца павесці яго на каток і ў кіно. У Андрэя наконт падарунка дзяўчатам таксама ёсць ідэя. На мінулы Дзень жанчын ён заказаў вялікі тэматычна аформлены торт на мясцовым хлебазаводзе. Цяпер намераны спячы торт сам і такім чынам замацаваць урокі кулінарыі, атрыманыя ў дзяўчат.
… Да заканчэння вучобы засталіся лічаныя месяцы. Хутка пачнецца апошняя пераддыпломная практыка, і маладыя спецыялісты раз’едуцца хто куды. Але яны заўсёды будуць памятаць вучнёўскае юнацтва і «медсястру» па імені Андрэй.
Фота: Ірына РАБУШКА.