09.04.2021 14:59

Пацалунак вярблюда Максіма

Бывае ж такое: прылятаеш за чатыры тысячы кіламетраў у Егіпет, у Хургаду — а там на пляжы бачыш вярблюда са славянскім іменем Максім…

І характар у яго славянскі — добразычлівы. Ён зусім не злуецца, і тым больш не плюецца, чым грашаць многія яго сародзічы. Наадварот, гатовы кожнага пацалаваць, асабліва калі гэта прыгожая беларуская дзяўчына. Ды яшчэ бландзінка, што ў арабскім свеце лічыцца не меншай экзотыкай, чым у нас вярблюд…

— Гэтага вярблюда я бачыла на здымках у Інстаграм яшчэ да адлёту ў Егіпет. Ён разам са сваім гаспадаром-арабам пастаянна шпацыруе па пляжах берагавой лініі і, відаць, зарабляе нядрэнныя грошы, — расказвае наша чытачка Лізавета Стасяловіч (на фота). – Сфатаграфавацца з ім каштуе адзін долар, пакатацца на ім – тры. Бачыла, як паміж яго гарбоў саджалі адразу па двое дзяцей, і Максім акуратна вёз іх уздоўж мора…

Дзяўчына ўспамінае, што ў час экскурсіі ў пустыню гід расказваў, што з дапамогай вярблюдаў бедуіны не толькі перавозяць грузы, але і знаходзяць падземныя крыніцы з вадой. Як двухгорбыя адчуваюць вільгаць праз тоўшчу пяску — напэўна, такая ж загадка, як і вяртанне вясной з Егіпта нашых буслоў. У прыроды шмат тайн. Магчыма, адну з іх і шапнуў на вуха нашай чытачцы добразычлівы вярблюд па мянушцы Максім…

Анжаліка КРУПЯНЬКОВА.
Фота: архіў Лізаветы СТАСЯЛОВІЧ.

Прочитано 456 раз
Анжаліка Крупянькова

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.