22.12.2016 13:51

Статус перададзены, зробленае застаецца...

У мінулую пятніцу ў Палацы культуры нашага горада адбылася ўрачыстая цырымонія закрыцця рэспубліканскай акцыі «Культурная сталіца — 2016» і Года культуры. Для перадачы ганаровага звання і сімвала рэспубліканскай акцыі на сцэну былі запрошаны першы намеснік старшыні Бабруйскага гарвыканкама Алег Ковель і старшыня Маладзечанскага райвыканкама Аляксандр Яхнавец. Культурнай сталіцай Беларусі 2017 года аб’яўлены Бабруйск.

Статус перададзены, зробленае застаецца... Алексей Плотко

Год культуры адыходзіць у мінулае. Адметным узорам вытканы ён на палатне гісторыі нашай краіны. Для Маладзечна асобная старонка жыцця пачалася ў лютым 2016-га, калі горад афіцыйна прыняў эстафету культурнай сталіцы Беларусі. Каб стаць сведкамі гістарычнай падзеі, да нас прыехалі высокія службовыя асобы, вядучыя выканаўцы і лепшыя творчыя калектывы. Культурнае жыццё, якое ніколі не было сумным, загучала новымі мелодыямі, напоўнілася яркімі фарбамі і светлымі ўражаннямі.
Маштабныя музычныя праекты, цікавыя сустрэчы, мастацкія выставы і пленэры далі магчымасць кожнаму з нас яшчэ раз дакрануцца да скарбніцы сусветнай і беларускай нацыянальнай культуры. Але настаў час сказаць: «Бывай, культурная сталіца – 2016 Маладзечна! Вітаем цябе, культурная сталіца – 2017 Бабруйск!». У мінулую пятніцу ў Палацы культуры нашага горада адбылася ўрачыстая цырымонія закрыцця рэспубліканскай акцыі «Культурная сталіца — 2016» і Года культуры.
З прывітальным словам да маладзечанцаў і гасцей горада звярнуўся міністр культуры Рэспублікі Беларусь Барыс Святлоў. Ён адзначыў, што Маладзечна з поўным правам увайшло ў сузор’е гарадоў, якія былі аб’яўлены культурнымі сталіцамі Беларусі ў мінулыя гады. Годна пранесла высокае званне і яшчэ больш раскрыла свой патэнцыял, паказала ўсяму свету нашы таленты, нашы магчымасці, нашу культуру...

У канцэрце ўдзельнічалі артысты, для якіх Маладзечна невыпадковы горад. Сярод іх саліст Маладзёжнага тэатра эстрады Дзмітрый Сяргееў і салістка прадзюсарскага цэнтра «Спамаш» Дарыя, лаўрэаты Нацыянальнага конкурсу маладых выканаўцаў беларускай эстраднай песні Аляксандр Салаўёў, Наталля Ламака, Алеся Кульша, а таксама творчыя калектывы нашага горада. Не шкадавалі апладысментаў, горача віталі гледачы ўдзельнікаў заслужанага аматарскага калектыву ансамбля песні і танца «Спадчына» і самых маленькіх артыстаў — выхаванцаў эстрадных і харэаграфічных студый.

Вядучыя праграмы Марына Грыцук і Іван Падрэз трапна заўважылі: «Тыя знакамітасці, каго лёс хоць аднойчы звёў з Маладзечнам, назаўсёды застаюцца зачараванымі гэтым сапраўды культурным, светлым і інтэлігентным горадам».

На сцэну для ўрачыстай цырымоніі перадачы эстафеты культурнай сталіцы былі запрошаны першы намеснік старшыні Бабруйскага гарвыканкама Алег Ковель і старшыня Маладзечанскага райвыканкама Аляксандр Яхнавец. Аляксандр Дзмітрыевіч шчыра падзякаваў усім удзельнікам рэспубліканскай акцыі. Акрамя работнікаў культуры гэта спецыялісты розных галін, якія інфармавалі аб падзеях, забяспечвалі парадак і якаснае абслугоўванне людзей. Прысутныя пагадзіліся з тым, што Маладзечна застаецца неафіцыйнай культурнай сталіцай краіны. 16 снежня ў 19.04 (менавіта гэты час засведчыў стылізаваны гадзіннік – падарунак маладзечанцам ад бабруйчан) званне культурнай сталіцы Беларусі 2017 года разам са статуэткай-сімвалам было перададзена адміністрацыі Бабруйска.
У ганаровы і адказны для гэтага горада год ён адзначыць сваё 630-годдзе цікавымі мерапрыемствамі. Візітнай карткай Бабруйска з’яўляюцца міжнародныя фестываль народнага мастацтва «Вянок сяброўства» і пленэр па кераміцы«Art-Жыжаль», фестываль нацыянальнай драматургіі імя Дуніна–Марцінкевіча... А наколькі яркія і таленавітыя творчыя калектывы гасцей, маладзечанцы змаглі ўбачыць у час іх выступлення.

У той вечар сваё святочнае віншаванне адрасавалі ўсім і славутыя майстры сцэны – Нацыянальны акадэмічны хор імя Цітовіча, салісты Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Алена Золава і Уладзімір Громаў, ансамбль «Песняры». З творчым прывітаннем прыехалі ў Маладзечна заслужаны аматарскі калектыў дзяржаўны ансамбль танца пад кіраўніцтвам Валянціна Дудкевіча, арт-група «Беларусы», народныя артысты Ядвіга Паплаўская і Аляксандр Ціхановіч…
У заканчэнне ў выкананні ўсіх удзельнікаў канцэрта ўзнёсла і велічна прагучала «Прысвячэнне» роднай Беларусі, яе таленавітым людзям, што захоўваюць духоўныя традыцыі, прымнажаюць яе культурную спадчыну.

Галерея изображений

Просмотреть встроенную фотогалерею в Интернете по адресу:
https://mgazeta.by/fotofakt/item/695-status-peradadzeny.html#sigProId8c21e17385
Прочитано 6161 раз Последнее изменение 22.12.2016 13:51
Людміла Цар

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.