30.08.2022 9:31

Памідор-велікан з 17-метровай цяпліцы

Тамат сорту «вялікі ружовы», які вырасціла наша пастаянная падпісчыца з вуліцы Віленскай Галіна Козел, хочацца паважна назваць «сіньёр памідор». Яго вага — 1 кілаграм 31 грам!

Галіна Козел са сваімі цуда-памідорамі. Галіна Козел са сваімі цуда-памідорамі.

— У мінулыя гады ў мяне выспявалі таматы па 700 грамаў, і толькі сёлетні велікан пераваліў за кілаграм, — Галіна Іванаўна і сама здзіўляецца такому дасягненню.

Каля 120 раслін больш чым 20 сартоў садзіць яна штогод у 17-метровай цяпліцы, якую пабудаваў яе муж Міхаіл Фёдаравіч.

— Калі перасаджваю расаду ў цяпліцу, высокарослыя і нізкарослыя калібрую, размяшчаю асобна, каб не перашкаджалі адзін аднаму расці. Хімікатамі не апрацоўваю, хіба што малочнай сывараткай, ды і тое дамашняй — мой брат трымае карову. У адрозненне ад агуркоў, памідоры любяць скразнякі, так што пастаянна праветрываю цяпліцу, — дзеліцца сакрэтамі догляду руплівая гаспадыня.

Яшчэ расказвае, што пры будаўніцтве цяпліцы муж прадугледзеў канаўкі для дажджавой вады, па якіх яна сцякае ўнутр у ёмкасці. У выніку вада эканоміцца і яна больш чыстая, карысная для раслін.

Памідорнае царства ў цяпліцы вельмі разнастайнае. Гэта і сарты «бычынае сэрца», «чорны прынц», «пальчыкі», жоўтыя таматы… Сёлета ўпершыню пасадзіла памідоры з цёмна-фіялетавымі пладамі, якія па меры выспявання ружавеюць. Яны вельмі салодкія.

— А як перапрацоўваеце такую колькасць таматаў?

— Марыную, стаўлю шмат літраў таматнага соку, які ў нас усе любяць, — гаворыць гаспадыня.

Вагі пацвярджаюць: памідор важыць 1 кілаграм 31 грам.

Акрамя памідораў у цяпліцы растуць салодкі і горкі перац, раннія агуркі, якія пладаносяць ужо ў канцы мая. Дарэчы, Галіна Іванаўна прыгадвае, што ў мінулым годзе з насення, прывезенага знаёмым з Нідэрландаў, вырасціла салатны агурок даўжынёй 54 сантыметры. Добра ўрадзілі і бульба, цыбуля. Расказвае, што насенне найчасцей купляе ў магазіне «Насенне» па вуліцы Міру, там вельмі прафесійныя прадаўцы, якія заўсёды пракансультуюць, падкажуць.

Любоў да раслін, агародніцтва Галіне Іванаўне прывілі бацькі. Ганарыцца, што родам яна з Вязынкі, з запаветных купалаўскіх мясцін. Яна, і сама чалавек вельмі творчы, са школьных гадоў піша вершы і сцэнарыі, удзельнічае ў розных конкурсах і мерапрыемствах, вельмі любіць чытаць, асабліва гістарычную літаратуру і дэтэктывы з закручаным сюжэтам. Шмат год яна працавала ў гандлёва-эканамічным каледжы пашпартыстам, загадчыкам складу, цяпер на пенсіі.

Па натуры яна чалавек вельмі актыўны, без справы сядзець не любіць. А калі бярэцца за што, то з усёй душой, з творчым падыходам і натхненнем. Таму і ўдалося вырасціць такі вось «сіньёр памідор», якім Галіна Іванаўна здзівіла нашу рэдакцыю. На смак плады гэтага сорту вельмі салодкія, сакавітыя — шчодрая гаспадыня нас пачаставала. А кілаграмовага велікана пакінула, каб паказаць пляменніцы. Паслала ёй здымак, але тая сказала, што такі цуд трэба на свае вочы ўбачыць і ў руках патрымаць…

Таматны сок ад Галіны Козел

Памідоры памыць, разрэзаць на кавалкі, перапусціць цераз мясарубку ці сокавыціскалку (у Галіны Іванаўны ручная). На 10 літраў соку дабавіць 400 г цукру, 3 сталовыя лыжкі (з невялікім верхам) солі. Сок давесці да кіпення, разліць па стэрылізаваных слоіках, закруціць (закатаць).


ІНФАРМАЦЫЯ Ў ТЭМУ

Іўеўскі рэкорд – тамат вагой у 1 кілаграм 334 грамы.
У жніўні ў горадзе Іўе, што на Гродзеншчыне, прайшоў фестываль «Іўеўскі памідор», які стаў брэндам гэтага раённага цэнтра. Па традыцыі на ім вызначаюць самы вялікі тамат, вырашчаны мясцовымі агароднікамі (хто быў у Іўі, бачыў даўжэзныя цяпліцы ледзь не ў кожным двары). Рэкорд сёлетняга фестывалю — памідор вагой у 1 кіла-грам 334 грамы, які вырасціла Фаціма Сафарэвіч.

Паважаныя чытачы! Распачынаем наш традыцыйны газетны марафон «Ураджайныя градкі». Фатаграфуйцеся са сваімі дасягненнямі, здзіўляйце журналістаў і чытачоў газеты!

Здымкі дасылайце на вайбер па нумары +375-29-627-16-11 ці на электронную пошту Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.. І абавязкова пакіньце свае каардынаты, каб
з вамі маглі звязацца нашы супрацоўнікі.

Чакаем! Журналістам можна пазваніць па тэлефонах 77-19-61, 77-10-51.

Анжаліка КРУПЯНЬКОВА.
Фота: АЎТАР, архіў Галіны КОЗЕЛ.

Прочитано 256 раз
Анжаліка Крупянькова

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.