23.08.2022 9:05

Рэліквія сям’і Петрусёвых

У некаторых сем’ях ёсць памятныя прадметы, якія перадаюцца з пакалення ў пакаленне. Яны асабліва шануюцца, бо з’яўляюцца матэрыяльным увасабленнем непарыўнасці роду.

У сям’і Петрусёвых такой рэліквіяй з’яўляецца старажытная ікона.

Абраз Божай Маці перадаецца ў сям’і Петрусёвых з пакалення ў пакаленне. Абраз Божай Маці перадаецца ў сям’і Петрусёвых з пакалення ў пакаленне.

Пра яе мне расказала аднакурсніца Лізавета Петрусёва. Разам мы вучымся ў БДУ на факультэце журналістыкі. Сама я з Маладзечна, а мая сяброўка з Мар’інай Горкі. Калі ёсць час, мы дзелімся адна з адной цікавымі гісторыямі.

— Каталіцкі абраз Божай Маці перадаецца ў нашай сям’і толькі па жаночай лініі, — расказала Лізавета. — Цяпер ён належыць бабулі Аліне (перайшоў да яе ў спадчыну ад прабабкі Браніславы). Наступнай уладальніцай іконы будзе мая матуля. Мы не ведаем, як святыня трапіла ў нашу сям’ю, але дакладна вядома, што наш род валодае ёю каля 400 гадоў.

Субяседніца паведаміла, што абраз невялікі (прыкладна 30 на 40 сантыметраў). Рамка ад часу патрэскалася. Колеры страцілі яркасць. Захоўваецца святыня ў самым ганаровым месцы ў доме.

— У час Вялікай Айчыннай вайны прабабка штодня маліліся перад абразам, — дадала Лізавета. — Магчыма, менавіта вера дапамагла ёй і яе дзецям перажыць вайну. Потым за святыню прапаноўвалі вялікія грошы. Аднак на гэта ў сям’і не пайшлі. Традыцыя захавання рэліквіі не перарвецца ніколі.

Я ўпэўнена, што гісторыя краіны і гісторыя сем’яў непарыўна звязаны. Краіна — гэта ў першую чаргу людзі. Таму кожны з нас павінен быць носьбітам гістарычнай памяці, захавальнікам традыцый. А без духоўнай апоры тут не абысціся.

P.S. А ці ёсць у вас сямейныя рэліквія? Калі так, то чым яна вам дарагая? Якія гісторыі з ёю звязаны? Прапануем расказаць пра гэта чытачам «Маладзечанскай газеты». Чакаем вашых водгукаў.

Тэкст і фота: Ксенія НЕСЦЯРОВІЧ.

Прочитано 263 раз
Заимствованная инф.

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.
Другие материалы в этой категории: « На кусте томатов 20 плодов Волонтеры спасают от жары »