21.07.2017 10:02

25 ліпеня – дзень пажарнай службы. Віншуем!

Ратаваць жыцці людзей, ліквідаваць наступствы надзвычайных сітуацый – высакародна і адказна. Так лічыць камандзір аддзялення пажарна-выратавальнай службы пажарнага аварыйна-выратавальнага атрада Мінскага абласнога ўпраўлення МНС Раман Космач.

Камандзір аддзялення пажарна-выратавальнай службы ПАВА Мінскага абласнога ўпраўлення МНС Раман Космач Камандзір аддзялення пажарна-выратавальнай службы ПАВА Мінскага абласнога ўпраўлення МНС Раман Космач "Маладзечанская газета"

— Вырашыў стаць ратавальнікам пасля тэрміновай службы ў ваенна-паветраных войсках, — гаворыць Раман Міхайлавіч. – Цяжкасцей не баяўся. Ды і смеласці было не займаць. Прайшоў перанавучанне. У калектыве прынялі адразу. Спецыяльнасць цікавая. Яна мне вельмі падабаецца. Прыемна прыносіць карысць грамадству, даваць людзям дадатковы шанц на жыццё. Калі гэта ўдаецца — адчуванне не выказаць словамі.

Аддзяленне Рамана Космача не раз выязджала на пажары, удзельнічала ў іншых ратавальных аперацыях. Сярод іх ліквідацыя наступстваў аварыі на дарозе Маладзечна — Вілейка недалёка ад моста праз Ушу. Здарылася гэта некалькі месяцаў таму. Тады з’ехаў у кювет і перакуліўся легкавы аўтамабіль. У салоне засталася маладая пасажырка. Самастойна выбрацца яна не магла. Дапамога падаспела своечасова. Ратавальнікі вызвалілі дзяўчыну і перадалі ўрачам. Дзякуючы аператыўным і правільным дзеянням супрацоўнікаў МНС яна засталася жывая.

Ратавальнік пажадаў жыхарам Маладзечаншчыны берагчы сябе, выконваць правілы супрацьпажарнай бяспекі, клапаціцца аб уласнай маёмасці. А яшчэ людзі павінны ведаць: калі ўзнікне неабходнасць, супрацоўнікі МНС заўсёды прыйдуць на дапамогу.

Фота: Аляксей Платко.

Прочитано 1447 раз
Алег Бяганскі

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.