Утвараюцца ледзяшы там, дзе вада сцякае з прадметаў, што выступаюць. Гэта могуць быць дахі дамоў, берагавыя ўступы рэк і азёр, тэхнічныя збудаванні, паліцы для складання інвентару ў памяшканні, якое не ацяпляецца, і гэтак далей. У палярных морах і акіянах вісячыя наледзі ўтвараюцца нават пад ледзяным покрывам у тоўшчы салёнай вады. У гэтым выпадку замярзае прэсная расталая вада, якая прасочваецца пад пакавы лёд.
Звычайна ледзяшы маюць форму конуса. Вяршыня яго не вострая, некалькі міліметраў у дыяметры. Структура лёду такая ж, як у градзінах. «Корань» ледзянога сталактыта часцей круглы, але бывае складаны, рабрысты.
Калі надвор’е няўстойлівае і снег чаргуецца з дажджом, ледзяшы складаюцца з канцэнтрычных пластоў з украпінамі снежных крышталёў. Нярэдка ледзяшы зліваюцца, і ў выніку ўтвараюцца доўгія масіўныя гірлянды мудрагелістай формы.
У зачыненых памяшканнях (у склепе, на гарышчы) вада, што капае з вісячай наледзі, утварае ледзяную структуру, накіраваную ўверх — сталагміт. Зліўшыся, сталактыт і сталагміт фарміруюць ледзяную калону (сталактат). Такую з’яву можна ўбачыць і ў пячорах. З ёю добра знаёмыя спелеолагі.
Прычына ўтварэння ледзяшоў — сумяшчэнне дзвюх тэмператур: калі вышэй за нуль, адбываецца раставанне, калі ніжэй за нуль — замярзанне. Вялікае значэнне мае сіла паверхневага нацяжэння. Яна не дазваляе кроплі сарвацца ўніз адразу і дае шанц марозу зрабіць сваю справу.
У гарадскіх умовах наледзь – сур’ёзная праблема. Ледзяшы небяспечныя не толькі для прахожых. Яны могуць пашкодзіць аўтамабілі і пабудовы, абарваць правады. Таму камунальныя службы імкнуцца своечасова пазбавіцца ад ледзяшоў усімі даступнымі спосабамі. Сярод сучасных метадаў – прымяненне лазераў, ультрагуку, пары. Аднак найбольш часта практыкуецца механічнае ўздзеянне на ледзяныя сталактыты.
Алег БЯГАНСКІ.
Фота: Аляксей ПЛАТКО.