Горад быў заснаваны ва ўдалым месцы. Праз Маладзечна ішлі старадаўнія шляхі на Крэва, Трокі, Вільню – найважнейшыя на той час цэнтры ВКЛ, а таксама на Мінск, Дзісну, Лагойск. Тут вялі гандаль купцы, развівалася рамесніцкая вытворчасць.
Горад прайшоў доўгую гісторыю: быў мястэчкам, прыватнаўласніцкім горадам, меў свой замак, пабудаваны ў XVI стагоддзі. Населены пункт зведаў кіраванне розных уладальнікаў, сярод іх Збароўскія, Коцелы, Агінскія, Сапегі.
У канцы XVII стагоддзя Маладзечна ўваходзіла ў дваццатку найбуйнейшых населеных пунктаў беларускіх зямель. У 1873 годзе праз горад прайшла чыгунка. Гэта значна паскорыла сацыяльна-эканамічнае развіццё рэгіёна.
Праз Маладзечна не раз праходзілі войны, гінулі людзі, гарэлі дамы і падворкі. Так было і ў час Напалеонаўскага нашэсця, у гады Першай сусветнай і Вялікай Айчыннай вайны. Але горад зноў і зноў паўставаў з попелу, аднаўляўся і працягваў паступальны рух наперад.
Сёння Маладзечна – сучасны раённы цэнтр з развітай прамысловасцю і сацыяльнай інфраструктурай. Ён з поўным правам носіць званне культурнай сталіцы Мінскай вобласці. Маладзечанцы ганарацца слаўным мінулым, зберагаюць традыцыі і клапоцяцца пра сваю малую радзіму.
Выкарыстана інфармацыя з кнігі «Памяць» і з архіва «Маладзечанскай газеты».
Падрыхтаваў Алег БЯГАНСКІ.
Фота: Аляксей ПЛАТКО.