Жыве ў нашых лясах, а часам у парках і садах невялікі сімпатычны звярок. Завуць яго соня. Папуляцыю гэтых млекакормячых у ваколіцах Радашковічаў вывучае спецыяліст па ўліку і маніторынгу рэдкіх відаў жывёл, саіскальнік факультэта геаграфіі і геаінфарматыкі БДУ Яўгеній Смалярка.
– Тое, што ля Радашковічаў соні водзяцца, пацвярджаюць работнікі Маладзечанскага лясгаса, – гаворыць субяседнік. – У час абходаў лясных кварталаў яны бачылі гэтых жывёл. Аднак факт рассялення на пэўнай тэрыторыі мала гаворыць пра стан папуляцыі. Тут неабходна прымяняць спецыяльныя метады даследаванняў. Адзін з іх – назіранне за маладняком «аматараў паспаць». Для гэтага на дрэвах размяшчаюцца саняшнікі – домікі для сонь.
Па словах субяседніка, такія «кватэры» бяспечныя і камфортныя месцы размнажэння жывёл. Патрэба ў «жылплошчы» ўзнікла ў сувязі з тым, што старых дрэў з дупламі ў нашых лясах захавалася вельмі мала. А гадуюць патомства соні менавіта ў дуплах. Для гэтага абсталёўваюцца ўтульныя гнёзды.
– Зімні перыяд аб’екты нашага даследавання праводзяць у лясной подсцілцы, – працягвае Яўгеній Смалярка. – Вясной, калі надыдзе час размнажэння, у сонь павінна быць сваё «жыллё». Таму саняшнікі развешваюцца на дрэвах ужо цяпер.
«Кватэрнае пытанне» для сонь вырашаецца ў ваколіцах Радашковічаў другі год. За гэты час у навакольных лясах было размешчана некалькі дзясяткаў саняшнікаў. Такое «жыллё» не застаецца вакантным. Там амаль заўсёды нехта жыве (часцей за ўсё восы, шэршні, мышы). Вясной саняшнікі выкарыстоўваюць невялікія птушкі, напрыклад, сініцы.
Як паказвае вопыт, каб саняшнік зацікавіў «законных уладальнікаў», патрэбны некаторы час. Абсалютна новую «кватэру» звярок звычайна ігнаруе. Трэба, каб дошкі пастарэлі, «падыхалі» лесам. Дарэчы, у ваколіцах Повязыні будзе аб’яўлены новы заказнік мясцовага значэння «Барсучы лог». Такім чынам, соні будуць жыць на асабліва ахоўваемай прыроднай тэрыторыі.
Спецыяліст падкрэсліў, што соні з’яўляюцца важным звяном прыроднай экасістэмы. Некаторыя віды занесены ў Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь. На іх палююць драпежнікі. Самі жывёлы харчуюцца пладамі дрэў і насякомымі. Звяры актыўныя ў цёмны час сутак. Іх адметная рыса – вельмі доўгая спячка. Гэтыя грызуны «адлежваюць бакі» з канца верасня да сярэдзіны мая.
Алег БЯГАНСКІ
Фота: архіў Яўгенія СМАЛЯРКІ