Новости Молодечно и Молодечненского района

З тэрыторыі Маладзечанскага раёна вывезены ўсе пестыцыды, тэрмін выкарыстання якіх сышоў

  • 2020-12-08 06:26:00
  • Алег Бяганскі

Сітуацыю пракаменціраваў начальнік раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Уладзіслаў Чарноў. Ён адзначыў, што на Маладзечашчыне было выяўлена і звезена на хімбазу каля 100 тон пестыцыдаў, тэрмін выкарыстання якіх сышоў. Такім чынам, былі забяспечаны эфектыўны ўлік, афармленне і належнае захоўванне хімікатаў. Усе этапы работ кантралявалі спецыялісты райінспекцыі па ахове прыроды.

Раней небяспечныя хімікаты захоўваліся ў гаспадарках раёна. Пры гэтым не заўсёды выконваліся адпаведныя меры бяспекі пры складзіраванні пратэрмінаваных пестыцыдаў. У некаторых выпадках была невядомая нават назва прэпаратаў. Таму існавала пагроза забруджвання навакольнага асяроддзя.

— Першую партыю пестыцыдаў вывезлі з хімбазы год таму, — паведаміў Уладзіслаў Віктаравіч. – Фінансаваліся работы за кошт раённага бюджэту. Вырашальнае значэнне ў гэтым пытанні мела прынцыповая пазіцыя старшыні райвыканкама Юрыя Горлава. У далейшым «эвакуацыю» хімікатаў аплачваў Мінскі абласны камітэт прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя.

Вывезены злучэнні на палігон у Гомельскай вобласці. Знаходзіцца ён удалечыні ад населеных пунктаў у зоне адчужэння Чарнобыльскай АЭС. Там па спецыяльнай тэхналогіі будзе праходзіць утылізацыя пестыцыдаў.

Эколаг нагадаў галоўную небяспеку вывезеных хімікатаў. Справа ў тым, што яны з цягам часу не разбураюцца і доўгія дзесяцігоддзі ўяўляюць небяспеку для прыроды і чалавека. А вось тэрмін дзеяння сучасных сродкаў аховы раслін абмежаваны. Іх захаванне і прымяненне патрабуюць выканання ўсіх мер тэхнікі бяспекі.

— Цяпер у раёне прымяняюцца сродкі апрацоўкі раслін накіраванага дзеяння, — паведаміў Уладзіслаў Чарноў. – Напрыклад, рэгулярна праводзіцца хімічная праполка плошчаў ад баршчэўніку Сасноўскага. Людзі з дапамогай хіміі змагаюцца з каларадскім жуком і іншымі шкоднікамі сельскагаспадарчых культур. Не абыходзіцца без хімікатаў і лясная гаспадарка. Ва ўсіх выпадках пры прымяненні такіх сродкаў неабходна прытрымлівацца інструкцый і не парушаць прыродаахоўнае заканадаўства. Абавязкова трэба ўтылізаваць ёмістасці, у якіх захоўваліся хімпрэпараты. Інакш для адказных асоб суб’ектаў гаспадарання або прадпрымальнікаў можа наступіць адміністрацыйная адказнасць.

***

Пестыцыды — гэта рэчывы, якія прымяняюцца для барацьбы са шкоднымі арганізмамі. Хімікаты могуць перамяшчацца на вялікія адлегласці, аж да рэгіёнаў, размешчаных за тысячы кіламетраў ад першапачатковых крыніц забруджвання, напрыклад, такіх як Арктыка ці Антарктыда. Па харчовых ланцужках (вада — водарасці — рыба — чалавек ці глеба, расліны — траваедныя жывёлы — чалавек) небяспечныя злучэнні трапляюць у чалавечы арганізм, дзе затрымліваюцца, назапашваюцца і выклікаюць розныя захворванні.

Тэкст і фота: Алег БЯГАНСКІ.