Перавозкай «перасяленцаў» займаліся работнікі Нацыянальнай акадэміі навук Рэспублікі Беларусь Анатолій Аляхновіч і Уладзімір Разлуцкі. Ракі былі вылаўлены ў возеры Кічына (Сенненскі раён Віцебскай вобласці). Дарога заняла некалькі гадзін. На працягу гэтага часу рабіліся прыпынкі. Для жывёл трэба было ладзіць душ, каб іх жабры не перасыхалі. У новы дом «навасёлы» прыехалі ў выдатным стане.
— Васькаўскае вадасховішча падыходзіць для жыцця і размнажэння ракаў па ўсіх параметрах, — адзначыў Анатолій Аляхновіч. — Вадаём гэты чысты, праточны, тут расце шмат відаў раслін. Большасць з пераселеных ракаў — самкі. Кожная з іх здольная адкласці па 100-200 яек. Такім чынам, праз некалькі гадоў папуляцыя павінна значна павялічыцца.
Вучоны паведаміў, што ў вадаёмах Беларусі водзяцца тры віды ракаў. Вузкапалы з’яўляецца прамысловым. Шыракапалы занесены ў Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь.
Амерыканскі паласаты рак — чужародны від. Ён пераносіць небяспечнае віруснае захворванне — рачыную чуму. Дзе з’яўляецца «амерыканец», там іншыя віды ракаў знікаюць.
Вось чаму так важна стварыць як мага больш папуляцый абарыгенаў. Гэта гарантуе выжывальнасць мясцовых відаў.
Пра біялогію і асаблівасці вузкапалых ракаў расказвае Анатолій Аляхновіч.
Уладзімір Разлуцкі дадаў, што прэснаводныя ракі ўсёедныя. У іх рацыён уваходзяць і расліны, і жывёлы. У некаторых вадаёмах ракі складаюць асноўную частку жывёльнай біямасы. Яны вельмі патрэбныя для падтрымання ўстойлівасці воднай экасістэмы.
Як адзначыў начальнік Маладзечанскай раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Уладзіслаў Чарноў, у ходзе спецыяльных абследаванняў у раёне былі выяўлены 12 месцаў, дзе жывуць «чырванакніжныя» шыракапалыя ракі. Усе гэтыя месцы ўзяты пад ахову. Аднак іх вузкапалых «калег» вучоныя не знайшлі. Цяпер відавая разнастайнасць водных насельнікаў Маладзечаншчыны павялічылася.
— Перасяленне вузкапалых ракаў праходзіць у рамках спецыяльнай дзяржаўнай праграмы, — падкрэсліў Уладзіслаў Віктаравіч. — Фінансуецца яна з абласнога бюджэту. Запланавана запусціць жывёл і ў вадаём ля вёскі Сычавічы.
Намеснік начальніка Маладзечанскай міжраённай інспекцыі Дзяржаўнай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету Сяргей Язубец нагадаў правілы здабычы вузкапалых ракаў: рабіць гэта можна толькі спецыяльна прызначанымі прыстасаваннямі са строга вызначанымі параметрамі (ракалоўкамі). Нельга здабываць ракаў з даўжынёй цела менш за 10,5 сантыметра. Забаронена выкарыстоўваць аквалангі, плавальныя сродкі і асвятляльныя прыборы. Норма лоўлі — не больш за 2 кілаграмы за суткі на чалавека.
УВАГА! За кожнага дазволенага да здабычы рака, здабытага звыш нормы або незаконным шляхам, устаноўлена кампенсацыя ўрону прыродным рэсурсам у памеры 1,5 базавай велічыні. Асобы, вінаватыя ў здабычы дзікіх жывёл, што адносяцца да відаў, уключаных у Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь, прыцягваюцца да крымінальнай адказнасці.
Тэкст і фота: Алег БЯГАНСКІ.